32-гадовы жыхар Магілёва Пётар Міхеенка (імя зьмененае па ягонай просьбе — РС) двойчы адбываў пакараньне за наркотыкі.
Першы раз яго пасадзілі задоўга да прэзыдэнцкага дэкрэту «Аб неадкладных захадах па супрацьдзеяньні незаконнаму абароту наркотыкаў». Другі раз асудзілі пасьля наказу кіраўніка дзяржавы, каб «асуджаныя-328» у калёніях «сьмерці прасілі».
Зялёныя біркі псыхалягічна прыгняталі
Пётар пачаў ужываць марыхуану з 16 гадоў. Пра тое, што яна пад забаронаю, ведаў. Мужчына называе сябе творчай асобай. Ён захапляецца музыкай і шмат малюе. Настойвае, што «марыхуана стымулюе творчую актыўнасьць», а шкоды здароўю, як іншыя наркатычныя рэчывы, не наносіць. Пётар — прыхільнік легалізацыі марыхуаны.
У дваццаць два гады Пятра пасадзілі першы раз. Яго прызналі вінаватым паводле 3 часткі 328 артыкула (распаўсюд наркотыкаў — РС). З васьмі прысуджаных гадоў адседзеў сем (8 гадоў — мінімальнае пакараньне паводле гэтай часткі артыкула. — РС). Вызваліўся Пётар пры канцы 2014 году.
У красавіку 2015-га Пятра асудзілі другі раз на тры гады строгага рэжыму за 0,033 грама знойдзенай у яго марыхуаны. Вызваліўся два месяцы таму.
Пакараньне суразмоўца адбываў у Аршанскай калёніі № 8. Стаўленьне да асуджаных за наркотыкі і ўмовы іх утрыманьня, кажа ён, у параўнаньні зь першай адседкай сталі больш жорсткімі.
«Нам пастаянна нагадвалі: «Вы трапілі пад дэкрэт прэзыдэнта, дык пакутуйце», — кажа былы асуджаны.
У зоне сфармавалі асобныя атрады «дэкрэтнікаў». Так называюць тых, каго асудзілі паводле 328 артыкулу.
«Да 2015 году, — кажа ён, — не было падзелу на „асуджаных-328“ і астатніх. Усе адбывалі пакараньні ў аднолькавых умовах».
Асуджаным за наркотыкі загадалі нашыць «зялёныя біркі на адзежы». Іншыя арыштанты мелі чорныя. Па колеры бірак «асуджаных-328» называюць яшчэ «зялёнымі».
«Зялёныя біркі псыхалягічна прыгняталі. Яны вылучалі з агульнай масы зьняволеных. Калі даводзілася сустракацца з тымі, у каго нашытыя чорныя біркі, дык тыя не праміналі нешта кінуць абразьлівае на адрас асуджаных за наркотыкі. Зразумела, такая сытуацыя распальвала атмасфэру, правакавала канфлікты», — паведамляе пра адметнасьці другой адседкі Пётар.
Спатканьні з роднымі, тэлефанаваньні з абмежаваньнямі
У аршанскай калёніі, кажа былы вязень, з «асуджаных-328» сфармавалі два атрады па сто чалавек. Іх разьмясьцілі ў асобным сэктары. Асноўны іх кантынгент — моладзь. Паводле словаў Пятра, у яго атрадзе толькі паўтара дзясятка былі старэйшыя за пяцьдзесят гадоў.
Сярод нявольнікаў пераважаюць спажыўцы наркотыкаў. Большасьць тых, хто трапіў пад 3 частку 328 артыкулу, тлумачыць Пётар, ужывалі наркотыкі з кімсьці разам, што кваліфікавана сьледзтвам як факт іх распаўсюду. У калёніях, адзначыў ён, асуджаныя зь мінімальнымі васьмю гадамі — рэдкасьць. Пераважаюць пакараныя на 10 і болей гадоў.
«Для „дэкрэтнікаў“ існуюць абмежаваньні ў доўгатэрміновых спатканьнях з роднымі. Іх працягласьць — максымум двое сутак на паўгода, але большасьці давалі толькі суткі. Астатнія ж асуджаныя мелі магчымасьць заставацца з роднымі трое сутак», — кажа Пётар.
Асуджаным за наркотыкі абмежавалі час на тэлефанаваньні. Паводле Пятра, дзьвюм сотням «дэкрэтнікаў» на званкі давалі 2 гадзіны 45 хвілін зь дзесяці таксафонаў. Для іншых асуджаных такі час адводзіцца на 100 чалавек. Тэлефанаваць родным з калёніі дазваляецца раз на тры месяцы па 10-15 хвілінаў.
Па словах суразмоўцы, «асуджаных-328» пазбавілі магчымасьці станавіцца, як іншыя нявольнікі, на палепшаныя ўмовы ўтрыманьня за адсутнасьць дысцыплінарных спагнаньняў. Яны мелі перашкоды ў атрыманьні перадач ды закупах у краме.
«У каго няма падтрымкі з волі, тым даводзіцца дужа цяжка», — кажа ён. У такой сытуацыі без падтрымкі зьняволеных ня выжыць.
«Сярод „асуджаных-328“ адзіночак не сустрэнеш. Два-тры нявольнікі абавязкова будуць трымацца адзін аднаго. Дый наагул з праявамі людзкасьці сярод гэтай катэгорыі асуджаных сутыкаесься часьцей, чым у асяродзьдзі іншых нявольнікаў. У асаблівых умовах утрыманьня безь зьяднанасьці ня выжыць», — кажа Пётар.
Асуджаныя за наркотыкі не разьлічваюць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне
У першае сваё зьняволеньне Пётар падпаў пад амністыю. Тэрмін яго пакараньня скарацілі на год. Разьлічваць на амніставаньне пасьля ўступленьня ў сілу дэкрэту Лукашэнкі не выпадала, кажа ён.
«Фармальна на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне могуць разьлічваць і асуджаныя за наркотыкі. Але іх могуць выпусьціць за тыдзень, два, можа за месяц да сканчэньня асноўнага тэрміну пакараньня. Гэта робіцца дзеля статыстыкі — маўляў, усе асуджаныя ў роўных умовах. З „дэкрэтнікаў“ цяпер мала хто верыць, што ўдасца вызваліцца ўмоўна-датэрмінова, асабліва калі сядзіш на строгім рэжыме», — тлумачыць сытуацыю Пётар.
Як ён кажа, незадоўга да яго вызваленьня ў калёнію даставілі медны кабэль — чысьціць ад ізаляцыі. Гэтай працай і занялі «асуджаных-328». Раней яны клеілі канвэрты.
На думку суразмоўцы, пасьля ўступленьня ў сілу «наркатычнага» дэкрэту Лукашэнкі ў «няпростых умовах» апынуліся тыя, каго пасадзілі да 2015 году. Яны пасьпелі прыстасавацца да жыцьця ў зоне, кажа Пётар. «І тут сытуацыя кардынальна мяняецца. Іх нібы другі раз пасадзілі», — кажа ён.
Наркотыкаў ня стала меней
Суразмоўца лічыць, што дэкрэт Лукашэнкі карэнным чынам не зьмяніў сытуацыю з наркотыкамі, але прывёў да масавых рэпрэсіяў супраць моладзі. Пад іх падпалі, настойвае ён, тысячы маладых людзей. На ягоную думку, «турма зробіць з маладога чалавека інваліда, а на свабоду ён выйдзе азлобленым на ўвесь сьвет».
«Зразумела, што больш цяпер сталі азірацца, паводзіць сябе больш абачліва, але наркотыкаў ня стала меней. Уся прафіляктычная праца, як і раней, зводзіцца да азнаямленьня з дэкрэтам і папярэджаньня, што наркотыкі — гэта кепска і за іх дужа караюць. Як і раней, маладыя людзі паслухалі, а назаўтра пайшлі на дыскатэку, на ёй паспыталі забароненае», — кажа Пётар.
На яго думку, паслабленьні ў перасьледзе за наркотыкі, пра якія апошнім часам кажуць чыноўнікі, выкліканыя пратэстам, асабліва галадоўкай, родных асуджаных паводле 328 артыкулу. Пётар, аднак, ня ўпэўнены, што дзяржава гатовая перагледзець сваю пазыцыю, і дапускае, што саступкі — гэта часовыя захады, каб прыглушыць пратэстныя настроі.
Намесьнік старшыні Вярхоўнага суду: «Створаны мэханізм супрацьдзеяньня наркаманіі працуе эфэктыўна»
Пра неабходнасьць больш жорсткіх умоў утрыманьня для асуджаных за наркотыкі Аляксандар Лукашэнка ўпершыню заявіў 4 сьнежня 2014 году. Для іх, казаў ён, варта стварыць «невыносныя ўмовы ў месцах адбыцьця гэтых тэрмінаў». Кіраўнік дзяржавы прапанаваў для гэтай катэгорыі асуджаных асобную калёнію.
«Калі ў нас не хапае такіх людзей на адну калёнію, давайце адно падразьдзяленьне, казарму ці яшчэ нешта ў калёніі строгага рэжыму. Установім такі рэжым, каб яны, седзячы ў гэтай калёніі, наўпрост скажу, сьмерці прасілі», — загадваў Аляксандар Лукашэнка.
Паводле зьвестак руху «Маці-328», у месцах пазбаўленьня волі паводле «наркатычных» артыкулаў адбываюць працяглыя тэрміны зьняволеньня 16 тысяч чалавек.
Адпраўным пунктам у жорсткім стаўленьні да затрыманых за наркотыкі яны называюць дэкрэт прэзыдэнта № 6 «Аб неадкладных захадах па супрацьдзеяньні незаконнаму абароту наркотыкаў». Дэкрэт Лукашэнкі пачаў дзейнічаць з 1 студзеня 2015 году.
8 траўня 2018 году ў разгар галадоўкі пратэсту актывістак руху старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала паведаміў, што кіраўнік дзяржавы дапусьціў «паблажкі» ў антынаркатычнае заканадаўства, але «толькі ў дачыненьні да спажыўцоў».
Намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Руслан Аніскевіч пацьвердзіў, што ў Палату прадстаўнікоў паступілі прапановы па зьмякчэньні пакараньня за наркотыкі. Яны тычацца 2 і 3 частак 328 артыкулу.
Аніскевіч, аднак настойвае, што «створаны мэханізм супрацьдзеяньня наркаманіі працуе эфэктыўна, а ўсе пытаньні ў ходзе яго выкарыстаньня могуць вырашацца праз павышэньне якасьці сьледзтва і больш патрабавальныя падыходы да разгляду спраў у судах».