Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская АЭС прайшла стрэс-тэст Эўразьвязу, але Літва па-ранейшаму занепакоеная


Будоўля Беларускай АЭС, кастрычнік 2017
Будоўля Беларускай АЭС, кастрычнік 2017

Беларуская АЭС, якая будуецца ў Астраўцы, «у цэлым адпавядае патрабаваньням стрэс-тэсту».

Вынікі стрэс-тэсту былі апублікаваныя ў дакладзе, прадстаўленым 3 ліпеня эўрапейскай камандай экспэртаў, якая складалася з адмыслоўцаў з чатырнаццаці краін-чальцоў ЭЗ, а таксама Швэйцарыі, Украіны і Эўрапейскай камісіі. Стрэс-тэст быў прызначаны для ацэнкі, наколькі станцыі пагражаюць небясьпекі, якія прывялі да катастрофы на японскай АЭС Фукусіма.

Стрэс-тэсты БелАЭС рабіліся ў 2016 годзе. Ацэньваліся імаверныя ўплывы на станцыю землятрусаў, затапленьняў ды іншых экстрэмальных умоваў.

Аднак пытаньне блізкасьці Беларускай АЭС да сталіцы суседняй дзяржавы — Літвы, наагул не разглядалася падчас стрэс-тэсту.

Літва, азнаёміўшыся з вынікамі экспэртызы, падкрэсьліла, што стрэс-тэст не зьяўляецца агульнай ацэнкай бясьпекі станцыі і заклікала Эўрапейскую камісію націснуць на Беларусь, каб Менск прыняў рэкамэндаваныя меры па паляпшэньню ядзернай бясьпекі. Вільня таксама заклікала Эўракамісію паставіць супрацу Эўразьвязу з Беларусьсю ў залежнасьць ад рэалізацыі гэтых рэкамендацыяў.

Чальцы каманды экспэртаў задалі беларускім уладам у сувязі зь бясьпекай АЭС 460 пытаньняў, якія тычыліся найперш здольнасьці станцыі супрацьстаяць экстрэмальным прыродным зьявам, плянам дзеяньняў у выпадку доўгатэрміновага адключэньня станцыі і дзеяньняў у сытуацыях цяжкіх аварыяў.

Экспэрты выдалі рэкамэндацыі адносна дасьледаваньняў сэйсьмічнай сытуацыі ў рэгіёне, а таксама стварэньня альтэрнатыўных крыніцаў энэргасілкаваньня ў выпадку доўгатэрміновага збою ў працы станцыі.

Марк Фоў, галоўны інспэктар брытанскага Ўпраўленьня па ядзернай бясьпецы, чалец міжнароднай каманды, якая праводзіла стрэс-тэсты на Беларускай АЭС, патлумачыў карэспандэнту Радыё Свабода Рыкарду Ёзьвяку, што стрэс-тэст быў распрацаваны выключна ў адказ на тое, што адбылося на Фукусіме, дзе цунамі разам зь землятрусам прывялі ў 2011 годзе да аварыі на АЭС. Ён падкрэсьліў, што праверка ня тычылася разьмяшчэньня станцыі.

АЭС у Астраўцы ўжо на стадыі плянаваньня і будаўніцтва выклікала нэгатыўную рэакцыю Літвы, чыя сталіца Вільня знаходзіцца на адлегласьці 50 кілямэтраў ад Астраўца. Літва заяўляе, што Менск пры плянаваньні разьмяшчэньня станцыі праігнараваў рэкамэндацыю Міжнароднага агенцтва па ядзернай энэргетыцы, паводле якой АЭС не павінны будавацца бліжэй за 100 кілямэтраў ад буйных населеных пунктаў.

Пасольства Літвы пры Эўразьвязе пасьля абнародаваньня вынікаў стрэс-тэсту выдала адмысловую заяву. У ёй гаворыцца, што «Нягледзячы на тое, што стрэс-тэст зьяўляецца важным мерапрыемствам, якое дазваляе даць ацэнку ўзроўню ядзернай бясьпекі ў сьвятле ўрокаў аварыі на АЭС Фукусіма, мы павінны прызнаць, што гэта ня ёсьць ацэнкай агульнай бясьпекі АЭС».

Літва чакае, што Эўрапейская камісія па-ранейшаму будзе займацца ўмацаваньнем ядзернай бясьпекі ў Беларусі шляхам кантролю за выкананьнем рэкамендацыяў і што «ажыцьцяўленьне рэкамендацыяў варта разглядаць у якасьці ўмовы для далейшага супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і ЭЗ».

Пасольства Літвы мяркуе, што рэактар ​у Астраўцы не павінен атрымаць ліцэнзію на дзейнасьць «пакуль рэкамэндацыі ня будуць выкананыя».

Запуск першага блёку Беларускай АЭС заплянаваны на сьнежань 2019 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG