На Вайсковых могілках агароджы ХІХ стагодзьдзя мяняюць на стандартныя надгалоўнікі за 95 рублёў 16 капеек

Актывісты спрабуюць уратаваць надмагільлі белымі матузкамі. Супрацоўнікі спэцкамбінату пазначаюць выбраныя для зьнішчэньня помнікі жоўтай фарбай.

Пасьля выхаду ў 2015 годзе закону «Аб пахаваньні і пахавальнай справе» зьявілася заканадаўчая база для добраўпарадкаваньня могілак па ўсёй краіне. На закінутых надмагільлях пачалі вывешваць абвесткі з адрасаванай родным памерлых просьбай правесьці магілу да ладу. Калі празь нейкі час гэтага не адбывалася, старое надмагільле прыбіралі (разам з агароджай, калі яна была), а замест яго над магілай зьяўляўся невялікі простакутнік зь імем пахаванага і датамі яго жыцьця.


Першымі ў Менску маштабнае добраўпарадкаваньне перажылі могілкі Крупцы на праспэкце Пераможцаў. У канцы траўня дайшла чарга да сталічных Вайсковых. Родныя пахаваных там і проста неабыякавыя людзі абурыліся. Маўляў, Вайсковыя могілкі ў Менску — гэта ня толькі могілкі. Гэта яшчэ і гісторыка-культурная каштоўнасьць другой катэгорыі.

А гэта значыць, што любыя работы на тэрыторыі Вайсковых могілак мусяць узгадняцца ў Мінкульце. Прынамсі, так гаворыцца ў артыкуле 108 Кодэксу «Аб культуры» («Прадухiленьне пагрозы захаваньню матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасьцяў»). Тамсама можна прачытаць, што «праектная дакумэнтацыя на выкананьне земляных, будаўнічых, мэліярацыйных і іншых работ, якія могуць стварыць пагрозу захаваньню нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, павінна зьмяшчаць асобны разьдзел аб мерапрыемствах па дасьледаваньні i захаваньні гэтых гісторыка-культурных каштоўнасьцяў».


«Будзе чысьцей і прыгажэй. Як у амэрыканскіх фільмах»


«Па аздабленьні магілаў можна прасачыць іхную эвалюцыю, — кажа архітэктар-рэстаўратар Раман Забела. Вось тут, напрыклад. Магіла 1937 году, а агароджа на нітах, заклёпках і хамутах. Гэта старая тэхналёгія, ХІХ стагодзьдзя. Не прамысловай вытворчасьці, бяз зваркі. Гэта менавіта могілкавая агароджа. Тут таксама шмат магілаў ёсьць з агароджай ад гаўбцоў. Па вайне разьбіралі разбураныя камяніцы ці руйнавалі ацалелыя. А агароджу ад гаўбцоў выкарыстоўвалі для іншых патрэб. Мяркую, што краязнаўцы нават маглі б нават расказаць, зь якой вуліцы гэтыя дамы былі».

Узор традыцыйнай каванай агароджы


Раман гаворыць, што ў Менску цяпер засталося літаральна зь дзясятак дамоў, у якіх захаваліся такія гаўбцы. Узораў традыцыйнай каванай агароджы менавіта магілаў таксама засталося няшмат. Пасьля вайны паўсюль пачалі выкарыстоўваць параўнальна простыя і сьціпла аздобленыя зварныя агароджы. Паводле спэцыяліста, вартыя элемэнты трэба фіксаваць (абмяраць, фатаграфаваць, апісваць), каб пасьля можна было аднавіць, калі яны будуць страчаныя. Але таньней і прасьцей захаваць і падрамантаваць тыя аўтэнтычныя вырабы, якія захаваліся, чым пасьля рабіць дакладныя копіі.


