Патрыярх Кірыл: Калі кажу «расейская культура», маю на ўвазе і Ўкраіну, і Расею, і Беларусь

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл.

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл заявіў, што, калі ён кажа «расейская культура», то мае на ўвазе і Ўкраіну, і Расею, і Беларусь, «таму што ўсё гэта і ёсьць Сьвятая Русь, і народ наш, як называлі нас візантыйцы ў часы сьвятога князя Ўладзіміра, называўся "росамі"- расейцамі». «Вось у гэтым сэнсе мы ўжываем гэтае слова», — сказаў патрыярх.

«Агульная вера і культура расейцаў, украінцаў і беларусаў — гэта ня толькі спосаб захаваньня іх нацыянальнай ідэнтычнасьці, але і фактар, які забясьпечвае ўплыў на ўвесь сьвет адзінага народу, «які выйшаў з кіеўскай купелі хрышчэньня», заявіў патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл у пропаведзі пасьля сьвяточнай літургіі на Саборнай плошчы Крамля, паведамляе расейскае інфармацыйнае агенцтва «РИА-Новости»

Хрэсны ход з нагоды 1030-годдзя хрышчэньня Кіеўскай Русі адбыўся 28 ліпеня ў Маскве. Разам з калёнай вернікаў па горадзе прайшлі прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і патрыярх Кірыл.

У Кіеве дзесяткі тысяч чалавек узялі ўдзел у хросным ходзе ў гонар 1030-годдзя хрышчэньня Кіеўскай Русі. Шэсьце арганізавала Ўкраінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату. Яно атрымала назву «Малітва за Ўкраіну і за адзіную памесную ўкраінскую праваслаўную царкву».

27 ліпеня хрэсны ход у Кіеве правяла Ўкраінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату. Яна лічыць Кіеўскі патрыярхат некананічным і не прызнае яго шэсьце. Праваахоўныя органы Ўкраіны, баючыся правакацый, узмацнілі меры бясьпекі ў Кіеве.