Лідэрка руху «Маці 328» Ларыса Жыгар пракамэнтавала Свабодзе зьмены ў «наркатычныя» артыкулы Крымінальнага кодэксу, якія сёньня ў першым чытаньні прыняла Палата прадстаўнікоў.
Спадарыня Жыгар станоўча паставілася да зьніжэньня на два гады ў частках 2–3 артыкула 328 ніжняй плянкі тэрміну зьняволеньня.
«Але гэтага вельмі і вельмі мала. Гэта толькі тая малая крыха, якую зрабілі ўлады. Цяпер у калёніях сядзіць шмат моладзі, якая не заслужыла такіх вялікіх тэрмінаў. І калі карэкцыя Крымінальнага кодэксу іх не закране, то з боку ўладаў гэта будзе подласьць», — сказала Жыгар.
Яна сказала Свабодзе, што разам зь яшчэ чатырма актывістамі руху 27 чэрвеня наведала камісію Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бясьпецы, якая зьяўляецца профільнай у гэтым пытаньні. І мы прасілі дэпутатаў, каб суды перагледзелі тэрміны пакараньня.
Ларыса Жыгар паведаміла, што цяпер «Маці 328» будуць настойліва патрабаваць замены неадбытай часткі тэрміну на мякчэйшае пакараньне альбо на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне.
«Нельга даводзіць да таго, што з калёніі выпускаюць хлопца ўсяго за тры дні да завяршэньня ягонага тэрміну пакараньня і праводзяць гэта ў дакумэнтах як умоўна-датэрміновае вызваленьне. А такія прыклады, на вялікі жаль, ёсьць. Таму спыняцца мы ня маем намеру», — заявіла лідэрка руху.
Другое чытаньне згаданага законапраекту заплянаванае на восеньскую сэсію, якая пачнецца 2 кастрычніка.
Што важна ведаць
- У красавіку-траўні актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
- Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
- 8 траўня Лукашэнка дапусьціў магчымасьць паслабленьняў адказнасьці спажыўцоў наркотыкаў.
- 11 траўня Савет міністраў накіраваў у Палату прадстаўнікоў законапраект аб зьмене наркатычнага артыкулу.
- Што ўрад прапануе зьмяніць у «наркатычных артыкулах» Крымінальнага кодэксу