Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада Ўкраіны шкадуе, што Шуневіч ня ведае Жадана


Сяргей Жадан паказвае, што яму паставілі штамп у пашпарт, што яму забаронены ўезд у Беларусь. Менск, 11 лютага 2017 году
Сяргей Жадан паказвае, што яму паставілі штамп у пашпарт, што яму забаронены ўезд у Беларусь. Менск, 11 лютага 2017 году

Амбасада Ўкраіны ў Менску выступіла з камэнтаром да ўчорашняй заявы міністра ўнутраных спраў Беларусі Ігара Шуневіча, пра тое што ён ня ведае пісьменьніка Сяргея Жадана, якога менская міліцыя ў лютым затрымала і прыняла пастанову аб дэпартацыі нібыта за датычнасьць да тэрарызму.

«Амбасада Ўкраіны шчыра шкадуе, што міністар унутраных спраў спадар Ігар Анатолевіч Шуневіч ня ведае пра тое, што імя Сяргея Жадана вядомае далёка за межамі Ўкраіны. Ён зьяўляецца ляўрэатам шматлікіх прэстыжных міжнародных прэміяў, у тым ліку на Маскоўскай кніжнай выставе-кірмашы ў 2008 г. ён быў адзначаны ў намінацыі „Кніга году“.

Амбасада лічыць, што дыскусія з гэтай нагоды зьяўляецца беспэрспэктыўнай. У той жа час дыскусія стала б прадметнай, калі б спадар міністар назваў прыкметы тэрарызму, пад якія падпадае дзейнасьць Сяргея Жадана на беларускай тэрыторыі ў адпаведнасьці з арт. 289 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь».

На сустрэчы з журналістамі, адказваючы на пытаньне «Нашай Нівы» пра затрыманьне Сяргея Жадана ў Менску на пачатку лютага, міністар сказаў: «Я добра ведаю ўкраінскую літаратуру, вывучаў яе 17 гадоў. Пісьменьніка Жадана я ня ведаю, магчыма да свайго сораму. Агулам у сьпісе непажаданых больш за 1 мільён 700 тысяч чалавек. Зь іх больш за 500 тысяч грамадзян Украіны».

11 лютага Сяргею Жадану, які прыехаў у Менск на літаратурны фэстываль, паставілі штамп у пашпарт аб забароне на ўезд у Беларусь на нявызначаны тэрмін. У нумар гатэлю ў Менску каля дзьвюх гадзін ночы да яго ўварваўся міліцэйскі патруль. Нічога не тлумачачы, міліцыянты даставілі Сяргея Жадана ў пастарунак. Сяргей Жадан распавёў Свабодзе, што ў 2015-м годзе яму быў забаронены ўезд на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі з фармулёўкай «за датычнасьць да тэрарыстычнай дзейнасьці». Сьпіс непажаданых асобаў у Расеі агульны зь Беларусьсю і Казахстанам. Аднак пасьля афіцыйных пратэстаў з боку Міністэрства замежных спраў Украіны беларускія ўлады анулявалі забарону на ўезд Жадана ў Беларусь. Рашэньне было прынятае цягам некалькіх гадзін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG