За першае паўгодзьдзе 2018 году падатковая разгледзела больш за 23 тысячы заяваў ад беларусаў, якія пажадалі вярнуць раней выплачаны імі збор на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў. Усяго вярнулі амаль 7 мільёнаў 370 тысяч рублёў, паведамілі Finance.tut.by ў Міністэрстве па падатках і зборах.
Паводле дэкрэту № 1 «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», тым, хто заплаціў збор на фінансаваньне дзяржвыдаткаў, павінны вярнуць грошы. Для гэтага трэба напісаць заяву ў падатковую інспэкцыю па месцы жыхарства і падаць дакумэнт, які пацьвярджае асобу.
Грошы падаткавікі вяртаюць або на рахунак у беларускім банку, або гатоўкай у касах «Беларусбанка» цягам месяца з дня падачы заявы.
25 студзеня 2018 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1 «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва». Ён прыйшоў на зьмену дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» ад 2 красавіка 2015 году.
Першапачатковы дэкрэт аб «дармаедах» абавязваў грамадзян Беларусі, іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія жывуць на тэрыторыі краіны і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаваньні менш як 183 каляндарныя дні за год, выплачваць збор у 20 базавых велічынь. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.
Тэрмін выплаты збору скончыўся 20 лютага 2017 году. Паводле зьвестак Міністэрства падаткаў і збораў, збор аплацілі 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні.
У новы дэкрэт не ўвайшлі нормы аб зьбіраньні з працаздольных грамадзян, якія не працуюць, збору на фiнансаваньне дзяржаўных выдаткаў. Пры гэтым асобы, якіх раней абавязалі плаціць гэты збор, вызваленыя ад яго выплаты.
Замест гэтага незанятыя ў эканоміцы грамадзяне будуць плаціць па поўных тарыфах за некаторыя камунальныя паслугі: за гарачае вадазабесьпячэньне (з 1 студзеня 2019 году), за газ пры наяўнасьці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў і цеплазабесьпячэньня — з 1 кастрычніка 2019 году. Поўную плату за камуналку будуць браць толькі з «дармаедаў», у якіх ёсьць сваё жыльлё.
Краіна дармаедаў. Спэцпраект Свабоды
Дэкрэт № 3 выклікаў хвалю пратэстаў у Беларусі ўвесну 2017-га. Удзельнікі «Маршаў недармаедаў» патрабавалі яго адмяніць. Вулічныя акцыі разганяла міліцыя, іх удзельнікаў штрафавалі і каралі адміністрацыйнымі арыштамі.
У сакавіку, пасьля масавых акцыяў пратэсту па ўсёй краіне, Лукашэнка пастанавіў прыпыніць дзеяньне дэкрэту на год, але пазьней заявіў, што не адмовіўся ад «падатку на дармаедаў».