У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выйшла кніга Алены Струвэ «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі». Публікуем фрагмэнты гэтай кнігі. Сёньня разьдзел «Моўная зона»: Мова турмы — расейская. Васіль, журналіст. Вадзім, праграміст. Мікола, анархіст. Зьміцер, эмігрант. Мікола, бізнэсовец. Беларускамоўны за кратамі.
Замовіць друкаваны асобнік кнігі можна ТУТ.
МОЎНАЯ ЗОНА
Гэта яшчэ адна сфэра турэмнага жыцьця, пра якую на волі ведае кожны. Мова зоны настолькі глыбока пранікла ў «вольнае» грамадзтва, што ўражаньне, быццам сядзелі ўсе.
Савецкае лягернае жыцьцё выпрацавала за дзясяткі гадоў сваю асаблівую субкультуру, якая ўсё яшчэ застаецца ўнівэрсальнай для зьняволеных з краін былога СССР. Тут і свая крыптамова — феня, і асаблівая культура чаяваньня, і арыштанцкія байкі пра вынаходлівых крымінальнікаў і дурных «мянтоў», і многае іншае. Хоць апошнім часам, сьведчаць былыя ЗК, чый стаж утрыманьня за кратамі цягнецца з канца 1980-х — пачатку 1990-х, шмат што мяняецца ды забываецца. ХХІ стагодзьдзе — іншы сьвет, іншая культура.
Мова турмы — расейская
Разам з нацыянальнымі мовамі расейская па-ранейшаму зьяўляецца так званай «лінгва франка» ў турмах постсавецкіх краін. Яе разумеюць як турэмнікі, так і большая частка крымінальнікаў.
З гледзішча моўных прэфэрэнцыяў беларуская турма істотна адрозьніваецца ад вязьніцаў былых савецкіх рэспублік. Адзінай афіцыйнай яе мовай лічыцца расейская. Што тычыцца другой нацыянальнай мовы краіны — беларускай, то на ёй, паводле розных прычынаў, размаўляюць адзінкі. Як узгадвалі ў размовах са «Свабодай» некаторыя былыя зьняволеныя, і ахоўнікі, і пераважная большасьць вязьняў жадаюць, каб вакол «разгаварывалі на нармальнам языке».
Васіль, журналіст
Журналіст Васіль Сямашка беларускай мовай валодае пасіўна, у штодзённым жыцьці карыстаецца расейскай. У другой палове 1990-х, калі ў краіне назіраўся ўсплёск нацыянальнага адраджэньня, быў асуджаны за хуліганства. Сядзеў на Акрэсьціна, «Валадарцы», у былой менскай калёніі на Кальварыйскай. У 2000-я наведаў беларускія папраўчыя ўстановы ўжо як карэспандэнт незалежных СМІ. Кажа, што ў 1990-я за кратамі беларускай мовы ня чуў. Таксама ня чуў, каб хтосьці размаўляў на ёй і ў 2000-я, калі ў вязьніцах сядзела нямала палітвязьняў.
— Пры мне ўсе — як зэкі, так і турэмнікі — размаўлялі на так званай расейскай. Або моўным міксьце з савецкай турэмнай тэрміналёгіі (кшталту слова «зэк»), мату, блатных выразаў («феня») ды невялікай колькасьці нэўтральнай, а калі размова ішла пра крымінальныя справы — юрыдычнай расейскай лексыкі. Па сутнасьці, у турме гучыць такая самая мова, што і на волі, з тым самым беларускім акцэнтам.
— Калі б хто зь вязьняў пачаў раптам гаварыць па-беларуску, як бы да гэтага паставіліся?
— Цалкам літаратурнай тая мова быць не магла б. Яе носьбіту так або інакш у мэтах паразуменьня прыйшлося б выкарыстоўваць тэрміны з турэмнага арго: «прымыльнік» (рукамыйнік), «прадол» (турэмны калідор), многае іншае. Напэўна, калі б сярод вязьняў знайшоўся чалавек, які б пачаў размаўляць на добрай беларускай мове, зэкі паставіліся б да яго як да дзівака. Калі б такі чалавек зьвярнуўся па-беларуску да кантралёра, то, думаю, той адрэагаваў бы на гэта спакойна і адказаў бы, зразумела, па-расейску. Калі б зьняволены пачаў патрабаваць, каб турэмнікі размаўлялі зь ім па-беларуску, то, мяркую, што ў 99% гэта было б успрынята як зьдзек з боку ЗК з рознымі наступствамі, якія з гэтага вынікаюць.
Вадзім, праграміст
26-гадовы Вадзім працуе лінгвістам-праграмістам. За краты трапіў пасьля чатырох курсаў унівэрсытэту. Выйшаў на волю летась пасьля пяцігадовай адседкі. Падчас зьняволеньня на дадатак да базавай ангельскай самастойна вывучыў беларускую, польскую ды партугальскую мовы. Усе іх выкарыстоўвае ў працы і лічыць, што менавіта моўныя заняткі, а таксама пільнасьць што да культуры мовы дапамаглі яму рэсацыялізавацца і не выдаваць сваё турэмнае мінулае.
— Культура мовы — як своеасаблівы гігіенічны фактар для жыцьцёвага посьпеху. Яго наяўнасьць ня надта моцна павышае верагоднасьць посьпеху, але ж калі моўнай культуры няма, такая верагоднасьць рэзка зьніжаецца.
Так званую «расейскую» мову беларускай турмы Вадзім называе проста жахлівай:
— Турэмныя насельнікі — гэта збольшага маладыя людзі ад 18 да 30–35 гадоў, пераважна з глыбінкі, зь няпоўнай сярэдняй адукацыяй. Дэградацыя адбывалася на вачах.
Калі на пачатку тэрміну яны размаўлялі на трасянцы, у якой адчуваўся добры беларускі калярыт, то зь цягам часу, абсьмяяныя больш дасьведчанымі крымінальнікамі ды турэмнікамі, яны пачыналі саромецца сваіх беларускіх словаў ды выразаў і разам з тым як губка ўбіралі ў сябе рознае моўнае сьмецьце, якое гучала ў тым асяродзьдзі. Расейская мова ў выніку рабілася яшчэ больш прымітыўнай, аднак беларуская фанэтыка пры вымаўленьні як была, так і застаецца.
Паводле Вадзіма, калі б нешта залежала ад ягонай волі, ён паспрабаваў бы ўвесьці за кратамі выкладаньне беларускай мовы, хаця б на факультатыўнай аснове:
— Я ўпэўнены, што пры добрым выкладаньні навучаньне беларускай далося б той моладзі значна лягчэй, чым расейскай. Гэтыя людзі зь дзяцінства валодаюць аўтэнтычным беларускім вымаўленьнем, маюць дастатковы слоўнікавы запас, хоць з часам гэта ўсё больш асядае на самым дне іх памяці.
Вадзім узгадвае, што на просьбу сулягернікаў ён пакінуў у калёніі некаторыя кнігі на беларускай мове, якія яму перадавалі з волі. Сярод іх кніжка з сэрыі «Бібліятэка Свабоды» — «Турма і здароўе» лекара і палітвязьня Юрыя Бандажэўскага, выдатныя пераклады з ангельскай твораў Артура Конан Дойля ды іншае. Пазьней адзін са знаёмых сядзельцаў напісаў Вадзіму, што ягоную беларускамоўную літаратуру зачыталі ня толькі зэкі, але і ахоўнікі, ды прасіў даслаць за краты яшчэ што-небудзь такое, бо выбар у мясцовай бібліятэцы ня надта разнастайны.
Мікола, анархіст
Былы палітвязень, анархіст Мікола Дзядок на волі ўжо некалькі гадоў. З 2010 да 2015 году сядзеў у розных беларускіх калёніях ды турмах. Падчас зьняволеньня размаўляў па-беларуску зь беларускамоўнымі вязьнямі, аднак такіх за ўвесь час ягонага тэрміну былі адзінкі. Актыўна карыстацца беларускай мовай пачаў пасьля вызваленьня.
Са свайго досьведу Мікола Дзядок не прыгадвае праяваў дыскрымінацыі за кратамі ў сувязі з мовай:
— Калі б за кратамі пачалі выкладаць мову, то, думаю, знайшліся б цікаўныя, хаця б таму, што няма чаго рабіць. Напрыклад, беларускамоўныя газэты, што мне прыходзілі, чыталі дзясяткі людзей, у тым ліку зь іншых атрадаў. Падыходзілі самі, прасілі. Напачатку многія сапраўды скардзіліся, што «цяжка чытаць па-беларуску», але ўсё роўна бралі. Галоўнае — зьмест, і тады ўсё пачнеш разумець, а беларуская мова стане нечым неабходным.
Зьміцер, эмігрант
Зьміцер Вольны кажа, што матчынай мовы за кратамі ня чуў ніколі. Грунтоўна вучыць беларускую Зьміцер пачаў толькі зьехаўшы пасьля вызваленьня за мяжу.
— Калі ўзяць мову сучасных беларускіх зьняволеных, то, пагаджуся, гэта збольшага мова неадукаванага чалавека з малым слоўнікавым запасам. Вельмі сумна, што ў нашых турмах бракуе гуманітарнай адукацыі, ня вучаць мовам, у тым ліку і роднай, а таксама гісторыі, традыцыям, культуры свайго народу. Такія веды вельмі працуюць на самаацэнку асобы.
Ведаю нямала хлопцаў, якія за кратамі разумелі, як ім бракуе базавых школьных ведаў, ішлі ў школы пры калёніях. Аднак узровень выкладаньня там традыцыйна невысокі. Зразумела, усё гэта ідзе ад таго, як ставяцца да гэткіх пытаньняў ва ўладзе.
Зьміцер Вольны мяркуе, што калі б у Беларусі на тым самым строгім рэжыме нейкі асуджаны пачаў размаўляць па-беларуску, то «зэкі, калі б убачылі ў ім чалавека шчырага, паставіліся б да гэтага нармальна»:
— Магчыма, і ня ўсе, але бальшыня дакладна. А вось наконт мянтоў ня ўпэўнены. Нават на адрас тых, з чыіх вуснаў гучалі асобныя сакавітыя выразы на беларускай, ад аховы можна было пачуць «разгаварывай на нармальнам языке» ды іншыя абразьлівыя заўвагі. Такое дазвалялі сабе, вядома, ня ўсе, але бальшыня дакладна. Лічу, што вязень павінен быць вельмі ідэйным чалавекам і, безумоўна, асобай, каб размаўляць у зьняволеньні па-беларуску. Калі ён такі, то нават у тых умовах ня будзе саромецца сваёй мовы, а будзе ўдасканальваць яе.
Мікола, бізнэсовец
Двойчы палітвязень Мікола Аўтуховіч пачаў грунтоўна займацца беларускай мовай падчас сваіх адседак, хоць у дзяцінстве і размаўляў па-беларуску. Кожнае лета ён праводзіў у вёсцы ў бабулі, а потым дома яшчэ доўга па інэрцыі карыстаўся роднай мовай, атрымліваючы кпіны.
Шмат пазьней, трапіўшы ў няволю, Мікола ў сваіх лістах сябрам пісаў:
«Спатрэбілася апынуцца за кратамі, каб зразумець, хто ты ёсьць. Мы беларусы, мы нарадзіліся не ў 1917 годзе. Нам не патрэбна гісторыя камуністаў. Мы ўжо ведаем пра сваіх продкаў. І на знак павагі да іх мы павінны вярнуць сваю мову, культуру ды традыцыі».
Паводле палітвязьня, усё гэта ён адкрыў для сябе менавіта ў вязьніцы, а гады, праведзеныя ў турме, сталі для яго парою «запойнага чытаньня».
