Украінскі пісьменьнік Сяргей Жадан напісаў ліст са словамі падтрымкі зьняволенаму ў Расеі ўкраінскаму грамадзяніну Паўлу Грыбу.
Сяргей Жадан напісаў у Фэйсбуку, што з уласнага досьведу ведае, «як гэта — быць у Беларусі абвінавачаным у тэрарызьме».
«Калі паўтара года таму ехаў у мянтоўскім „бобіку“ начным зімовым Менскам, адзінае, чаго хацелася, — каб гэта сапраўды былі беларускія міліцыянты, а не пераапранутыя расейцы. Расслабіўся, толькі апынуўшыся за моцнымі дзьвярыма РАУС.
На месцы Паўла патэнцыйна можа апынуцца любы з нас. Расейцы вядуць вайну супраць нас. Мы ўсе для іх патэнцыйныя тэрарысты. З той простай прычыны, што мы ўкраінцы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяргею Жадану забаранілі ўезд у Беларусь ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь адмяніла забарону на ўезд украінскаму пісьменьніку ЖадануПавел Грыб зьнік у жніўні 2017 году ў беларускім Гомлі, пазьней яго знайшлі ў СІЗА ў расейскім Краснадары. Яму інкрымінуюць учыненьне злачынства па артыкуле аб тэрарызьме.
Цяпер Паўла этапавалі ў сьледчы ізалятар ФСБ у Растове-на-Доне. У інтэрвію Радыё Свабода ягоная адвакатка Марына Дубровіна сказала, што Паўла Грыба зьбілі падчас этапаваньня паміж 9 і 12 чэрвеня.
Бацька палітвязьня Ігар Грыб распавёў, што да нядаўняга часу лісты Паўлу не перадавалі наагул. Жыцьцё Паўла Грыба пад пагрозай, таму што ён жыве з інваліднасьцю, зьвязанай з парушэньнямі працы сардэчна-сасудзістай сыстэмы.
Відэаролік падрыхтаваны ў рамках сумеснага праекту Радыё Свабода і Цэнтру грамадзянскіх свабодаў «Лісты палітвязьням».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі суд адправіў на дапрацоўку справу выкрадзенага ў Беларусі ўкраінца Паўла Грыба