Забудова ў стылі «уплотнение»

З вакна майго офіса бачны невялікі зграбны будынак мініятурнага вакзалу Менскай дзіцячай чыгункі. Гэтай цацачнай чыгунцы — дзіцячай забаве не аднаго пасьляваеннага пакаленьня юных беларусаў — ужо больш як 60 гадоў.

Маляўнічы куток Менску побач з паркам Чалюскінцаў заўсёды быў зялёнай зонай адпачынку. Але некалькі месяцаў таму проста пасярод чыгуначнага насыпу, у самым цэнтры кольца, па якім дзесяцігодзьдзі курсавалі цягнікі — зьявіліся вежавыя будаўнічыя краны.

Пра тое, як кампанія сэрбскіх бізнэсоўцаў, што асабіста знаёмыя з Аляксандрам Лукашэнкам, распачала тут будаўніцтва чарговага шматпавярховага жылога дома і да якіх наступстваў прывядзе зьнішчэньне ўнікальнага архітэктурнага ансамбля і культурнага ляндшафту, Свабода падрабязна расказала нядаўна ў артыкуле Алеся Дашчынскага «Шматпавярховік пасярод менскай Дзіцячай чыгункі будуюць сэрбскія знаёмцы Лукашэнкі».

Пасьляваенная казка

Гледзячы з вакна на гэты стары, але старанна адрамантаваны вакзал, я часам згадваю бацьку. Ён часта ўспамінаў, як у 1956 годзе вазіў сюды школьнікаў з Прудзянскай сямігодкі (гэта на поўначы Шчучынскага раёну) на экскурсію і якое вялікае ўражаньне тады ва ўсіх іх гэта чыгунка пакінула. Нейкі казачны сьвет пасярод пасьляваенных жабрацтва і ўбоства — маленькія яркія вагончыкі і паравозікі, юныя, прыгожа апранутыя ва ўніформу хлопчыкі-машыністы, стрэлачнікі, праваднікі... Гэта быў сьціплы айчынны варыянт Дыснэйлэнду для зусім не расьпешчаных забавамі пасьляваенных беларускіх дзяцей.

Мяне ў тых даўніх успамінах найбольш уразіла, аднак, ня гэта. Бацька ў той час працаваў у калгасе на ГАЗ-51 (была ў СССР такая мадэль невялікага грузавіка, выпускалася без істотных зьменаў на працягу ажно 30 гадоў). Дык вось, дзяцей ён вазіў у Менск на гэтым грузавічку (адлегласьць — 250 кілямэтраў, драўляныя лаўкі ў кузаве, дарога — пяць гадзін туды, пяць — назад; кепскія пасьляваенныя дарогі, ні пра якія гатэлі і начлег размовы, зразумела, не было). І, нягледзячы на такую дарогу і такія ўмовы, — для іх гэта было, можа, адно з найбольш яркіх уражаньняў дзяцінства.

Архітэктурная спадчына Лукашэнкі

Пасьляваенная эпоха засталася ў архітэктурным абліччы Менску ў выглядзе сталінскага ампіру — багата аздобленых будынкаў на шырокіх праспэктах. Хрушчоў пакінуў пасьля сябе панылыя шэрыя куфэркі «хрушчовак», якія, зрэшты, сталі для некалькіх пакаленьняў былых вяскоўцаў ажыцьцяўленьнем самых жаданых жыльлёвых мараў. Брэжнеўская эпоха засталася на мапе Менску ў выглядзе старанна сплянаваных спальных раёнаў. Архітэктурнымі адметнасьцямі яны не вылучаюцца, затое ўзводзіліся ў адпаведнасьці са строгімі сацыяльнымі стандартамі: абавязкова ў кожным — шырокія зялёныя двары, дзіцячыя пляцоўкі, школы і дзіцячыя садкі.

Пэрыяд прэзыдэнцтва Лукашэнкі ў сталічным горадабудаўніцтве можна ахарактарызаваць адным ёмістым словам, якое за апошнія чвэрць стагодзьдзя стала звыклым у лексыконе менскіх чыноўнікаў. І слова гэтае — «уплотнение».

Менчукі добра ведаюць, што гэта такое. Гэта калі ваш ціхі зялёны двор, у свой час старанна спраектаваны савецкімі архітэктарамі, спачатку ператвараецца ў будпляцоўку, а потым у вас пад вокнамі вырастае 20-павярховы жылы дом. Там, дзе былі дрэвы, кусты і лаўкі — зьяўляецца некалькі соцень прыватных машын навасёлаў, і цяпер кожная раніца пачынаецца не са сьпеву птушак, а з лаянкі аўтамабілістаў, якія з прычыны затораў і вузкіх праездаў ня могуць выехаць з двара.

Адметна, што «уплотнение» не датычыць ані дзіцячых садкоў, ані школ, ані паліклінік, ані шпіталяў. Ушчыльняюць жыцьцёвую прастору менчукоў сталічныя чыноўнікі выключна камэрцыйным жыльлём і офісамі — тым, што прыносіць хуткія вялікія грошы. Ну, а тое, што ў мікрараёне, разьлічаным на 50 000 чалавек, будуць цяпер жыць 100 000, што ў выніку ня будзе хапаць месцаў у дзіцячых садках і школах, што ўдвая вырастуць чэргі ў паліклініках, што зялёныя зоны ператворацца ў стыхійныя паркоўкі, што старыя камунікацыі ня будуць вытрымліваць падвышанай удвая нагрузкі — дык хто ж пра гэта мог падумаць...

