Міністэрства фінансаў Беларусі падрыхтавала новую рэдакцыю Падатковага кодэксу. Цяпер дакумэнт праходзіць узгадненьне ў шэрагу міністэрстваў і ведамстваў. Мяркуецца, што неўзабаве ён паступіць у Палату прадстаўнікоў, дзе будзе разглядацца на восеньскай сэсіі.
9 жніўня намесьнік міністра фінансаў Дзьмітры Кійко і намесьніца міністра па падатках і зборах Эла Сяліцкая прадставілі журналістам гэты законапраект. Карэспандэнт Свабоды занатаваў 8 найбольш цікавых прапаноў.
- Падаткаплатнік лічыцца сумленным да той пары, пакуль ня будуць юрыдычна даказаныя парушэньні ім заканадаўства.
- Падаткаплатнік атрымае права здаць свае дакумэнты ў любую падатковую інспэкцыю Беларусі, а ня толькі ў тую, дзе ён зарэгістраваны згодна зь месцам жыхарства, як цяпер.
- Пеня за парушэньні выплаты падаткаў налічваецца ня больш як за апошнія 5 год, а не за 10, як цяпер.
- Калі хтосьці дае гарантыю, што ён сплаціць доўг падаткаплатніка, то дзейнасьць падаткаплатніка не прыпыняецца цягам трох месяцаў. Такой нормы цяпер наагул не існуе.
- Падаткаплатнік атрымае права падаваць скаргу на раённую падатковую інспэкцыю ня толькі ў абласную інспэкцыю, як цяпер, але і адразу ў Міністэрства па падатках і зборах.
- Скасаваць права мясцовых саветаў павялічваць да 10 разоў стаўку падатку на нерухомасьць, якая не выкарыстоўваецца або выкарыстоўваецца неэфэктыўна.
- Адмяніць павышальны каэфіцыент 10 да зямельнага падатку за ўчасткі, якія выдаваліся ў часовае карыстаньне, але своечасова ня вернутыя.
- Адмяніць збор за праезд аўтамабіляў замежных дзяржаў па дарогах агульнага карыстаньня з улікам стварэньня ў Беларусі сеткі платных дарог.