Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паша, Саша, спайс і легалайз


Фота: shutterstock.com
Фота: shutterstock.com

«Не» наркотыкам скажа той, хто ўмее рабіць свабодны выбар. Артыкул Аляксандры Дынько.

«У Глыбокім увесь другі паверх вызвалілі пад 328-ю. Па-хуткаму ўсіх стараліся перавесьці. Рыхтуюцца — будуць нарыкамі ўсё закрываць», — мы з Пашам сядзім на лаўцы ў калідоры наркалягічнага дыспансэра. Яму крыху за трыццаць. Траціну жыцьця стаіць на ўліку як «наркаман». ​

Паша толькі днямі вызваліўся з «Глыбокага». Гэтая папраўчая калёнія нумар 13 мае славу самай жорсткай. Там сядзеў Дашкевіч, напрыклад. Цяпер, кажа Паша, у «Глыбокім» масава чакаюць асуджаных за незаконны абарот наркотыкаў — 328-мы артыкул Крымінальнага кодэксу.

Падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у калядныя дні антынаркатычны дэкрэт запусьціў пякельную машыну прысудаў: і без таго немалыя тэрміны зьняволеньня за абарот наркотыкаў паднялі да 25 год. Васьміклясьнік, які перадаў забароненыя рэчывы камусьці ў школе, можа сесьці ў турму на тэрмін большы, чым пасьпеў пражыць на сьвеце. ​

У дыспансэры ім выдаюць лекі, якія пазбаўляюць ад ломкі і цягі да наркотыкаў

Той, хто іх узяў, — на тэрмін трохі меншы, але зь беларускай турмы яны выйдуць аднолькавымі «зэкамі».​

«Ды нічым гэта не дапаможа, — кажа Саша. Яму тыя ж трыццаць, на ўліку стаіць 12 год. З марыхуанай пазнаёміўся ў трынаццаць. Адпачываў у Крыме ў санаторыі, там мясцовыя далі паспытаць. Калі з «травой» пачаліся праблемы — стаў калоцца.​

Паша і Саша лёгка пагаджаюцца пагаварыць са мной, толькі просяць не называць іхных сапраўдных імёнаў, нічога не здымаць, не запісваць і пры іх выключыць тэлефон. У дыспансэры ім выдаюць лекі, якія пазбаўляюць ад ломкі і цягі да наркотыкаў. Зь імі, кажуць хлопцы, могуць па пары месяцаў не ўжываць, пачуваюцца нармальна і працуюць.​

Калі Сашу і Пашу паставілі на ўлік, зарэгістраваных наркаманаў у Беларусі было прыблізна 6 тысяч. Цяпер — амаль у тры разы больш. А тых, хто рэальна спажывае, нават па падліках нашых профільных міністэрстваў, — болей у дзесяць разоў.

Быць наркаманам дорага. Ад пяцісот тысяч да двух мільёнаў у дзень

«А можа, і ў сто», — кажа Паша. ​

«Экстазі, ЛСД — гэтага ў нас няма, а іншыя наркотыкі дастаць — без праблемаў, — распавядае Саша — Таксісты, дальнабойшчыкі — усе барыжаць. На З... як прадавалі, так і будуць прадаваць — будуць тыя законы ці не. Людзям гэта трэба. ​

Быць наркаманам дорага. Ад пяцісот тысяч да двух мільёнаў у дзень, — кажа Паша. Калі лекі выдаваць перастануць, сьцьвярджаюць хлопцы, нарказалежныя пойдуць красьці і рабаваць. ​

У Пашы пяць судзімасьцяў. Апошняя за крадзеж. У Сашы — сем, але ён ні разу не сядзеў. «Адшапталі, — тлумачыць ён. — Задорага».

