Хваля аблаваў і адвольных затрыманьняў «у дачыненьні да незалежных выдаўцоў і журналістаў у Беларусі дэманструе дзеяньне новых нормаў, якія абмяжоўваюць дзейнасьць СМІ ў інтэрнэце», заявіў спэцыяльны дакладчык ААН па пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Міклаш Харасьці, паведамляе БелаПАН.
Тэкст ягонай заявы апублікаваны на сайце ўпраўленыя вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.
Харасьці перасцярог улады Беларусі ад прымяненьня карных мераў у дачыненьні да журналістаў.
Спэцдакладчык лічыць, што дзеяньні ўладаў скіраваныя на «зьнішчэньне рэшткаў журналісцкай незалежнасьці ў Беларусі».
«Тое, што мы бачым, на жаль, зьяўляецца звычайнай фальсыфікацыяй крымінальных абвінавачваньняў у дачыненьні да незалежных журналістаў. (...) Заява аб „значнай шкодзе“ крывадушная, улічваючы, што БелТА атрымлівае дастатковае фінансаваньне ад падаткаплатнікаў і нават частка іх даходаў не забясьпечваецца падпіскамі», — мяркуе Харасьці.
«На шостым годзе ажыцьцяўленьня майго мандату сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі фактычна пагаршаецца», — адзначыў на заканчэньне Харасьці.
Заява Харасьці была ўхваленая спэцдакладчыкам ААН у пытаньні аб заахвочваньні і абароне права на свабоду меркаваньняў і іх свабоднае выказваньне Дэвідам Кайе.
6 ліпеня мандат спэцдакладчыка па Беларусі быў падоўжаны яшчэ на год. Беларускія ўлады мандат спэцдакладчыка не прызнаюць.
Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць
- Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.
- Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
- 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
- Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
- 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
- Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
- Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
- Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс
- У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.