Беларускамоўных за кратамі Аўтуховічу давялося сустракаць надзвычай рэдка. Разьвіцьцё моўных навыкаў, лічыць ён, залежыць ад таго, як шмат чалавек за кратамі чытае і наколькі ён можа займацца самастойна. Паводле палітвязьня, які падчас другой адседкі ўтрымліваўся ня толькі ў калёніі, але і на турэмным рэжыме ў Горадні, «у турме не атупець цяжэй, чым у калёніі, бо вязень знаходзіцца ў чатырох сьценах. Аднак калі ўсё добра з галавой, чалавек сам сабе вызначыць нейкі плян жыцьця ў камэры».
Паводле Міколы Аўтуховіча, у горадзенскай турме ён «налёг» на беларускую клясыку. Грунтоўнае вывучэньне мовы пачалося з твораў Караткевіча. Першымі кнігамі сталі «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і «Каласы пад сярпом тваім». Напачатку чыталася вельмі цяжка. Шмат было незнаёмых слоў, даводзілася неаднойчы перачытваць, каб зразумець. Палітвязень нават склаў уласны слоўнік да твораў Караткевіча.
— Чытаў і адчуваў сябе ў той эпосе. І вельмі б хацелася ў тым часе пажыць. Праз кнігі і прыйшоў да мовы.
Беларускамоўны за кратамі
Двойчы палітвязень Зьміцер Дашкевіч размаўляў за кратамі па-беларуску з усімі без выключэньня вязьнямі ды турэмнікамі. Скаргі ў вышэйшыя інстанцыі таксама пісаў толькі на беларускай мове. Тычыліся яны ў тым ліку і ягонай моўнай дыскрымінацыі ў Жодзінскім СІЗА.
Зьдзекі ды абразы ў гэтай сувязі ён сустракаў ня раз як ад турэмнікаў, так і ад сядзельцаў. У лепшым выпадку гэта былі прапановы-папярэджаньні: «Я цябе разумею, але гавары на нармальнай мове».
У сваім турэмным апавяданьні «Гумовы тапак» ён расказаў пра выпадак, які здарыўся зь ім на пачатку 2011 году ў адной з камэраў «Валадаркі». Размаўляючы з сукамэрнікам Валодзем па-беларуску, ён атрымаў ад яго за гэта моцны ўдар па твары.
Зьміцер Дашкевіч задаецца пытаньнем: «Дык дзе ж корань нацыянальнага нігілізму?» — і адказвае:
«Корань — у нас саміх!.. Перш за ўсё самі і вінаватыя ў бяспамяцтве гэтым. Падумаць сабе: толькі за апошні месяц толькі ў гэтай камэры сядзелі тры барацьбіты за новае жыцьцё (уключна з кандыдатам на прэзыдэнта. — Аўтар), і ні ад кога — ні ад кога зь іх! — не пачуў Валодзя беларускага слова!
Дык а чаго мы патрабуем ад людзей паспалітых? Мы дамагаемся іншых законаў, канстытуцыйных фармулёвак і нават улады, прыкрываючы ўсё гэта ідэаламі адраджэньня Бацькаўшчыны, тады як для адраджэньня Бацькаўшчыны ня трэба нічога — ні законы, ні Канстытуцыя, ні нават улада. Для адраджэньня Бацькаўшчыны трэба толькі адно — каб патрыёты мовы пачалі на гэтай мове размаўляць. І ўсё! І з гэтым лічыліся б і тыя, хто Беларушчыну ненавідзіць.
Аднак якой можна трызьніць беларусізацыяй, калі самыя пасьвячоныя адважваюцца на геройства размаўляць па-беларуску толькі ў партыйных офісах?! Дзіка? Дзіка. Дзічэй і не прыдумаць».
Папярэднія публікацыі
Зона сустрэч: пра «гэта» і ня толькі
Зона сустрэч: раманы і спатканьні
Зона Х. Расстраляныя і нерасстраляныя
Зона хвароб. Турэмная псыхіятрыя
Зона хвароб. Гінэкалёгія, інваліднасьць, сьмяротнасьць
Зона хвароб. Тэрапія, хірургія, стаматалёгія