«Мы замаўлялі падобныя вырабы ў сучасных майстроў. Гэта мінімум на 25 адсоткаў будзе даражэй і даўжэй), чым стандартныя зварныя канструкцыі, — кажа Раман Забела. — Але нават прыкладны кошт такіх агароджаў складана назваць. Усё гэта залежыць ад аб’ёму работ. Але вядома, што кожны такі хамут трэба вырабіць, сагнуць, замацаваць. А зварка — гэта раз-два і гатова».


Добраўпарадкаваньне Вайсковых могілак, якімі займаецца спэцкамбінат, выглядае яшчэ прасьцей. Выбраныя для гэтага пахаваньні проста руйнуюць. Замест старой агароджы і надмагільляў на роўную пляцоўку кладзецца стандартны цэмэнтны паралелепіпэд зь невялікай шыльдай. На ёй толькі імя пахаванага і гады яго жыцьця. Больш ніякай інфармацыі няма.


«Могілкі — гэта культурны ландшафт, гэта не асобныя аб’екты, — працягвае Раман Забела. — Казаць, што могілкі — гэта толькі тэрыторыя, дзе хаваюць людзей, няправільна. Гэта комплексная каштоўнасьць. Тут архітэктура, гісторыя і культура, мастацкія вырабы, прырода, вядомыя людзі пахаваныя. Гэтыя вартасьці і абумовілі наданьне аб’екту статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці».


Рэстаўратар даводзіць, што могілкі — комплексная каштоўнасьць, па якой можна прасачыць даўнюю гісторыю месца.


«Вы паглядзіце, тут кожнае пахаваньне сьведчыць і пра лёс чалавека, і пра яго культуру, і пра фінансавы стан нават. Тут гістарычныя падзеі адлюстраваныя. Паглядзіце, як выглядаюць магілы ХІХ стагодзьдзя, а як пазьнейшыя. Вось за адной агароджай дзьве магілы. На адной крыж, а на другой зорка. Тут ёсьць і каталікі, і габрэі, і праваслаўныя, і савецкія людзі. А на новых надмагільлях, якія ставяць у межах добраўпарадкаваньня гэтага, толькі імя і гады жыцьця. Нават на дакладныя даты нараджэньня і сьмерці няма месца».

Белым матузком актывісты пазначаюць надмагільлі, якія просяць не зносіць


Актывісты, якія спрабуюць выратаваць пахаваньні на Вайсковых могілках ад добраўпарадкаваньня, ня маюць адназначнага адказу на пытаньне аб яго прычынах. Штодня на могілкі прыходзяць людзі, якія чысьцяць старыя надмагільлі, фарбуюць мэталічныя агароджы набытай за ўласныя грошы фарбай, павязваюць белыя матузкі на найбольш каштоўныя надмагільлі. Такі матузок — знак таго, што надмагільле будзе прыведзенае ў парадак, расчышчанае і пафарбаванае. Супрацоўнікі спэцкамбінату ў сваю чаргу пазначаюць выбраныя для зносу надмагільлі жоўтай фарбай. Гарантыі, што іх спыніць белы матузок, няма ніякай.


«Праграма гэтага добраўпарадкаваньня — гэта ж дзяржаўнае фінансаваньне для пэўных ведамстваў, — кажа Раман Забела. — Гэта таксама справаздачнасьць аб тым, што вось нешта робіцца. Нехта, магчыма, на самой справе перакананы, што зробіць лепш. Будзе чысьцей, прыгажэй, як у амэрыканскіх фільмах. Нехта думае, што будзе забясьпечаны працай на пэўны пэрыяд. Нехта ўсталёўвае гэтыя надмагільлі, нехта іх вырабляе. Людзі працу маюць».


Раман гаворыць, што пры жаданьні прывесьці ў парадак можна і старыя надмагільлі з агароджай. У Беларусі ёсьць свае спэцыялісты для гэтага. Большасьць надмагільляў і агароджаў на Вайсковых могілках можна аднавіць адносна невялікім коштам — счысьціць іржу з агароджы, прагрунтаваць і падфарбаваць. Гэтага хопіць на гадоў 10-20.


«Яны нам нічога не паказваюць»


«Ніхто нам ніякіх дакумэнтаў афіцыйных, паводле якіх адбываецца добраўпарадкаваньне, так і не паказаў, — расказвае актывіст Павал Каралёў. — Вайсковыя могілкі ў Менску — гэта гісторыка-культурная каштоўнасьць. Каб нешта там рабіць, трэба рыхтаваць адпаведны праект, праводзіць дасьледаваньні з удзелам экспэртаў. Але мы падазраём, што праекту такога альбо ўвогуле не рабілі, альбо зрабілі яго абы-як».

27 чэрвеня на тэрыторыі Вайсковых могілак адбылася неафіцыйная сустрэча прадстаўніка Міністэрства культуры з актывістамі, якія спрабуюць спыніць работы на іх тэрыторыі. Прысутнічала там таксама кіраўніцтва Спэцыялізаванага камбінату камунальна-бытавога абслугоўваньня, чые супрацоўнікі займаюцца добраўпарадкаваньнем тэрыторыі могілак.


«Дасягнулі вуснай дамоўленасьці аб тым, што масавыя работы спыняцца, — кажа Павал Каралёў. — Яны, вядома, могуць яе парушыць у любы момант. Тут цяжка нешта меркаваць. Але мы прайшліся зь імі разам па могілках. Візуальна вызначылі тое, што можна прыбіраць. Гэта сапраўды аб’екты, якія не падлягаюць аднаўленьню і рамонту».


Паводле Каралёва, гэта кампраміснае рашэньне для супрацоўнікаў камбінату, якія ня хочуць прастойваць. У той жа час актывісты баяцца, што работы адновяцца. За дзень камбінат парадкуе каля 20 аб’ектаў. Доўга бяз працы яго супрацоўнікі могуць ня вытрымаць.

Цяпер актывісты па дамоўленасьці з уладамі будуць займацца інвэнтарызацыяй могілак. Пасьля яе можна будзе вырашаць, якім чынам будзе працягнутае добраўпарадкаваньне.


95 рублёў 16 капеек


Як даведалася Свабода, на гэты момант добраўпарадкаваньне Вайсковых могілак адбываецца ў адпаведнасьці з дакумэнтам, які мае назву «Пратакол выязнога паседжаньня працоўнай групы па рэканструкцыі могілак Вайсковых ад 29 траўня 2018 № 1». Зацьверджаны гэты пратакол намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму Віктарам Лапцевым, які зьяўляецца куратарам пытаньняў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, энэргетыкі, транспарту і сувязі Менску.

У Менгарвыканкаме пакуль не раскрываюць, хто і якім дакумэнтам дазволіў праводзіць работы на Вайсковых могілках. Абяцаюць усё расказаць на працягу «найбліжэйшых дзён». Міністэрства культуры на просьбу пракамэнтаваць рэканструкцыю Вайсковых могілак і патлумачыць, якім менавіта дакумэнтам яна дазволеная, адказала прапановай зьвярнуцца з афіцыйным запытам. Адказ на яго там таксама абяцаюць даць у максымальна магчымы хуткі тэрмін.

Надмагільле пасьля добраўпарадкаваньня


Як даведалася Свабода, пры добраўпарадкаваньні Вайсковых могілак выкарыстоўваецца самае таннае надмагільле. Яно вырабляецца на Спэцыялізаваным камбінаце камунальна-бытавога абслугоўваньня і каштуе ў краме прадпрыемства 95 рублёў 16 капеек як «надгалоўнік „Крупцы“». Іншыя варыянты надмагільляў у краме прадпрыемства каштуюць у сярэднім ад 200 да 300 рублёў.

«Вельмі важна не дазволіць цалкам добраўпарадкаваць такім чынам Вайсковыя могілкі, — кажа Павал Каралёў. — Нейкая іх частка ўжо страчаная, аднак важна захаваць тое, што яшчэ можна. Калі гэтага не зрабіць, то будуць наступныя добраўпарадкаваньні. На Кальварыі, напрыклад».