Найбольшы задэкляраваны прыбытак па Менску ў 2017 годзе склаў 58,9 мільёна рублёў, піша БелТА са спасылкай на начальніцу інспэкцыі Міністэрства па падатках і зборах па Менску Вольгу Кішко. Падатак з гэтай сумы склаў 7 мільёнаў рублёў.
Як піша Tut.by, рэкордны падатак — 7 мільёнаў рублёў з прыбытку ад інвэстыцыйнай дзейнасьці — заплаціў ІТ-прадпрымальнік Віктар Пракапеня. Як фізычная асоба ён буйны падаткаплатнік мінімум 5 апошніх гадоў і лідэр па суме сплачаных у Беларусі падаткаў.
Паводле Tut.by, агульная сума сплачанага ўсімі беларусамі падаходнага падатку на год — 4,3 мільярда рублёў. Такую суму маглі б забясьпечыць 620 бізнэсоўцаў узроўню Пракапені.
Паводле БелТА, агулам дэклярацыі аб прыбытку здалі 11,7 тысячы менчукоў. Пасьля пераліку дэклярацый 7,8 тысячы чалавек мусілі сплаціць 36,4 мільёна рублёў падаткаў. З улікам падатковых вылікаў 330 грамадзянам вярнулі 993 тысячы рублёў.
У красавіку 2015 году Пракапеню затрымалі за ўхіленьне ад сплаты падаткаў. Паводле Сьледчага камітэту, бізнэсовец прадаваў ІТ-тэхналёгіі без адпаведнай дзяржаўнай рэгістрацыі. У сьнежні 2015 Пракапеню вызвалілі пасьля сплаты кампэнсацыі. У 2016 годзе крымінальныя справы супраць бізнэсоўца закрылі на падставе адсутнасьці складу злачынства — падатковая і іншыя праверкі ня выявілі парушэньняў.
У сьнежні 2017 году стала вядома, што з шэрагу беларускіх недзяржаўных выданьняў была выдалена інфармацыя пра затрыманьне Пракапені ў 2015 годзе.