Чакаем, калі на нары адправяць хворых на дыябэт

У той час як ААН уголас кажа пра дэкрыміналізацыю спажыўцоў і заклікае дзяржавы ўсяго сьвету больш высілкаў і сродкаў укладаць у лячэньне ўжо залежных і сацыяльную працу, беларускае заканадаўства абрала іншы шлях. Паводле новага дэкрэту другое затрыманьне ў стане наркатычнага ап’яненьня азначае ўзбуджэньне крымінальнай справы.​

Паша і Саша кажуць: дастаць наркотыкі ў беларускіх турмах вельмі проста, і шмат хто ўпершыню спрабуе іх якраз за кратамі. ​

"Гэта два розныя падыходы: ставіцца да нарказалежнага як да хворага ці лічыць гэта кепскай звычкай, — тлумачыць лекар псыхіятар-нарколяг Уладзімер Пікірэня. — Мы ўсё стараемся перавыхаваць нарказалежных і адправіць іх у турму. Але з такім жа посьпехам можна пасадзіць хворага на дыябэт і спадзявацца, што гэта дапаможа яму вылечыцца«.​

Адкуль растуць ногі ў «антынаркатычнага дэкрэту», Паша і Саша ведаюць.​

«Цяперашняя палітыка ў адносінах да наркаспажыўцоў не разьлічаная на доўгі пэрыяд. Такія жорсткія меры выціскаюць іх за нейкую мяжу і не даюць ім у выніку вярнуцца ў грамадзтва, — кажа лекар Уладзімер Пікірэня. — Імавернасьць сацыялізацыі пасьля такіх вялікіх тэрмінаў адседкі вельмі нізкая. Краіна пераўтвараецца ў вялікую «зону» з зонаўскімі ж парадкамі і «паняцьцямі». А таму, хто не сядзеў, у ёй ужо дыскамфортна«.​

Адкуль растуць ногі ў «антынаркатычнага дэкрэту», Паша і Саша ведаюць.​

«Гэта ўсё з-за „спайсаў“, — упэўнены Саша. — А такія старыя нарыкі, як мы, з-за гэтых малых цяпер „на сямёрку“ паедуць».

Абодва хлапцы спайсы спрабавалі і кажуць, што больш ня будуць. «Спайсавых» Саша ненавідзіць і шчыра жадае ім сьмерці. ​

— Гэта забівае псыхіку, характар, сілу волі, — пачуць такое ад людзей, якія другі дзясятак гадоў стаяць на ўліку за гераін і опій, сапраўды страшна. — А цяпер адзін дурненькі ў школе паспытаў, распавёў — і ўсе ўзяліся. Яшчэ і інтэрнэт — каб спайс купіць, ня трэба падыходзіць да мутнага дзядзькі зь цяжкім позіркам. ​

«Каб спайс купіць, ня трэба падыходзіць да мутнага дзядзькі зь цяжкім позіркам.»
«Каб спайс купіць, ня трэба падыходзіць да мутнага дзядзькі зь цяжкім позіркам.»

Абодва хлапцы спайсы спрабавалі і кажуць, што больш ня будуць

Адмысловец-нарколяг ананімна кажа мне, што папулярнасьць спайсаў у Беларусі наўпрост залежыць ад жорсткага ціску на іншыя традыцыйныя наркотыкі, у тым ліку канабіс і амфетаміны. ​

У 2006-м зь Беларусі выціснулі гераін, яму на зьмену прыйшлі «бубкі» (сурагатныя апіяты з макавага насеньня). У хвалю «бубак» трапіў 24-гадовы М., у якога я, як і ўва ўсіх, пытаюся: як было першы раз?​

«Ну, я бухаў з гадоў чатырнаццаці, і мне аднойчы на дні народзінаў далі паспытаць, — шчыра кажа М. — І я зразумеў: вось ён, мой кайф. Не бухло ніякае, а гэта!» ​

Гандляроў «бубкамі» ўдалося прыціснуць, і ўжо год нават дзейнічае забарона на продаж макавага насеньня. Але наркаспажыўцоў стала ня менш, а больш.

«Ты за легалайз? Ды ты наркаман!»

