Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі суд адправіў на дапрацоўку справу выкрадзенага ў Беларусі ўкраінца Паўла Грыба


Паўло Грыб, архіўнае фота
Паўло Грыб, архіўнае фота

Паўночнакаўкаскі акруговы вайсковы суд Расеі адправіў на дапрацоўку справу ўкраінца Паўла Грыба, які год таму зьнік у Беларусі і пазьней быў перавезены ў Краснадар у СІЗА. Расейскія ўлады абвінавачваюць грамадзяніна Ўкраіны ў «спрыяньні тэрарызму».

«Сёньня адбылося першае паседжаньне ў разглядзе справы па сутнасьці, і літаральна пасьля таго, як зачыталі абвінаваўчы акт, адзін са сьледчых заўважыў, што артыкул, паводле якога абвінавачваецца Паўло, выкладзены ў старой рэдакцыі, якая ўжо ня дзейнічае, і суд патрабаваў прывесьці яго ў адпаведнасьць з заканадаўствам Расейскай Федэрацыі. Суд перанёс судовае паседжаньне да моманту, калі абвінавачаньне будзе прыведзена ў адпаведнасьць», — паведаміў Свабодзе Ігар Грыб, бацька абвінавачанага Паўла.

У той жа час Ігар Грыб перакананы, што такую неахайнасьць расейскіх сьледчых нельга разглядаць як спробу вызваліць ягонага сына: «Не, мяркую, на жаль, гэта немагчыма».

Ігар Грыб таксама дадаў, што ягоная жонка, маці Паўла, прысутнічала на судовым паседжаньні, але не змагла паразмаўляць з сынам.

На судзе ён вельмі кепска выглядаў

«Былі напісаныя адпаведныя запыты і хадайніцтвы, каб атрымаць для яе дазвол на сустрэчу з Паўлам, але яны пакуль не задаволеныя. Паўло ўжо амаль год за кратамі, але не было ніводнага дазволу на сустрэчу. У судзе яна таксама не змагла зь ім паразмаўляць».

Адказваючы на пытаньне аб стане здароўя сына, Ігар Грыб адзначыў: «На судзе ён вельмі кепска выглядаў».

Паўло Грыб зьнік у жніўні 2017 году ў беларускім Гомлі, пазьней яго знайшлі ў СІЗА ў расейскім Краснадары. Яму інкрымінуюць злачынства паводле артыкулу аб тэрарызьме. Бацькі Паўла перакананыя, што зь Беларусі яго выкралі расейскія спэцслужбы.

Расейская адвакатка Марына Дубровіна, якая прадстаўляе ў судзе інтарэсы Паўла Грыба, паведамляла, што ў справе адсутнічаюць матэрыялы аб тым, што ўкраінец быў выкрадзены ў Беларусі.

«Афіцыйная вэрсія — ён самастойна перайшоў мяжу і трапіў у Смаленскую вобласьць, горад Ярцава, а там быў ужо затрыманы», — адзначыла адвакат.

Паўла Грыьа лечаць за кратамі і адмаўляюцца вызваліць

Марына Дубровіна адзначыла, што Паўло Грыб ня мае доступу да мэдычнай дапамогі, нягледзячы на цяжкае захворваньне — летась ён мог набываць некаторыя лекі за грошы, пералічаныя яму на рахунак украінскімі дыпляматамі, але, пачынаючы з 2018 году, ніякіх мэдыкамэнтаў не прымае.

«Стан ягонага здароўя пагаршаецца», — дадала яна.

Паводле адвакаткі, прызнальныя паказаньні Паўло Грыб даў падчас этапаваньня са Смаленскай вобласьці ў Краснадарскі край. Раней украінца ўтрымлівалі ў сьледчым ізалятары ўпраўленьня ФСБ па Краснадарскім краі, а цяпер яго перавезьлі ў ізалятар сьледчага ўпраўленьня ФСБ Растоўскай вобласьці. Суд таксама праходзіць у Растове. Паўло Грыб не прызнае сваёй віны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG