Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турма, мужчына і жанчына. Наркаманская зона


У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць кніга Алены Струвэ «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі». Публікуем фрагмэнты гэтай кнігі. Сёньня разьдзел «Наркаманская зона»: Наркотыкі за кратамі. Як гэта пачыналася. Асуджаныя па 328-ым. Сяргей. Саша і Яўген. «Маладыя» і «старыя». Алекс, які вярнуўся ў нармальнае жыцьцё. Былая асуджаная Аня. «Былых не бывае».

Замовіць друкаваны асобнік можна тут.​

НАРКАМАНСКАЯ ЗОНА

Зэкі заўсёды шукалі спосабаў хоць на нядоўга адключыцца ад турэмнай рэальнасьці. Раней у гэтым дапамагаў алькаголь, ад 90-х яго пачалі замяняць наркотыкі.

Згодна са зьвесткамі МУС ды сьведчаньнямі былых асуджаных за злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі (паводле артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу), сытуацыя ў апошнія два дзесяцігодзьдзі выглядала так: «У канцы 1990-х — на пачатку 2000-х на зонах адкрыта гандлявалі гераінам. Бліжэй да сярэдзіны нулявых гераін быў выцесьнены апрацаваным хіміяй макам. Яго афіцыйна не забаранялі прыкладна да пачатку 2010-х. Прадавалі на зоне, а тым больш на волі».

Паводле інфармацыі, якая трапіла ў СМІ, толькі ў Менску за дзень рэалізоўвалася больш за 10 тон маку. Потым пайшлі спайсы ды іншыя міксы. Інгрэдыенты легальна набываліся ў аптэках. Як толькі афіцыйна забаранялі тое або іншае рэчыва, «рэцэптура» адразу мянялася — у склад міксаў уключаліся новыя дазволеныя прэпараты.

Пасьля прыняцьця ў студзені 2015-га дэкрэту № 6 «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеяньні незаконнаму абароту наркотыкаў» пачаліся масавыя пасадкі паводле арт. 328. Дэкрэт № 6 увёў значна больш жорсткае, чым раней, турэмнае пакараньне — пры абцяжлівых абставінах гэта можа быць 15–20 гадоў пазбаўленьня волі. Нават 25, калі нехта памрэ ад прададзенага наркотыку.

Але, як сьведчаць самі нарказалежныя, «турэмны тэрмін не палохае — палохае адсутнасьць дозы», наркаманаў менш ня стала, гэты кантынгент усё маладзее.

Цяпер колькасьць асуджаных паводле 328-га афіцыйна складае прыкладна шэсьць тысяч, або 1/6 ад усіх сядзельцаў папраўчых установаў краіны. У дарослых калёніях гэта пераважна маладыя людзі ад 18 да 30 гадоў. У Бабруйскай дзіцячай, якая для непаўналетніх, сустракаюцца і 14-гадовыя, зразумела, ня толькі спажыўцы, але і прадаўцы.

З выхадам прэзыдэнцкага дэкрэту папраўчая ўстанова ў «Воўчых норах» была цалкам перапрафіляваная ў адмысловую калёнію для наркаманаў-першаходаў. Другую, у Глыбокім, перапрафілявалі для асуджаных па 328-ым часткова. Разам з гэтай катэгорыяй вязьняў там таксама сядзяць іншыя паўторна асуджаныя ды пажыцьцёвікі. У астатніх зонах для такога кантынгенту былі створаныя асобныя атрады.

Калёнія "Воўчыя норы" у Івацэвічах
Калёнія "Воўчыя норы" у Івацэвічах

Наркотыкі за кратамі. Як гэта пачыналася

Палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў кажа, што з нарказалежнымі вязьнямі яму давялося сутыкнуцца яшчэ гадоў за дзесяць, а можа і болей, да працы ў Беларусі, калі служыў у сыстэме МУС у Казахстане. Ужо тады, у 1980-я, наркотыкі добра «гулялі» па турмах Сярэдняй Азіі. У СССР з Аўганістану гашыш ды гераін ішлі тонамі. Алег Алкаеў сьцьвярджае, што калі ў 1991-м прыбыў на службу ў Менск, то стаў ледзь не адзіным беларускім чыноўнікам, які ўвогуле бачыў тыя наркотыкі і ведаў пра іх згубнасьць.

Ад былога турэмніка

— У Беларусі дзяржаўныя асобы ставіліся да «рэчыва» як да самагонкі. Яны ніколі ня бачылі гераіну, ня ведалі, што такое опіюм. А гэта ўжо быў час, калі гэтыя цяжкія наркотыкі бесьперашкодна рухаліся на захад СНД. Спосабаў, каб яны «пралазілі» за краты, было мора. І пры гэтым не было на той час ніякіх прыладаў ды адмысловай літаратуры, як распазнаваць наркотыкі. Калі пра нешта даведваліся, то праз апэратыўную працу.

Недзе ў 1997 годзе, калі ўжо быў начальнікам СІЗА, я зь перапіскі зразумеў, што прынясуць наркотыкі. Я прапаршчыку, які прымаў перадачы, кажу: вось гэтую перадачу, калі ласка, да мяне прынясіце. Яны ўсё агледзелі, каўбасу, сала парэзалі, мэталічныя прадметы шукалі. А я прапаршчыку паказваю на цюбік з зубной пастай.

Паста як паста. Кажу: ускрывай, выціскай. І адтуль пасыпаўся парашок белы. Я ня ведаю, што гэта паводле складу. Можа, і гераін, а можа — какаін, іншага такога белага ня ведаю. Але што наркотык — гэта 100 працэнтаў.

Алег Алкаеў
Алег Алкаеў

Што вы думаеце? Я, начальнік установы, цэлы дзень тэлефанаваў у ГУУС Менску, прасіў прыехаць супрацоўніка, каб ён атрымаў гэты матэрыял. Ніхто не прыехаў. Занятыя яны, а ты сам разьбірайся. Я чакаю: патрэбная экспэртыза, патрэбная крыніца, адкуль гэта ўзята. Гэта выходзіць па-за межы маёй кампэтэнцыі.

Я аддаў сваім апэратыўнікам, яны потым знайшлі нейкага опэра, перадалі гэты цюбік у крымінальны вышук. На гэтым усё і скончылася. Якія былі наступствы — паняцьця ня маю. Не былі гатовыя ні дзяржава, ні міліцыя. А я іх папярэджваў: пачакайце, гэта ўсё прыйдзе. Прыйшло.

Паводле палкоўніка Алкаева, цяпер у былых савецкіх рэспубліках — і Беларусь не выключэньне — супрацоўнікі праваахоўных органаў самі зь цягам часу пачынаюць «крышаваць». Таму што плата ад злачыннага асяродзьдзя значна вышэйшая, чым міліцэйскія прэміі ды заробак. Нядаўні судовы «працэс 17-ці» ў Менску, дзе сярод фігурантаў, асуджаных за распаўсюд псыхатропаў, былі і адказныя прадстаўнікі МУС ды КДБ, гэта даказвае.

Працэс над абвінавачанымі ў распаўсюдзе наркотыкаў ды іншых злачыствах. На лаве 17 падсудных, у тым ліку два былыя супрацоўнікі КДБ. Менск, 29 лютага 2016 году
Працэс над абвінавачанымі ў распаўсюдзе наркотыкаў ды іншых злачыствах. На лаве 17 падсудных, у тым ліку два былыя супрацоўнікі КДБ. Менск, 29 лютага 2016 году

Асуджаныя па 328-ым

Сярод аўтараў лістоў, якія прыходзілі на «Свабоду ў турмах» зь месцаў пазбаўленьня волі, большасьць атрымалі тэрмін за наркотыкі. Вязьні менавіта гэтай катэгорыі найчасьцей дасылалі вершы, апавяданьні, нават дыскі са зьнятымі ў калёніях (афіцыйна) канцэртамі, дзе ў складзе тамтэйшых бэндаў выконвалі ўласныя песьні на ўласныя вершы. Многія дзяліся сваімі творчымі плянамі.

