У ноч на 28 ліпеня ў Бараўлянах пад Менскам супрацоўнікі Галоўнага ўпраўленьня па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў «спынілі дзейнасьць падпольнага бардэля», піша прэс-служба МУС.
Сьцісла:
- Арганізатараў сэкс-вечарынаў абвінавачваюць у арганізацыі ці садзейнічаньні прастытуцыі.
- Пасьля спэцапэрацыі МУС уласьнік прыпыніў продаж катэджа, дзе праходзілі вечарыны.
- Удзельнікі вечарыны кажуць пра запалохваньні і гвалт з боку супрацоўнікаў міліцыі, якія праводзілі затрыманьні.
Што адбылося?
Падчас спэцапэрацыі ў катэджы затрымалі каля 30 чалавек, піша Naviny.by са спасылкай на аднаго з удзельнікаў вечарыны Сямёна.
Паводле МУС, на момант спэцапэрацыі ў катэджы знаходзіліся 34 мужчыны і 18 дзяўчат, сярод якіх былі сямейныя пары і студэнты.
Узрост удзельнікаў: ад 20 да 45 гадоў.
У дачыненьні да арганізатараў вечарыны, мужчын 1979 г.н. і 1987 г.н., Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 171 КК Беларусі «Арганізацыя і (ці) выкарыстаньне прастытуцыі ці стварэньне ўмоваў для заняцьця прастытуцыяй». Гэты артыкул прадугледжвае ад 3 да 5 гадоў турмы.
Продаж катэджа прыпынілі
Вечарыны праводзіліся ў бараўлянскім катэджы па адрасе Бярозавы Гай, 38. Дом выставілі на продаж і здавалі ў арэнду для правядзеньня:
- вясельляў;
- хлапечнікаў і дзявочнікаў;
- закрытых вечарынаў.
Кошт арэнды: ад 200 даляраў за 15 чалавек.
Максымальная ўмяшчальнасьць: 50 чалавек.
Спальных месцаў: 20.
Пасьля міліцэйскай аблавы ўласьнік зьняў катэдж з продажу, сказаў Радыё Свабода рыэлтар Вячаслаў, які займаўся продажам дома. Цяпер з продажам гэтага катэджа ў агенцтваў нерухомасьці будуць цяжкасьці, мяркуе рыэлтар, а пакуль уласьнік будзе шукаць новых арандатараў.
Вячаслаў кажа, што ў міліцыі ўжо ўзьнікалі пытаньні да арандатара, які ладзіў у катэджы сэкс-вечарыны.
«Спрабуюць прыцягнуць (да адказнасьці. — РС) чалавека за прастытуцыю. Гэта ня першая лухта ў яго такая. Я ня ведаю, ці то людзям вочы мазоліць, што людзі так адпачываюць, ці то гэта барацьба ўнутры сьвінг-супольнасьці», — кажа пра арандатара Вячаслаў.
Што кажуць у міліцыі?
Паводле вэрсіі сьледзтва, з 2016 па 2018 гады два беспрацоўныя менчукі здымалі катэдж для правядзеньня закрытых платных сэкс-вечарынаў. Кліентаў шукалі праз знаёмых і абвесткі ў сацсетках і мэсэнджэрах.
Уваход каштаваў:
- для жанчын — бясплатна;
- для мужчын — ад 200 да 370 рублёў;
- для пары — 120 рублёў.
Грошы за ўдзел пераводзілі на банкаўскія карткі, мабільны тэлефон ці перадавалі асабіста. Сталыя наведнікі клюбу мелі зьніжкі.
У кошт уваходзілі:
- ежа і алькаголь;
- выкарыстаньне саўны і басэйна.
Акрамя ўдзельнікаў, «на вечарынках прысутнічалі прастытуткі, вядоўцы тэматычных конкурсаў, бармэны і іншыя прадстаўнікі абслуговага пэрсаналу, паслугі якіх уваходзілі ў кошт наведваньня», гаворыцца ў паведамленьні.
Як праходзілі сэкс-вечарыны?
Партал Naviny.by апублікаваў размову з удзельнікам сэкс-вечарыны Сямёнам. У дзень аблавы міліцыі ён трэці раз прыехаў у катэдж у Бараўлянах. Цяпер мужчына праходзіць па крымінальнай справе як сьведка.
«Нас прымалі, нібыта бандытаў, зь пісталетамі, з лазэрнымі прыцэламі, у масках, у бронекамізэльках, тварам у падлогу, рукі за сьпіну, галаву не падымаць. Здымалі ўсё гэта на відэа», — кажа ўдзельнік вечарыны. Па яго словах, ён 4 гадзіны ляжаў тварам у падлогу.
Сямён кажа, што падчас затрыманьня міліцыянты паводзілі сябе па-рознаму:
«Нехта вырашыў, відаць, зарабіць сабе зорачку на пагон за разгром прытона. Чуў у калідорах, як яны гэта ўсё абмяркоўвалі. Мне сьледчы казаў, што для ўсіх удзельнікаў вечарыны ледзь не фатасэсію зробяць. Такі элемэнт запалохваньня», — сказаў Сямён.
Удзельнікі запісваліся праз вайбэр-групу, заяўку малады чалавек падаваў празь цяпер ужо закрыты сайт Swg.by.
Свабода падчас падрыхтоўкі матэрыялу выявіла, што абвесткі пра сэкс-вечарыны публікуюцца ў гарадзкіх суполках для знаёмстваў «УКантакце».
Сямён кажа, што ў арганізатара, які прадстаўляўся Славам Казанавым, было ІП на арганізацыю мерапрыемстваў. Арганізатар сплачваў падаткі і наймаў дыджэяў, бармэнаў і ахову.
Мужчына сьцьвярджае, што, паводле міліцыі, грошы за ўваходны квіток ішлі на аплату сэкс-паслуг дзяўчат.
«Я ведаю дакладна, што не даваў. Усе дзяўчаты казалі, што ім ніхто не плаціў», — сказаў Сямён.
Гомасэксуальных сувязяў, наркотыкаў і «нічога забароненага» на вечарынах не было, кажа ўдзельнік.
«Беларусы любяць пакутаваць і выбіраюць БДСМ». Рэпартаж з сэкс-шопа «Каханьне». 18+
МУС і сэкс: што адбывалася апошнім часам
- 17 траўня, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, амбасады Вялікай Брытаніі і ЗША ў Менску вывесілі вясёлкавыя сьцягі.
- 20 траўня Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала заяву, дзе назвала аднаполыя адносіны падробкай.
- 7 чэрвеня міністар унутраных спраў Шуневіч заявіў, што «ахова маральнасьці» — гэта функцыя МУС, хоць такой функцыі ў законе «Аб органах унутраных спраў» няма.
- У ноч на 30 чэрвеня супрацоўнікі АМАП зладзілі аблаву ў клюбе, дзе праходзяць закрытыя ЛГБТ-вечарыны.
- 21 ліпеня супрацоўнікі ўпраўленьня па наркакантролі і супрацьдзеяньні гвалту людзьмі затрымалі наведнікаў ЛГБТ-клюбу.