На сайце Petitions.by дзень ідзе збор подпісаў за тое, каб палова эфірнага часу на дзяржаўных телеканалах Беларусі была на беларускай мове. На момант публікацыі сабрана 955 подпісаў.
Аўтары пэтыцыі згадваюць вельмі малую долю беларускай мовы на дзяржаўным ТВ і заяўляюць аб «дэпапулярызацыі» адной зь дзяржаўных моваў.
«Мы ня просім пашырэньня беларускай мовы на дзяржаўным ТВ да 100% эфірнага часу, таму што жыхары Беларусі могуць не зразумець, – пішуць у пэтыцыі. – Мы просім павелічэньня вяшчаньня дзяржаўных тэлеканалаў на беларускай мове да 50% эфірнага часу».
Тым часам пэтыцыя за прынамсі «Калыханку» па-беларуску сабрала больш як 1300 подпісаў. Цяпер на тэлеканале «Беларусь-3» вядоўцы «Калыханкі» размаўляюць па-беларуску, але мультфільмы ідуць па-расейску і сярод стужак практычна няма зробленых у Беларусі.
Таксама на сайце Petitins.by беларусы зьбіраюць подпісы за забарону «георгіеўскай» стужкі, знос помнікаў Леніну ў Менску і Маладэчне, перайменаваньні менскай станцыі мэтро «Плошча Леніна» ў «Плошча Незалежнасьці» (плошчу над станцыяй так перайменавалі яшчэ ў 1991 годзе), супраць высяканьня Грушаўскага сквэру.
Дзяржаве «дастаткова» беларускай мовы на ТВ — яе там амаль няма
Дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі пераважна расейскамўныя. На «Беларусь-1» хіба ёсьць асобныя перадачы па-беларуску: 10- і 15-хвілінныя «Навіны рэгіёну», асобныя рубрыкі перадачы «Добрай раніцы, Беларусь», штодзённая віктарына «Мая Беларусь» на 2–5 хвілін, асобныя штотыднёвыя, штомесячныя і штоквартальныя перадачы па-беларуску. У «нумарной» сетцы БТ ёсьць таксама тэлеканал «Беларусь-3», пра які кіраўніцтва БТ казала, што беларускамоўныя перадачы на ім займаюць 32% штодзённага вяшчаньня, а па-беларуску робяцца 75% уласных перадач каналу.
Тым часам беларускамоўнаму тэлеканалу «Белсат», які вяшчае з Польшчы, адмовілі ва ўключэньні ў беларускія тэлевізійныя кабэльныя сеткі: на пэтыцыю аб гэтым намесьнік гендырэктара «Беларусь-1» Сяргей Шышко адказаў, што «ў сетцы вяшчаньня прысутнічае шырокі пералік беларускамоўных перадач і рубрык».
Стварыць беларускамоўны тэлеканал задумалі самі кабэльныя апэратары — з такой прапановай яны зьвярнуліся да дэпутаткі Алены Анісім, яна перадала прапанову міністру інфармацыі Аляксандру Карлюкевічу. Анісім кажа, што Карлюкевіч назваў прапановы цікавымі.
Мабільны апэратар Velcom, які фундуе праект перакладаў фільмаў на беларускую, цяпер зьбіраецца стварыць свой тэлеканал, на якім абяцае ў тым ліку беларукамоўны кантэнт.