Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура Беларусі ня ведае, дзе былы прэм'ер Кіргізстану, выдачы якога патрабуе Бішкек


Данііл Урыцкі (або Усенаў?). Фота: БелаПАН
Данііл Урыцкі (або Усенаў?). Фота: БелаПАН

Генпракуратура Беларусі адмовіла кіргіскім уладам у выдачы былога прэм’ер-міністра Кіргізстану Даніяра Ўсенава. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі ў прэс-службе Генпракуратуры Беларусі.

Паводле намесьніка начальніка аддзелу інфармацыі, афіцыйнага прадстаўніка Генпракуратуры Дзьмітрыя Брылёва, адмова выдадзеная 7 ліпеня на падставе падпункту «е» пункту 1 артыкула 89 кішынёўскай канвэнцыі («Канвэнцыя аб прававой дапамозе і прававых стасунках па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах» ад 7 кастрычніка 2002 году). Беларускі бок, па словах Брылёва, меў важкія падставы меркаваць, што запыт аб выдачы Ўсенава зьвязаны зь яго перасьледам па прыкмеце палітычных перакананьняў.

Запыт ад кіргіскай пракуратуры аб выдачы Даніяра Ўсенава Генпракуратура Беларусі атрымала сёлета ў сакавіку — для выканьня прысуду Першамайскага раённага суду Бішкеку ад 7 чэрвеня 2013 году.

Паводле Дзьмітрыя Брылёва, у законную сілу гэты прысуд уступіў толькі 11 лютага 2015 году. Даніяр Усенаў быў асуджаны на 15 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці за злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі і парушэньне зямельнага заканадаўства.

Як расказаў афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры, у 2017 годзе кіргіскія ўлады прасілі згодна з кішынёўскай канвэнцыяй знайсьці Даніяра Ўсенава на тэрыторыі Беларусі і затрымаць яго. Генпракуратура і ў гэтым адмовіла, спасылаючыся на 21 артыкул канвэнцыі, бо гэта можа нанесьці шкоду сувэрэнітэту або бясьпецы краіны.

«Мы не казалі, што Ўсенаў знаходзіцца ці не знаходзіцца на нашай тэрыторыі»

Ці азначаюць гэтыя дакумэнты, што Генпракуратура Беларусі прызнала, што Даніяр Усенаў знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі?

Даніяр Усенаў (Урыцкі?) трэці зьлева. На мерапрыемстве па запуску будаўніцтва комплексу заводаў ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя» 27 ліпеня. Фота: Tut.by.
Даніяр Усенаў (Урыцкі?) трэці зьлева. На мерапрыемстве па запуску будаўніцтва комплексу заводаў ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя» 27 ліпеня. Фота: Tut.by.

«Пра гэта мы не казалі. Тут можна рабіць розныя высновы. Выдача ці адмова ў выдачы магчымая, калі асоба знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. То бок калі мы маем прадмет для размовы.

Але мы не казалі, што Ўсенаў знаходзіцца ці не знаходзіцца на нашай тэрыторыі. Мы проста адмовілі ў выдачы, бо Ўсенаў мае праблемы ў Кіргізстане з прычыны сваіх палітычных перакананьняў.

А знаходзіцца ці не знаходзіцца на нашай тэрыторыі Ўсенаў ці Ўрыцкі, як пішуць у СМІ, адна гэта асоба ці розныя, пра гэта мы не пісалі. У прысудзе кіргіскага боку значыцца Ўсенаў. Таму мы і працавалі з Усенавым», — патлумачыў афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры Беларусі.

Кіргізстан накіраваў ноту пратэсту Беларусі праз дырэктара БНБК Урыцкага, у якім апазналі іншага чалавека

Беларускія мэдыя 27 ліпеня апублікавалі фатаграфіі чалавека, вонкава падобнага да былога прэм’ер-міністра Кіргізстану Даніяра Ўсенава, які ўцёк з краіны пасьля падзей 2010 году. Адзін з карэспандэнтаў пасьпеў пагаварыць з таямнічым прадпрымальнікам, у пашпарце якога запісана — Данііл Урыцкі.

Інфармацыя пра тое, што Даніяр Усенаў пражывае ў Беларусі пад імем Данііла Ўрыцкага, упершыню зьявілася ў беларускіх СМІ ў сьнежні 2017 году.

Адразу пасьля гэтага прадстаўнікі грамадзкага абʼяднаньня «Айкол Ала-Тоо» 14 сьнежня на мітынгу ў Бішкеку запатрабавалі выдаць Даніяра Ўсенава — Данііла Ўрыцкага Кіргізстану.

Раней прэс-сакратар Дзяржаўнай рэгістрацыйнай службы Меліс Эржыгітаў паведамляў, што сярод асобаў, якія адмовіліся ад грамадзянства Кіргізстану, Даніяра Ўсенава няма.

Даніяр Усенаў пасьля падзей 2010 году быў абвінавачаны ў цяжкіх злачынствах і завочна асуджаны на пажыцьцёвы тэрмін. Пасьля гэтага не зьявілася ніводнай яго фатаграфіі.

Былы прэзыдэнт Курманбек Бакіеў пасьля падзей 2010 году таксама ўцёк у Беларусь, цяпер ён жыве ў Менску. Яго сын Максім Бакіеў пражывае ў Лёндане.

Брат Курманбека Бакіева, экс-старшыня Службы дзяржаўнай аховы Жаныш Бакіеў асуджаны судом на пажыцьцёвае зьняволеньне. Паведамляецца, што ён цяпер у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG