Заснавальнік беларускага стартапу PandaDoc Мікіта Мікада абвясьціў стыпэндыю для ахвочых пачаць кар’еру ў IT-сфэры. Гэтую ідэю падтрымалі іншыя бізнэсоўцы.
Адбор пройдуць 5 чалавек зь Беларусі, на навучаньне кожнага зь іх ІТ-прадпрымальнік выдаткуе па 1000 даляраў. Паводле Мікада, гэтых грошай хопіць на 2 ці больш навучальныя курсы ў Менску па кодынгу, дызайне, праектным мэнэджмэнце ды іншых спэцыяльнасьцях.
«Хочацца, каб у тыя хто мае жаданьне і энэргію, мелі б і магчымасьць», — сказаў Свабодзе Мікіта Мікада.
Сам Мікада прыйшоў да праграмаваньня, паступіўшы ў БДУІР.
«Хацеў патрапіць у незалежную індустрыю з процьмай магчымасьцяў, дзе ўсё залежыць толькі ад цябе», — патлумачыў свой выбар Мікада.
Запусьціў флэшмоб сярод бізнэсоўцаў
Мікада прапанаваў іншым ІТ-бізнэсоўцаў стварыць уласныя стыпэндыі і запусьціць флэшмоб #войтивайти. На момант публікацыі ідэю падтрымалі:
- IOS-распрацоўшчык Ігар Новік, які стане мэнтарам для стваральнікаў мабільных праграм;
- Прадпрымальнікі Арцём і Вольга Высоцкія, якія выдаткуюць 2000 даляраў на навучаньне двух айцішнікаў-пачаткоўцаў.
Каму аплоцяць навучаньне?
Падацца на стыпэндыю можна праз Google-форму. Сярод іншага ўдзельнікам адбору трэба патлумачыць у англамоўным відэа, чаму яны хочуць пачаць кар’еру ў ІТ. Відэапрэзэнтацыю заяўнік мусіць апублікаваць у сацсетках. Чым больш лайкаў і рэпостаў, тым большая верагоднасьць атрымаць стыпэндыю, напісаў Мікада.
Ня толькі грошы. Пяць прычын для праграмістаў не прамяняць правінцыю на Менск
І яшчэ некалькі ўмоваў ад фундатара:
- У вас мусіць быць добрая ангельская, бо ІТ-індустрыя працуе па-ангельску.
- Вы мусіце марыць працаваць у ІТ, а таксама старанна вучыцца.
- Вы мусіце падтрымліваць іншых пачаткоўцаў, калі станеце пасьпяховым.
«Не абавязкова адначасова падтрымліваць 5 чалавек, як гэта раблю цяпер я, але можна ўзяць 3 чалавекі цягам 1-3 гадоў. Сярэдні заробак у беларускай ІТ-сфэры — 1400 даляраў, таму гэта можна рэалізаваць», — напісаў Мікада.
Як беларускія айцішнікі зарабляюць на чэмпіянаце сьвету па футболе
Стартап PandaDoc быў заснаваны Мікітам Мікадам і Сяргеем Барысюком у 2013 годзе ў Менску. Праграмнае забесьпячэньне дазваляе кіраваць карпаратыўнай дакумэнтацыяй. Цяпер штаб-кватэра кампаніі знаходзіцца ў каліфарнійскім Сан-Францыска, офісы кампаніі знаходзяцца ў Менску, Санкт-Пецярбургу і Флорыдзе. Па стане на 2018 год кампанія мае каля 8000 платных карыстальнікаў.