Севярынец і Кастусёў аднавілі падрыхтоўку да перамоваў з уладальнікамі рэстарацыі ля Курапатаў

Акцыя пратэсту пад рэстарацыяй «Поедем поедим», архіўнае фота

На думку абаронцаў Курапатаў, улады арыштамі паказалі, што яны на баку рэстарацыі «Поедем поедим», але ўладальнікі нібыта гатовыя да перамоваў.

Абаронцы Курапатаў і саўладальнік рэстарацыі «Поедем поедим», якая месьціцца за 50 мэтраў ад мэмарыялу, мелі 4 ліпеня дамовіцца аб правядзеньні круглага стала. Ды ў той дзень шэраг пратэстоўцаў быў за кратамі. Адзін зь лідэраў пратэстаў, сустаршыня БХД Павал Севярынец, адбываў 10 сутак арышту, а яшчэ адзін, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, быў затрыманы і затым аштрафаваны на 735 рублёў.

Севярынец: «Калі справа ў бізнэсе, то бізнэсу самы час ужо здавацца»

Увечары 10 ліпеня Севярынец выйшаў на волю (вызвалілі са спазьненьнем на паўдня). Цяпер ён, як і Кастусёў, перакананы, што ўлады ўсталі на бок «Поедем поедим». Севярынец кажа, «па факце так атрымліваецца», што ўлады або прынялі пазыцыю рэстарацыі, або «ад пачатку на ёй і знаходзіліся». Але ён адзначае, што пратэст усё адно працягваецца.

Павал Севярынец (справа) падчас акцыі пратэсту ля рэстарацыі «Поедем поедим», архіўнае фота

«Нічога з пратэстам ня сталася, нават калі арыштавалі яго лідэраў, — кажа Севярынец. — Людзі прыходзяць і абарону Курапатаў трымаюць. Пакуль людзі ёсьць, абарона будзе трываць».

Ён дапускае, што рашэньне можа быць знойдзенае на перамовах з уладальнікамі рэстарацыі, хоць ёсьць «шэраг іншых опцыяў». Але адзначае: на яго асабістую думку, «з гэтымі людзьмі павінны размаўляць не прадстаўнікі грамадзтва, а пракурор і сьледчыя», таму на перамовах «пазыцыя абаронцаў Курапатаў будзе досыць жорсткая».

«Грамадзтва аднадушнае ў сваім імкненьні гэтую рэстарацыю з Курапатаў прыбраць, — заяўляе Севярынец. — Таму я думаю, тут каса на камень нашла. Усё будзе залежаць ад таго, наколькі хопіць у беларусаў моцы і трываласьці падтрымліваць гэты пратэст.

На гэты момант такая моц і трываласьць ёсьць: людзі штодня, пакуль працуе рэстарацыя, прыходзяць, беларусы байкатуюць гэты рэстаран, там літаральна некалькі наведнікаў на дзень... Пакуль сытуацыя відавочная: калі справа ў бізнэсе, то бізнэсу самы час ужо здавацца і выводзіць рэстарацыю з Курапатаў».

Кастусёў: «Зайдэс казаў, што пакуль людзі сядзяць, сустрэчу праводзіць ня варта»

Кастусёў расказаў Свабодзе, што 12 ліпеня мае адбыцца круглы стол з удзелам абаронцаў Курапатаў, на якім яны будуць шукаць агульны падыход да ўладальнікаў «Поедем поедим».

Рыгор Кастусёў (зьлева) падчас акцыі пратэсту ля рэстарацыі «Поедем поедим», архіўнае фота

7 ліпеня Кастусёў размаўляў з саўладальнікам рэстарацыі Леанідам Зайдэсам. Паводле Кастусёва, той «праяўляе ініцыятыву» сустрэцца з абаронцамі Курапатаў і шукаць кампраміснае рашэньне. Сустрэча адклалася менавіта праз тое, што абаронцы Курапатаў былі пад арыштам — дамовіліся, што працягнуць перамовы аб даце сустрэчы пасьля вызваленьня Севярынца і іншых пратэстоўцаў.

«Тое, што былі арышты, затрыманьні, штрафы абаронцаў Курапатаў, гэта адназначна сьведчыць, што ўлады ўсталі на бок рэстарацыі, — кажа Кастусёў. — Але была такая размова з Зайдэсам, у якой ён выказаў заклапочанасьць, што людзі знаходзяцца на сутках, аштрафаваныя.

Менавіта ён апярэдзіў мяне і сказаў, што, пакуль людзі сядзяць, гэтую сустрэчу праводзіць ня варта, а калі выйдуць, трэба арганізоўваць. Я кажу па факце, што ён сказаў мне. Як гэта ўспрымаць... Я спадзяюся, ён сказаў гэта шчыра».

***

Падчас таго, як Севярынец адбываў 10 сутак арышту, у яго канфіскавалі частку рукапісу новай кнігі, якую ён пісаў за кратамі (папярэдняя назва раману — «Беларусалім. Сэрца сьвятла»). Севярынец лічыць канфіскацыю незаконнай, падаваў скаргі на імя начальніка ізалятару, але «цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў пакуль маўчыць».

Цяпер Севярынец рыхтуе зварот у пракуратуру, думае прасіць Саюз беларускіх пісьменьнікаў выступіць у сувязі з канфіскацыяй рукапісу, а таксама зьбіраецца разаслаць зьвесткі аб канфіскацыі замежным партнэрам.

Канфіскацыя, кажа ён, «гэта ня жарцікі», а крымінальнае злачынства. Большую частку папярэдняга раману «Беларусалім. Золак» ён напісаў у зьняволеньні, нідзе рукапісы не забіралі. Севярынец дадае, што як пісьменьнік жыве за кошт напісанага.

Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Дагэтуль дакладна не вядома, хто ўладальнік рэстарацыі. Яе адрас супадае з адрасам ТАА «Амізбел», яго прадстаўнікі не ідуць на кантакт. Раней паведамлялася, што комплекс належыць кампаніі «БелРэстІнвэст».
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго