26 ліпеня ў Маладэчне прайшла акцыя «Астравецкі шлях» супраць будаўніцтва Беларускай АЭС.
26 красавіка штогадовы Чарнобыльскі шлях памяці ахвяраў аварыі на ЧАЭС і яе наступстваў пачаў кампанію супраць будаўніцтва Беларускай АЭС «Астравецкі шлях».
Паводле сустаршыні БХД Паўла Севярынца, штомесяц з красавіка па лістапад шлях зь Менску ў Астравец пракладуць супрацьатамныя акцыі:
- 26 красавіка — Менск;
- 26 траўня — Заслаўе;
- 26 чэрвеня — Радашкавічы;
- 26 ліпеня — Маладэчна;
- 26 жніўня — Вялейка;
- 26 верасьня — Смаргоні;
- 26 кастрычніка — Ашмяна;
- 26 лістапада — Астравец.
Акцыю арганізоўвалі Беларуская партыя «Зялёныя», АГП, БХД, рух салідарнасьці «Разам», сказаў Свабодзе намесьнік старшыні партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук.
Колькі чалавек сабралася?
4 удзельнікі і 20 сілавікоў, якія здымалі акцыю на відэа.
З кожнай акцыяй «Астравецкага шляху» колькасьць удзельнікаў зьмяншаецца
На «Астравецкі шлях» у Заслаўі прыйшлі 15 чалавек, у Радашкавічах — 10.
Прычыны нешматлікасьці акцый Дзьмітры Кучук пракамэнтаваў наступным чынам:
«Цяжка адказаць. Асноўная прычына — улады не даюць дазволаў, і людзі баяцца рэпрэсій».
Акцыю ў Маладэчне дазволілі?
Не. Заяўнікі прасілі дазволіць дэманстрацыю і мітынг у цэнтры Маладэчна. Улады аргумэнтавалі адмову тым, што заяўленыя месцы не ўваходзяць у пералік дазволеных для «сталага правядзеньня» масавых мерапрыемстваў.
Дзьве папярэднія акцыі «Астравецкага шляху» ў Заслаўі і Радашкавічах таксама былі забароненыя.
Ці зробяць арганізатары работу над памылкамі?
Фармат «Астравецкага шляху» будзе зьменены, сказаў Кучук. Падчас акцыі 26 жніўня ў Вялейцы ўдзельнікі пойдуць у мясцовы райвыканкам з патрабаваньнем «спыніць АЭС».
Кучук лічыць, што нешматлікасьць удзельнікаў не зьвязаная зь піярам акцыі. Пасьля «шляху» ў Заслаўі палітык казаў, што сярод мясцовых жыхароў акцыю не прасоўвалі.
«У Маладэчне шмат людзей хадзілі побач і абмяркоўвалі акцыю, і шмат хто ведаў, але баяліся падыходзіць», — сказаў Кучук.
Беларускую АЭС будуюць за 53 км ад Вільні. Астравецкая пляцоўка для будоўлі Беларускай АЭС была прапанаваная ў адказ на ідэю разьмясьціць могільнікі Ігналінскай АЭС у Літве побач зь беларускай мяжой.
Ігналінская АЭС: Ядзерныя адкіды назаўсёды застануцца на літоўска-беларускай мяжы
Для Беларускай АЭС абраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі з выкарыстаньнем рэактара ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва чакаецца ў канцы 2018 году. Увод у эксплюатацыю першага энэргаблёку заплянаваны на 2019 год (на 1 год перанесены, плянаваўся ў 2018), другога — на 2020 год.
Указ «Аб збудаваньні Беларускай атамнай электрастанцыі» Аляксандар Лукашэнка падпісаў у 2013 годзе, а будоўля пачалася значна раней, калі не было яшчэ і праектнай дакумэнтацыі.
Беларуская АЭС узводзіцца на крэдыт, выдзелены Расеяй. На думку экспэртаў, яе кошт — прыкладна 11 мільярдаў даляраў. Меркавалася, што акупіцца яна прыкладна за 20 гадоў.