Зямлі ў Беларусі столькі, што нават калі б тут жыло 50 мільёнаў чалавек — кожнаму бязь цяжкасьці можна было б выдзеліць месца для асобнага дома ў якой-небудзь ціхай зялёнай мясьціне. Бо шчыльнасьць насельніцтва ў краіне — адна з самых нізкіх у Эўропе: 46 чалавек на квадратны кілямэтар, 126-е месца ў сьвеце. На эўрапейскім кантынэнце (апроч Расеі) меншая заселенасьць — толькі ў паўночных краінах зь іхным суровым кліматам і бязьлюднай тундрай.

Менск у савецкі час лічыўся адным з самых зялёных гарадоў СССР. Пры Лукашэнку шчыльнасьць насельніцтва ў ім, паводле ацэнак адмыслоўцаў, стала адной з самых высокіх на постсавецкай прасторы. Параўнайце (лічбы з сайту demographia.com за 2013 год):

колькасьць насельніцтва на 1 квадратны кілямэтар

  • Вільня — 2500 чалавек
  • Варшава — 3200;
  • Рыга — 2900;
  • Кіеў — 5200;
  • Масква — 3600;
  • Менск — 5700.

Паназірайце, зь якой апантанасьцю чыноўнікі мясцовых адміністрацый адстойваюць інтарэсы прыватных забудоўшчыкаў у тых сытуацыях, калі мясцовыя жыхары адважваюцца бараніць свае зялёныя двары. У непрацоўны час, вытрымліваючы ледзь ня бойкі з даведзенымі да адчаю людзьмі, трацячы здароўе і нэрвы.... Вы хоць раз бачылі, каб з такой жа ўтрапёнасьцю і самааддачай які-небудзь чыноўнік клаўся крыжам, абараняючы праект будаўніцтва дзіцячага садка ці школы? І што толькі натхняе «служывых» на такую самаадданую абарону камэрцыйных праектаў (вельмі сумнеўных, дарэчы, і з маральнага, і зь юрыдычнага, і зь любога іншага пункту гледжаньня)!

Пад вакном — дызэль, ля пясочніцы — вагоны

Гарадзкія ўлады сьцьвярджаюць, што новы жылы гмах пасярод чыгуначнага кольца нібыта «ня будзе перашкаджаць паўнавартаснаму функцыянаваньню Дзіцячай чыгункі» і што «Пляніровачнае рашэньне абʼекта распрацавана з улікам захаваньня Дзіцячай чыгункі імя Заслонава».

Стаўлюся да гэтых запэўніваньняў скептычна. Уважліва прыгледзьцеся да зробленага з дрона фатаздымка новабудоўлі. Нашмат больш верагодным мне бачыцца іншы сцэнар. Будаўніцтва скончыцца, заможныя жыльцы заселяцца ў свае шматпавярховыя апартамэнты ў прэстыжным раёне побач з паркам і праспэктам Незалежнасьці. І тут выявяцца ўсе заганы таго факту, што будынак па пэрымэтры акальцаваны чыгункай. Праз вокны чуваць перастук вагонных колаў; дзеці, гуляючы ў двары, могуць трапіць на рэйкі; выезд з двара — толькі праз чыгуначны пераезд... Чым гэта можа скончыцца? Правільна, масавымі скаргамі новых жыхароў з патрабаваньнем закрыць чыгунку ў жылой зоне. Будуць і адпаведныя спасылкі на санітарныя нормы, на Жыльлёвы кодэкс і г. д.

Ну, а што ж чыноўнікі, якія давалі дазвол на будаўніцтва з чыгуначнымі рэйкамі ў двары і сьцьвярджалі, што дамок гэты нікому не перашкодзіць? А нічога. Тыя, хто меў непасрэднае дачыненьне да праекту і лабіяваў будаўніцтва ў ласым раёне сталіцы, хутчэй за ўсё, будуць ужо на новых пасадах і ў новых мясьцінах. Дый хто там будзе разьбірацца, калі будынак ужо ўзьведзены, грошы падзеленыя, а інвэстары зьехалі?

Вядома, сучасныя дзеці — іншыя, чым было пасьляваеннае пакаленьне, і цяжка ўявіць, што нават з аддаленай вясковай школы малыя паедуць за 250 кілямэтраў у Менск толькі дзеля таго, каб паглядзець на маленькую чыгунку. А вось у парк сучасных атракцыёнаў — паедуць. І ў забаўляльны дзіцячы цэнтар, створаны на аснове высокіх тэхналёгій — таксама паедуць. Месца недалёка ад цэнтру сталіцы, якое здаўна было цэнтрам дзіцячых забаваў, проста створана для гэтага. Калі б гарадзкія ўлады абвясьцілі конкурс ідэяў — не сумняюся, што зьявіліся б тысячы арыгінальных цікавых прапаноў, як адначасова і захаваць гэтую гістарычную мясьціну ў якасьці дзіцячага цэнтру, і зрабіць яе прыбытковай у камэрцыйным пляне.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Шматпавярховік пасярод менскай Дзіцячай чыгункі будуюць сэрбскія знаёмцы Лукашэнкі

У Менску пашыраць вуліцу Макаёнка для новага комплексу сэрбскіх забудоўнікаў