Пад райцэнтар Астравец Горадзенскай вобласьці будзе перадысьлякаваны гвардзейскі 1146-ы зэнітны полк, паведаміў БелТА міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў.
Цяпер полк, адроджаны летась, знаходзіцца ў Баранавічах, мае быць перадысьлякаваны да 1 траўня. Ён першым у краіне быў узброены ракетным комплексам Тор-М2. Пад Астраўцом тым часам завяршаецца будаўніцтва пункту пастаяннай дысьлякацыі палку.
Полк прызначаны для абароны БелАЭС, гэта абвяшчалі яшчэ два гады таму, кажа Свабодзе кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў. Але «разьмяшчэньне такой групоўкі — гэта заўсёды палітычны момант», дадае ён.
Экспэрт у галіне ўзбраеньняў Аляксандар Алесін тлумачыць: ракетныя сыстэмы, якія маюць разьмясьціць пад Астраўцом, гэта абарончая зброя. Лічыць іх пагрозай суседзям няма падставаў. Ды для аховы АЭС яны актуальныя: ніякі купал АЭС не абароніць ад высокадакладнай зброі або атакі тэрарыстаў з ужываньнем самалёта, начыненага выбухоўкай. У магчымым канфлікце NATO і АДКБ краіны Захаду могуць атакаваць аб’екты інфраструктуры ці сховішчы паліва, але наўрад ці будуць атакаваць атамную станцыю, бо гэтым могуць нашкодзіць самім сабе. А вось атаку тэрарыстаў на АЭС нельга выключаць.
Алесін згадвае, што ў Іране зона над атамнай станцыяй «Бушэр» шчыльна закрытая сродкамі ПВА і ніводзін самалёт ня мае права туды залятаць. Быў нават выпадак, што іранскі вайсковы самалёт заляцеў у закрытую зону і быў неадкладна зьбіты.
«Рызыкі такія, што ніхто нават не пытае, хто ты такі і адкуль, а адразу зьбіваюць, — дадае Алесін. — Гэта сусьветная практыка».