Прывезьці ядзернае паліва на БелАЭС маюць у лістападзе 2018 году. Пра гэта стала вядома са справаздачы аб паседжаньні калегіі Дзяржатамнагляду.
Таксама да канца 2018 году чыноўнікі плянуюць:
- правесьці экспэртызу бясьпекі першага блёку БелАЭС;
- правесьці стрэс-тэсты БелАЭС;
- падрыхтаваць да агляду падчас пусканаладачных прац і ўводу першага блёку БелАЭС;
- наладзіць працу «Цэнтру ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі»;
- стварыць інфармацыйна-аналітычны цэнтар Дзяржатамнагляду;
- сфарміраваць заканадаўчыя межы і падрыхтаваць правядзеньне грамадзкіх слуханьняў па ядзернай і радыяцыйнай бясьпецы;
- падрыхтавацца да місіі МАГАТЭ па ўліку і кантролю ядзерных матэрыялаў.
Беларускую АЭС будуюць за 53 км ад Вільні. Астравецкая пляцоўка для будоўлі Беларускай АЭС была прапанаваная ў адказ на ідэю разьмясьціць могільнікі Ігналінскай АЭС у Літве побач зь беларускай мяжой.
Ігналінская АЭС: Ядзерныя адкіды назаўсёды застануцца на літоўска-беларускай мяжы
Для Беларускай АЭС абраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі з выкарыстаньнем рэактара ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва чакаецца ў канцы 2018 году. Увод у эксплюатацыю першага энэргаблёку заплянаваны на 2019 год (на 1 год перанесены, плянаваўся ў 2018), другога — на 2020 год.
Указ «Аб збудаваньні Беларускай атамнай электрастанцыі» Аляксандар Лукашэнка падпісаў у 2013 годзе, а будоўля пачалася значна раней, калі не было яшчэ і праектнай дакумэнтацыі.
Беларуская АЭС узводзіцца на крэдыт, выдзелены Расеяй. На думку экспэртаў, яе кошт — прыкладна 11 мільярдаў даляраў. Меркавалася, што акупіцца яна прыкладна за 20 гадоў.