МУС налаўчыўся шукаць наркагандляроў і кантрабандыстаў, але прапанаваць сваім грамадзянам прадуманую антынаркатычную палітыку дзяржава дагэтуль ня ў стане. І дзейнічае звыклымі мэтадамі — усіх, хто стварае праблемы, проста адпраўляюць на нары, далей з вачэй. ​

Фота з Бабруйскай выхаваўчай калёніі. Крыніца: http://bobrlife.by
Фота з Бабруйскай выхаваўчай калёніі. Крыніца: http://bobrlife.by

Я пытаюся: што Саша будзе рабіць, калі сын падрасьце і яму трэба будзе патлумачыць, што наркотыкі — гэта зло?​

«Ды я думаю, як яго ў першы кляс павесьці! У мяне пячонкі няма, ныркі, суставы адмаўляюць... Мне трэба думаць, як кватэру пакінуць жонцы і дзіцяці...» — Сашу трохі за трыццаць, нагадваю я сама сабе. Пасьля Саша заводзіць знаёмую і «сумную» песьню: «трэба, каб у дзіцяці былі іншыя інтарэсы, сачыць, хто ў яго сябры» і бла-бла-бла.

На мінулым тыдні ў гімназіі, дзе вучыцца мая 12-гадовая дачка, склікалі бацькоўскі сход, каб азнаёміць з новым дэкрэтам. Раздалі ўлёткі. ​

«Наркаманія — гэта цяжкае псыхічнае захворваньне, якое зьнішчае мозг, псыхіку, фізычнае здароўе чалавека і нярэдка заканчвалася сьмерцю...», — пішуць нам пэдагогі. — Практычна за ўсе злачынствы ў сфэры незаконнага абароту наркотыкаў прадугледжана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі".​

Уладзімір Пікірэня
Уладзімір Пікірэня

Лекар Уладзімер Пікірэня кажа, што страшыць дзяцей СНІДам і сьмерцю ад наркотыкаў няма сэнсу: гэта зьвязана з асаблівасьцямі псыхікі. Дзецям вельмі складана плянаваць сваю будучыню даўжэй, чым на два тыдні наперад.​

Эфэктыўны, — кажа доктар — той самы доўгі і нудны працэс выхаваньня асобы.​

«Калі чалавек вучыцца сам прымаць рашэньні, думаць пра іх наступствы і рабіць сьвядомы выбар паміж „ужыць — ня ўжыць“. Калі выхоўваецца чалавек, свабодны ад думкі калектыву. А ў нас выходзіць так, што выхоўваецца калектыўнасьць, залежнае мысьленьне, „што сказалі — тое і раблю“».​

Апэратыўныя здымкі зь ліквідацыі наркапрытону
Апэратыўныя здымкі зь ліквідацыі наркапрытону

Вельмі нэрвова рэагуе ўлада і на ідэю легалізацыі лёгкіх наркотыкаў. Сама ідэя «легалайзу» ў Беларусі ўспрымаецца як замах на дзяржаўны лад. Калісьці былы начальнік упраўленьня па барацьбе з наркотыкамі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі Мікалай Карпянкоў публічна заявіў, што людзі, якія выступаюць за легалізацыю лёгкіх наркотыкаў, — «самі лёгкія наркаманы». А дзяржавы, якія прымянілі такія меры, «зьяўляюцца некіраванымі». Проста каб быць сумленнымі, нагадаем, што ляяльна ставяцца да спажываньня марыхуаны ў Галяндыі, Канадзе, Чэхіі, некаторых штатах ЗША і, вядома, мэгакіраванай Паўночнай Карэі.

Абмяркоўваць гэтую тэму ўголас мала хто са спэцыялістаў наважваецца. ​

«Ты ведаеш, я б хацеў, каб усе наркотыкі былі дазволеныя, — кажа мне сябар-доктар у прыватнай размове. — На ўскрайку гораду мець адну краму, дзе прадаецца ўсё: алькаголь, цыгарэты, марыхуана, амфетамін.... Усё вельмі дорага і вельмі добрай якасьці. Я ўпэўнены, што гэта б дапамагло».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG