Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 пытаньняў да Дзяржатамнагляду ад эколягаў пра бясьпеку АЭС у Астраўцы


Беларуская АЭС у Астраўцы
Беларуская АЭС у Астраўцы

10 ліпеня ў агенцыі навінаў БелТА адбудзецца брыфінг Дзяржатамнагляду для журналістаў наконт справаздачы эўрапейскіх экспэртаў (рэгулятараў), якія ацанілі бясьпеку Беларускай АЭС. Гэтая ацэнка была зробленая сёлета на падставе стрэс-тэстаў атамнай станцыі ў Астраўцы, праведзеных годам раней. Паводле незалежных назіральнікаў, Дзяржатамнагляд зьбіраецца адрапартаваць, што эўрапейскія рэгулятары ў выніку сваёй праверкі пацьвердзілі бясьпеку АЭС, якую будуюць у Беларусі.

Незалежныя назіральнікі зь недзяржаўнай арганізацыі «Экадом», Беларускай партыі зялёных і Greenpeace папярэджваюць, што рабіць высновы пра бясьпеку БелАЭС зарана. Тацяна Новікава з «Экадому» мяркуе, што ніякіх добрых высноў рэгулятары не рабілі.

Тацяна Новікава
Тацяна Новікава

«Яны сапраўды ацанілі даклад, які летась у лістападзе падрыхтаваў Дзяржатамнагляд пасьля правядзеньня стрэс-тэстаў дакумэнтацыі АЭС у Астраўцы. Дарэчы, гэтыя стрэс-тэсты Беларусь мусіла зрабіць яшчэ 5 гадоў таму. Цяпер адзначана як станоўчае тое, што даклад зьявіўся на сайце Дзяржатамнагляду і ў грамадзкасьці ёсьць магчымасьць браць удзел у абмеркаваньні. Але мы ведаем, што эўрапейскія рэгулятары задалі беларускім спэцыялістам ажно 460 пытаньняў пра АЭС у Астраўцы, у тым ліку якія тычацца бясьпекі. Цяпер Дзяржатамнагляд будзе працаваць над Нацыянальным плянам дзеяньняў у выпраўленьні заўваг. Але якіх менавіта? І ці зможа грамадзкасьць кантраляваць гэты працэс?»

З дапамогай экспэрта Greenpeace ў галіне атамнай энэргетыкі Яна Гаверкампа і Тацяны Новікавай з «Экадому» Свабода сфармулявала 5 пытаньняў да Дзяржатамнагляду Беларусі пра бясьпеку АЭС у Астраўцы. Карэспандэнт Свабоды пастараецца задаць гэтыя пытаньні на прэсавай канфэрэнцыі Дзяржатамнагляду 10 ліпеня.

1. Якія захады будуць прымацца, каб павялічыць устойлівасьць Беларускай АЭС на выпадак землятрусу?

Беларуская АЭС
Беларуская АЭС

Ян Гавэркамп нагадаў, што блізу будаўнічай пляцоўкі Беларускай АЭС у 1908 годзе адбыўся землятрус інтэнсіўнасьцю 7 балаў, але гэты факт, на думку экспэртаў, ня быў дастаткова вывучаны пры выбары месца будаўніцтва ці нават увогуле праігнараваны. Некаторыя навукоўцы мяркуюць, што рызыка паўтору землятрусу застаецца, а праект, паводле якога будуецца АЭС у Астраўцы, гэтую рызыку ўлічвае недастаткова. Экспэрт прапануе Дзяржатамнагляду і грамадзкасьці засяродзіць увагу і на пытаньні бясьпекі ў выпадку землятрусу.

2. Што прадугледжана на выпадак падтапленьня АЭС у Астраўцы?

Паводле Яна Гавэркампа, аварыя на японскай АЭС у Фукусіме цалкам зьмяніла ранейшыя ўяўленьні пра бясьпеку атамных станцый і зрабіла актуальнымі шэраг рызык, якія раней амаль не ўлічваліся. У тым ліку гаворка пра рызыку падтапленьня ў выніку залевы.

Ян Гавэркамп
Ян Гавэркамп

«Экспэрты не думаюць, што рака Вілія ў выніку веснавой паводкі можа выйсьці зь берагоў настолькі, што гэта стане небясьпечна для станцыі, але летнія зацяжныя залевы становяцца нормай і для вашай мясцовасьці. Наколькі гэтая рызыка ўлічаная?» — задаецца пытаньнем экспэрт і раіць дамагацца, каб гэты фактар таксама не ігнараваўся.

3. Што рабіць у выпадку аварыйнага адключэньня ад станцыі вялікай колькасьці спажыўцоў энэргіі?

Значная тэхнічная аварыя на лініі электраперадачы ад АЭС да спажыўцоў ня менш небясьпечная, чым тэхнічная аварыя на самой станцыі. Так званы блэкаўт можа прывесьці да залішняга запасу энэргіі і цяпла на АЭС, а гэта новая рызыка для людзей, якія жывуць блізу станцыі і навакольля. На думку экспэртаў Greenpeace гэтае пытаньне для Беларускай АЭС застаецца таксама актуальным. Па-першае, таму, што яна будуецца па састарэлым праекце, і па-другое, дагэтуль няма яснасьці з тым, хто будзе асноўным спажыўцом выпрацаванай на АЭС электраэнэргіі.

4. Чаму Расатамнагляд дамінуе ў пытаньнях бясьпекі над беларускім Дзяржатамнаглядам?

Паводле Яна Гавэркампа расейскае агенцтва атамнага нагляду («Росатомнадзор») дыктуе беларускаму Дзяржаўнаму камітэту атамнага нагляду, што яму рабіць дзеля гарантаваньня бясьпекі АЭС, а не наадварот. І гэта вельмі небясьпечна.

«Калі ў Брусэлі паднялі пытаньне пра землятрус у Гудагаі, дык расейскі прадстаўнік адказаў літаральна гэтак: „Чаму мы мусім арыентавацца на газэтную заметку стогадовай даўніны, якую ніхто не правяраў?“» — згадаў Ян Гавэркамп нядаўнюю дыскусію ў Бэльгіі з удзелам прадстаўнікоў Беларусі і Расеі.

Ілюстрацыйнае фота. Будаўніцтва Беларускай АЭС. Кастрычнік 2017 году
Ілюстрацыйнае фота. Будаўніцтва Беларускай АЭС. Кастрычнік 2017 году

Экспэрт параіў беларусам браць прыклад зь Фінляндыі, дзе таксама будуецца АЭС паводле расейскага праекту і дзе пасьля ўмяшаньня грамадзкасьці будоўля замарожаная, а ў праект уносяць значныя зьмены, накіраваныя на падвышэньне бясьпекі.

Паводле Тацяны Новікавай з «Экадому», Расатамнагляд ужо заявіў, што стрэс-тэсты Беларусай АЭС пацьвердзілі яе бясьпеку, але гэтую выснову экспэрт лічыць заўчаснай.

«Спадзяюся, Нацыянальны плян дзеяньняў, які будзе падрыхтаваны з улікам меркаваньня эўрапейскіх экспэртаў, не паўторыць гэтай памылкі».

5. Колькі будуць каштаваць дадатковыя захады бясьпекі Беларускай АЭС?

У краінах Эўразьвязу, паводле Яна Гавэркампа, па-рознаму рэагуюць на новыя патрабаваньні да бясьпекі атамных станцый, якія сталі актуальнымі пасьля аварыі на Фукусіме. У Францыі, дзе дзясяткі дзейных АЭС, выдаткавалі на новыя захады бясьпекі прыкладна па 800 мільёнаў эўра на кожную станцыю, і гэтыя грошы ўжо актыўна засвойваюцца. Але ў суседняй Бэльгіі небясьпеку, на думку экспэрта Greenpeace, недаацэньваюць і грошай выдзяляюць мала. Тое самае і ў Славакіі. А ў Нямеччыне ўвогуле вырашылі, што таньней будзе паступова закрыць усе АЭС і пераарыентавацца на іншыя крыніцы энэргіі, найперш аднаўляльныя. Якім шляхам пойдзе Беларусь?

Беларуская АЭС: спыніць нельга палепшыць. Дзе паставіць коску?

Ян Гавэркамп лічыць за лепшае ня ўмешвацца ў выбар беларусаў, але раіць арыентавацца на нацыянальныя інтарэсы, сярод якіх галоўныя — здароўе людзей, захаваньне прыроды і бясьпека.

А на думку старшыні грамадзкай арганізацыі «Экадом» Тацяны Новікавай, Беларусі лепш цалкам адмовіцца ад плянаў будаўніцтва АЭС, і зрабіць гэта, на думку экспэрта, яшчэ ня позна. Тацяна Новікава прывяла прыклад Баўгарыі, дзе пасьля ўсебаковай экспэртызы адмовіліся ад будаўніцтва атамнай станцыі паводле расейскага праекту ў горадзе Бэленэ.

5 нязручных пытаньняў уладам пра Беларускую АЭС

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG