Беларуска-кіргіскі дэтэктыў. Ці хутка каля Драздоў зьявіцца пасёлак «Беглыя злачынцы»

Данііл Урыцкі, у якім пазналі былога прэм’ер-міністра Кіргізстану Даніяра Ўсенава

Беларусь усё больш становіцца прыстанішчам беглых палітыкаў, якія ў сваіх краінах зазнаюць крымінальны перасьлед.

Яшчэ не пасьпеў забыцца скандал з наданьнем статусу ўцекача былому міністру абароны Ўкраіны, экс-амбасадару ў Беларусі Міхаілу Ежалю, якога завочна судзяць у Кіеве, як грымнула новая скандальная гісторыя, вельмі падобная да палітычнага дэтэктыву.

27 ліпеня беларускія сродкі масавай інфармацыі паведамілі пра мерапрыемства па запуску будаўніцтва заводаў ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя». Ва ўрачыстасьцях з гэтай нагоды ўдзельнічалі высокія дзяржаўныя чыноўнікі, у прыватнасьці віцэ-прэмʼер Беларусі Міхаіл Русы. Дырэктар гэтай кампаніі — Данііл Урыцкі, фатаздымкі якога зьявіліся ў мэдыя.

І вось тут дасьведчаныя людзі пазналі ў гэтым чалавеку былога прэм’ер-міністра Кіргізстану Даніяра Ўсенава, які ўцёк з краіны пасьля падзей 2010 году. На радзіме палітык завочна асуджаны на пажыцьцёвы тэрмін за саўдзел у забойстве, спробу забойства, злоўжываньне службовым становішчам і іншыя злачынствы.

Даніяр Усенаў, 2009 год

І ўжо 28 ліпеня ў Міністэрства замежных спраў Кіргізстану выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Бішкеку Сяргея Іванова і выказалі рашучы пратэст. 30 ліпеня зьявілася паведамленьне прэс-службы Генпракуратуры Кіргізстану, што пракуратура працягвае дамагацца ад Беларусі экстрадыцыі былога прэм’ер-міністра краіны Даніяра Ўсенава, які пражывае ў Менску пад імем Данііла Ўрыцкага.

Асаблівае стаўленьне Менску да апальных палітыкаў

Прыязнае стаўленьне беларускіх уладаў да апальных палітыкаў з краінаў, у якіх існуюць аўтарытарныя рэжымы, — зьява вядомая. Даўно заўважаная нейкая цяжка вытлумачальная з рацыянальнага гледзішча, містычная сымпатыя Аляксандра Лукашэнкі да зрынутых дыктатараў. Ён выказваў гатоўнасьць даць палітычны прытулак лідэру Югаславіі Слабадану Мілошавічу, дыктатару Ірака Садаму Хусэйну. Былому прэзыдэнту Кіргізстану Курманбеку Бакіеву, якога прывезьлі ў Менск на прэзыдэнцкім самалёце, Лукашэнка даў беларускае грамадзянства. У Беларусі знаходзіцца і брат Курманбека Бакіева, экс-старшыня Службы дзяржаўнай аховы Жаныш Бакіеў, асуджаны кіргіскім судом на пажыцьцёвае зьняволеньне.

Курманбек Бакіеў

Яшчэ адна напалову дэтэктыўная гісторыя з гэтага шэрагу. 14 чэрвеня 2014 году адбылася тэлефонная размова расейскага пранкера, аматара розыгрышаў па мянушцы Vovan222 з Аляксандрам Лукашэнкам. Ён прадставіўся сынам зрынутага ўжо на той час Віктара Януковіча і ад імя бацькі папрасіў, калі магчыма, даць былому прэзыдэнту Ўкраіны прытулак у Беларусі. У якасьці падзякі суразмоўца паабяцаў падарыць беларускаму лідэру залаты батон. Аляксандар Лукашэнка, не адчуўшы падвоху, запрасіў Віктара Януковіча ў Беларусь і абяцаў выдзеліць ахову.

Vovan222: Лукашэнка ў мяне першы

Палітычны прытулак даюць ня ўсім

Зьвярнуў бы ўвагу, што кіраўніцтва Беларусі дае палітычны прытулак далёка ня ўсім. Журналістаў, праваабаронцаў, дысыдэнтаў, якія спрабавалі хавацца ў Беларусі ад палітычнага перасьледу на радзіме, беларускія ўлады, як правіла, высылаюць. У 2017 годзе Менск экстрадзіраваў у Азэрбайджан блогера Аляксандра Лапшына, які быў грамадзянінам трох краін — Расеі, Ізраілю і Ўкраіны. У выніку незадаволенасьць выказалі ўсе тры гэтыя краіны, плюс Армэнія.

Тут цікава, што ў адказ на запыт Генпракуратуры Кіргізстану, якая летась зьвярнулася да беларускіх уладаў з прапановай выдаць Даніяра Ўсенава, беларуская Генпракуратура адмовіла на той падставе, што ўгледзела ў пазыцыі Бішкеку палітычную падаплёку.

То бок у такім стаўленьні да ўцекачоў з замежжа беларускія ўлады пасьлядоўна вытрымліваюць пэўную лінію, якая вынікае з прыроды палітычнага рэжыму. Розных блогераў, журналістаў, праваабаронцаў, дысыдэнтаў — як сваіх, так і чужых — улады ня любяць. Таму і высылаюць.

Экстрадзіраваны зь Беларусі ў Азэрбайджан блогер Аляксандар Лапшын, 2017 год

А вось замежных палітыкаў, якія пацярпелі у выніку рэвалюцый, улады прывячаюць, шануюць, даюць статус уцекача. Бо адчуваюць роднасьць рэжымаў, прымяраюць гэтую сытуацыю на сябе і ўпэўненыя, што любая ўлада — рэч сакральная, любы замах на яе — гэта злачынства. У гэтым і палягае палітычная падаплёка, на якую спасылаецца беларуская Генпракуратура. І хоць Беларусь нясе страты, псуючы адносіны з тымі краінамі, грамадзяне якіх уцякаюць ад нацыянальнага правасудзьдзя ў Менск, гэтыя ідэалягічныя ці нават псыхалягічныя чыньнікі аказваюцца мацнейшымі.

Варта зьвярнуць увагу на новую зьяву. Палітыкам-уцекачам пачалі мяняць прозьвішчы, каб ім лепш было хавацца. І пачынаюць даваць важныя пасады.

Таму хутка паблізу Драздоў можа ўзьнікнуць адмысловы пасёлак з умоўнай назвай «Беглыя злачынцы».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Генпракуратура Беларусі ня ведае, дзе былы прэм'ер Кіргізстану, выдачы якога патрабуе Бішкек

Курманбек Бакіеў пра сяброўства з Лукашэнкам, страчаную маёмасьць, прысуды, суды і вайсковыя базы

Катэдж замест турмы: раўбіцкая альтэрнатыва кіргіскага «казнакрада»