Сяргей

Зь Сяргеем, які пісаў вершы ды музыку і быў кіраўніком музычнага гурту ў калёніі, мы былі знаёмыя празь ліставаньне, часам асуджанаму ўдавалася нават датэлефанавацца да мяне зь лягернага таксафона — ён шчыра расказваў пра сваё жыцьцё.

Сяргею было пад пяцьдзясят. Нарадзіўся ў Дрэздэне, у сям’і савецкага вайскоўца. Упершыню паспытаў апіяты ў шаснаццаць, у дзевятнаццаць апынуўся за кратамі. Праз тры гады вызваліўся, а потым трапляў назад зноў і зноў. Паміж адседкамі найчасьцей нідзе не працаваў, жыў за кошт кватэры, дзе зьбіраліся такія самыя, як і ён, і разам варылі нейкае зельле. Яго не спыняла нават тое, што некалькі разоў быў блізкі да летальнага канца. Сяргей напісаў на «Свабоду»:

«Аднойчы, гэта было падчас маёй апошняй працяглай адседкі, мне паведамілі, што памёр мой брат. Гэта было ў 2009-м. Паехаць разьвітацца зь ім я ня змог. І тады штосьці шчоўкнула: у 1993 годзе памёр мой бацька, у 2003-м — маці, цяпер вось брат, а я нікога зь іх не пахаваў, бо ўвесь гэты час сядзеў за наркотыкі, часам былі артыкулы за крадзеж ці рабунак, аднак прычына была ўсё тая самая. Як бы там ні было, але турма выратавала мне жыцьцё. Калі б не яна, мяне б ужо даўно не было».

Зь лістоў Сяргея вынікала, што «перазагрузка» прыйшла да яго дзякуючы захапленьню музыкай ды паэзіяй. У калёніі ён паставіў некалькі музычных праграмаў, сярод якіх «Рок супраць наркотыкаў» і кампазыцыя на вершы Купалы і Коласа. Таксама пісаў, што разьлічвае на ўмоўна-датэрміновае і рашуча настроены пачаць на волі новае жыцьцё ды працягваць заняткі музыкай.

Мы сустрэліся зь ім празь некалькі месяцаў пасьля вызваленьня. Ён рабіў уражаньне сур’ёзнага чалавека. Казаў, што ўладкаваўся на завод, заробкі невялікія, але на хлеб ды масла хапае, таксама зьбіраўся працягваць заняткі музыкай. Пра наркотыкі казаў: больш ніколі. На разьвітаньне папрасіў пазычыць грошай на дарогу. Як потым высьветлілася, пазычаў ня толькі ў мяне. На той час, як выявілася, ён ізноў шчыльна «сядзеў на ігле».

Сяргей чарговы раз трапіў за краты, пратрымаўшыся на волі крыху больш за год. Яго і кампанію ўзялі «на хаце» за звыклай справай. Тэрмін выйшаў вялікі, больш за дзесяць гадоў. Ад некага з агульных знаёмых я чула, што ён рады таму, што трапіў у «родную» калёнію, дзе правёў некалькі апошніх тэрмінаў. Ён вярнуўся да заняткаў музыкай, грае ў гурце і час ад часу думае, што наўрад ці на волі яго можа чакаць нейкае лепшае жыцьцё.

Саша і Яўген

40-гадовы Саша і 35-гадовы Яўген выйшлі на волю вясной 2017-га. Саша быў асуджаны на пяць гадоў паводле арт. 328-1 (спажываньне), Яўген — на восем паводле арт. 328-3 (распаўсюд). Сёньня нібыта не зьбіраюцца больш вяртацца да наркотыкаў. Абодва чакаюць, калі скончыцца міліцэйскі нагляд і яны змогуць зьехаць у іншую краіну, каб цалкам зьмяніць асяродзьдзе, пачаць новае жыцьцё, працаваць і легальна зарабляць.

З пачаткам дзеяньня дэкрэту № 6 у Горацкай калёніі, як і ў іншых, былі створаныя адмысловыя атрады для наркаманаў. У такім атрадзе Саша адседзеў больш за два гады. Чым адрозьніваецца ўтрыманьне асуджаных па 328-ым артыкуле ў такім адмысловым атрадзе і ў звычайным?

— Акурат пад Новы 2015 год прэзыдэнт загадаў зрабіць для наркаманаў асобныя атрады і нават стварыць для іх за кратамі «невыносныя ўмовы», каб працавалі ў той «драконаўскай калёніі» ды «самі сьмерці прасілі». На асуджаных па першай частцы, гэтаксама як і на тых, хто распаўсюджваў, начапілі зялёныя біркі і перавялі ў асобны атрад.

Перад маім вызваленьнем наркаманам паабяцалі і нейкае адмысловае адзеньне, здаецца, памаранчовага колеру. Але я, на шчасьце, гэтага не засьпеў.

Яўген пацьвярджае словы Сашы:

— Усё робіцца, каб чалавек з артыкулам 328 выдзяляўся ў асяродзьдзі іншых зэкаў, быў нейкім ізгоем сярод такіх самых, як ён, крымінальнікаў. З чалавека зь зялёнай біркай зьдзекуюцца як кантралёры, так і крымінальнікі, у тым ліку тыя, хто сядзіць за забойствы, згвалтаваньні дзяцей.

Як сьведчаць суразмоўцы, шмат хто з асуджаных паводле 328-га, ня маючы ні працоўнай кваліфікацыі, ні магчымасьці яе атрымаць (пераважна з прычыны стану здароўя), вымушаныя займацца некваліфікаванай працай. Паводле Сашы, зьняволеныя-наркаманы працуюць у горшых умовах за астатніх:

— Гэта праца ў ангарах, дзе ёсьць толькі навес, зьверху ляжыць шыфэр, а вось з бакоў няма нічога, акрамя кратаў. Усю зіму, за выключэньнем дзён, калі моцныя маразы, асуджаныя зь зялёнымі біркамі праседзелі вось пад такім навесам, чысьцілі медны дрот. Нікуды ня скардзіліся. Бо за кожнае лішняе слова можаш нажыць сабе шмат непрыемнасьцяў.

Такую "рэкляму" можна пабачыць у менскіх завулках
Такую "рэкляму" можна пабачыць у менскіх завулках

Аднак далёка ня ўсе ў нашым атрадзе былі такія няздатныя. Было нямала тых, чый арганізм праз вымушаную адмову ад наркатычных рэчываў аднавіўся, і яны нават рэалізавалі сябе ў цікавай працы. У іх было нешта накшталт кар’ерна-прафэсійнага росту. Так званыя працоўныя пасады, магчымасьць займацца на месцы нейкім мэнэджмэнтам... Калі мозг яшчэ не сапсаваны, то і такі чалавек у стане цьвярозасьці можа зрабіць шмат чаго карыснага.

Дарэчы, наркаманаўскі атрад быў самы чытаючы. Прычым гэта была сур’ёзная літаратура. Аднак чыталі пераважна людзі нашага пакаленьня.

«Маладыя» і «старыя»

Саша расказвае, што сёньня наркаманы падзяляюцца на дзьве катэгорыі — старыя ды маладыя: першыя ўжываюць гераін ці апіяты, другія — сынтэтыку.

— У СІЗА ды КПЗ мне нярэдка даводзілася назіраць за паводзінамі і «маладых», і «старых» у стане абстынэнцыі. Калі ў «старых» падчас раптоўнай вымушанай адмовы пачыналася «ломка», фізычныя пакуты, ад якіх ты гатовы лезьці на сьценку, то ў «маладых» пры адмове праяўлялася моцная псыхалягічная залежнасьць, і гэта была зьява яшчэ больш жахлівая.

Яны могуць залезьці рукамі ў так званы «талчок» і потым рукамі сябе абмазаць, або ўзяць мятлу і гадзіны тры месьці камэру. Шмат розных «вясёлых», якія нічога не разумеюць. Поўнае высаджваньне мозгу.

Моладзь заводзілася нават ад адных размоваў пра наркотыкі, расказвае Саша:

— Маладыя, залежныя ад «спайсаў», «соляў» і г. д. зьбіраліся разам і бясконца размаўлялі пра свае сумесі. Такім чынам яны лавілі свой «прыход». Часам стваралася адчуваньне, што ўнутры некаторых зь іх ужо запушчаная праграма самазьнішчэньня.

Яўген мяркуе, што шмат хто з наркаманаў рады, што іх арыштоўваюць:

— Бо вязьніца сапраўды працягвае ім жыцьцё роўна на час прызначанага турэмнага тэрміну. Іншая справа, што вельмі шмат маладых цяпер. Многія нарадзіліся ў канцы 1990-х. Неўзабаве пойдзе пакаленьне 2000-х. Нямала з так званым «спаленым файлам» (псыхічнымі разладамі).


Алекс, які вярнуўся ў нармальнае жыцьцё

Былы асуджаны Алекс некалькі гадоў як сам пазбыўся залежнасьці і дапамагае зрабіць гэта іншым.

За яго плячыма 18 гадоў адседкі — «Валадарка», калёніі ў Воршы, Івацэвічах, Навасадах — і яшчэ большы тэрмін залежнасьці ад наркотыкаў.

Вяртаньне ў нармальнае жыцьцё даецца яму цяжка, бо сядзеў на сучаснай атруце — сынтэтычных заменьніках канапель.
Як кажа Алекс, «наркотыкі — гэта новая прыкмета беларускага рэцыдывіста, маладзейшага за 50». Як і шмат хто, ён «падсеў на рэчывы» за кратамі. Гэта здарылася ў Воршы, на «дванаццатцы». Было тады Алексу 18.

Галоўнымі выратавальнікамі для яго сталі родныя ды блізкія. Найперш — мама. На шчасьце, сям’я за яго ўвесь час змагалася.

Са спробы пазбыцца залежнасьці самастойна, толькі сілай волі, у Алекса нічога ня выйшла. Давялося прайсьці дарагое лячэньне і рэабілітацыю, бо бясплатнай альтэрнатывы ў цяперашняй сытуацыі няма.

Рэабілітацыйны цэнтар «Вяртаньне» місіі Teen Chalenge, Смалявічы. На дошцы абвестак — расклад дня
Рэабілітацыйны цэнтар «Вяртаньне» місіі Teen Chalenge, Смалявічы. На дошцы абвестак — расклад дня

Сёньня ў Алекса свая сям’я, нядаўна стаў татам. Жонка (лекар) прыняла яго такім, як ёсьць.

Алекс працуе ў адным з цэнтраў аказаньня дапамогі людзям, да якіх зусім нядаўна належаў сам. Завочна атрымлівае ўнівэрсытэцкую адукацыю. На ўласным досьведзе пераканаўся, што той, хто прыняў цьвёрдае рашэньне адмовіцца ад наркотыкаў, павінен стала кантактаваць са сваімі аднадумцамі, а ня з тымі, хто «сядзіць» на рэчывах.

Алекс прызнае за кожным права на выбар, але схіляецца да думкі, што пры той сытуацыі з наркотыкамі, якая ўтварылася сёньня ў Беларусі, трэба ўводзіць прымусовае лячэньне ды рэабілітацыю.

— Думаю, што калі б чалавеку далі права выбару — прайсьці рэабілітацыю або адправіцца ў турму, напэўна, мы б крыху пасунуліся ў змаганьні з нарказалежнасьцю. Бо наша вязьніца можа толькі падсадзіць чалавека на наркотыкі, але ніяк не вярнуць яго да нармальнага стану.

Так выглядае рэабілітацыйны цэнтар «Вяртаньне» місіі Teen Chalenge у Смалявічах
Так выглядае рэабілітацыйны цэнтар «Вяртаньне» місіі Teen Chalenge у Смалявічах

Алекс лічыць вартым вопыт Швэцыі, дзе за наркотыкі садзяць шмат, але, як правіла, на нядоўгія тэрміны.

— Фішка ў тым, каб такія людзі ня трацілі сувязі з роднымі ды не ператвараліся ў асацыяльных асобаў. Цягам зьняволеньня наркаманы ўвесь час занятыя ўдзелам у розных рэабілітацыйных праграмах: «12 крокаў», «Сувязь зь сям’ёй», «Здароўе». Тыя, хто ў лепшай фізычнай ды мэнтальнай форме, авалодваюць за кратамі прафэсіямі або дыстанцыйна атрымліваюць унівэрсытэцкую адукацыю.

У чалавека ёсьць шанец быць запатрабаваным. А няцяжка ўявіць, куды пры цяперашнім раскладзе пасьля дзесяці гадоў адседкі пойдуць зь беларускай турмы яшчэ даволі маладыя зэкі-наркаманы.

Былая асуджаная Аня

З улікам СІЗА і калёніі Аня адбыла за кратамі чатыры гады. Без наркотыкаў. Прыяжджаючы на спатканьні, маці не магла нарадавацца яе здароваму сьвежаму выгляду, спакойнаму душэўнаму стану і час ад часу заводзіла размову пра вучобу дачкі ў замежжы. У адказ кожны раз чула словы, якія прыводзілі яе ў разгубленасьць: «Ні ў якае замежжа не паеду, а наркотыкі ня кіну».

Выйшаўшы на волю, Аня прыняла дозу літаральна ў той самы дзень. Усё пачалося, быццам не было чатырох гадоў перапынку. Аніна мама тлумачыць гэта тым, што ў дачкі не фізычная, а псыхалягічная залежнасьць, справіцца зь якой стандартнымі спосабамі, асабліва жаночаму арганізму, вельмі цяжка.

Празь бяду, якая здарылася зь іх дачкой, кажуць бацькі Ані, яны «ведаюць пра наркотыкі ўсё». Што толькі не рабілі перад тым, як іх дачка трапіла за краты, якія толькі сумы зь вялікай колькасьцю нулёў не пераводзілі ў найлепшыя заходнія клінікі на лячэньне дзяўчыны, якія толькі ганарары не плацілі ўсясьветна прызнаным псыхатэрапэўтам ды ўсходнім шаманам, якія толькі праграмы не спансаравалі ў розных хрысьціянскіх цэнтрах.

Дадатковыя сумы, таксама немалыя, ішлі на водкуп дзяўчыны ў міліцыі, куды яна трапляла пасьля вяртаньня дадому і сустрэчаў зь сябрамі-наркаманамі. Нарэшце, сям’я стамілася адкупляцца ад міліцыянтаў і такім чынам дала маўклівую згоду на пасадку дачкі за краты. Як тапельцы за саломінку хапаліся за надзею: а раптам турма прымусіць задумацца. Не дапамагло.

«Наркаман — гэта чалавек, які страціў кантроль над ужываньнем наркотыкаў», — лічыць Анін бацька, колішні мянчук, цяпер расейскі алігарх, які жыве на Захадзе:

— Наркаман ня ў стане кантраляваць частату прыняцьця чарговай дозы. Яго сям’я таксама ня можа кантраляваць гэтую залежнасьць. Максымум, што яна ў стане зрабіць, — пазбавіць яго ад неабходнасьці здабываць грошы крымінальным шляхам. Гэта значыць блізкія вымушаныя фінансаваць нарказалежнасьць ды ляяльна ставіцца да ін’екцыяў дома. Каб гэта не здаралася абы-дзе.

Пасьля вызваленьня прайшло больш за пяць гадоў. Цяпер Ані пад трыццаць. Замужам за не наркаманам. Увесь час на гераіне. У сям’і кажуць, што гэта «адзінае, што ратуе маладую жанчыну ад цяжкай дэпрэсіі і трывогі».

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Паводле бацькі, невядома што абыходзіцца даражэй: фінансаваньне нарказалежнасьці ці фінансаваньне так званай «найлепшай антынаркатычнай тэрапіі». Ён перакананы, што ў сьвеце існуюць дзьве мафіі: адна — якая займаецца наркабізнэсам, а другая — якая зь ёй змагаецца.

Ён цалкам згодны са сьцьвярджэньнем некага з кіраўнікоў Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя: калі б усяго 1,5 працэнты сродкаў, што выдзяляюцца на «барацьбу» з наркотыкамі, былі б накіраваныя на распрацоўку мэдпрэпаратаў, якія блякуюць у мозгу чалавека «кайф», то чалавецтва забылася б пра наркаманію як пра чорную воспу ды чуму.


«Былых не бывае»

Палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў кажа, што ведаў у сваім жыцьці толькі аднаго былога наркамана. Бо з гледзішча міліцэйскага начальніка, насамрэч «былых» не бывае, і адзінае, што магчыма — ня вылечыць, а дапамагчы прыпыніць ужываньне. Пра эфэктыўнасьць швэдзкіх праграм Алкаеў ня ведае. Але можа казаць пра Нямеччыну, куды зьехаў у 2001-м.

Арганізацыя "Мэдыцына бязь межаў" падтрымлівае рэабілітацыйныя цэнтры для наркаманаў у сьвеце
Арганізацыя "Мэдыцына бязь межаў" падтрымлівае рэабілітацыйныя цэнтры для наркаманаў у сьвеце


Ад Алега Алкаева

— Тут, у Нямеччыне, жывуць мае сваякі. Адзін зь іх — параўнальна малады хлопец, які мае залежнасьць, пэрыядычна праходзіць лячэньне, рэабілітацыю. Тут з такімі няньчацца, нават нейкі курорт бясплатны для іх ёсьць.

Але каб канкрэтна сваяк вылечыўся, я нешта не заўважыў. Вось паўгода яго дома няма, а потым зьяўляецца. Нармальным бывае тыдні два, потым зноў сябры падазроныя. І праз два месяцы ён зноў зьнікае. Праграма ў такой прасунутай краіне, як Нямеччына, ёсьць, але эфэктыўнасьці няма, гэта я ведаю.

Алег Алкаеў перакананы, што сёньня нічога лепшага, акрамя ізаляцыі наркаманаў, не прыдумана:

— Калі сядзіць сто чалавек, гэта азначае, што тысяча дзьвесьце новых не далучацца да іх за гэты час. Бо, паводле міліцэйскай статыстыкі, адзін наркаман уцягвае ў сваё асяродзьдзе каля дванаццаці чалавек. Дзеля чаго? Каб потым самому атрымаць дозу.

Наркаман звычайна — злодзей-кішэньнік. Аднак фізычна ўжо красьці ня можа. Рукі трасуцца, зьнешні выгляд пужае іншых за кілямэтар. Вось ён і зьбірае дванаццаць — пятнаццаць чалавек. Пераважна з забясьпечаных сем’яў, бо такія ў яго купляюць наркотыкі, і застаецца доза для яго самога. Збытчыкі наркотыкаў сытуацыю ведаюць добра. Яны спэцыяльна «саджаюць барыгу на іглу», каб той потым шукаў ім кліентаў.

Але хіба такія працяглыя турэмныя тэрміны, як у Беларусі, не па-за межамі ўсялякага сэнсу? Хіба яны, як лічаць сваякі асуджаных наркаманаў, праваабаронцы, не ўмацоўваюць залежнасьць?

— Я не на іхнім баку. Вось задайце пытаньне тым, хто крычыць: «Ой, навошта нявіннага чалавека так надоўга?!» Спытайцеся: якім яны бачаць рашэньне гэтай праблемы? Ён ужо з двух разоў наркаманам становіцца і потым будзе іншых прыцягваць. А падлеткі будуць дзеля цікавасьці гэта рабіць, як маё пакаленьне ў свой час курыць пачынала. І гэтая спроба вельмі небясьпечна заканчваецца. Я пакуль бачу, што, ізалюючы іх, мы ратуем іншых людзей. А яшчэ гэтаму наркаману ў турме жыцьцё падаўжаем. У гэтым многія зь іх прызнаюцца. Зразумела, рэальна і з наркадылерамі, з пастаўшчыкамі змагацца трэба.

Папярэднія публікацыі

Палітзона

Зона хвароб. Турэмная псыхіятрыя

Зона хвароб. Гінэкалёгія, інваліднасьць, сьмяротнасьць

Зона хвароб. Тэрапія, хірургія, стаматалёгія

Штрафная зона

Прамзона

Жылая зона

Дзіцячая зона

Жаночая зона

Мужчынская зона

Тэрыторыя эзкаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG