Рэйтынг прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна за апошнія тыдні рэзка зьнізіўся. Пра гэта сьведчаць дадзеныя сацыялягічных апытаньняў.
Паводле дадзеных Усерасейскага цэнтру вывучэньня грамадзкай думкі ўзровень даверу Пуціну за тыдзень з 10 па 17 чэрвеня зьнізіўся з 77 да 72-х працэнтаў.
Паводле дадзеных расейскага фонду «Грамадзкая думка» за адзін тыдзень колькасьць гатовых прагаласаваць за Пуціна на выбарах зьнізілася з 62 да 54 працэнтаў, а колькасьць тых, хто безумоўна давярае яму, — з 38 да 30 працэнтаў. Сацыёлягі адзначаюць, што гэтыя паказчыкі падобныя тым, якія былі ў 2013 годзе, да анэксіі Крыму, і зьвязваюць падзеньне рэйтынгу Пуціна з плянамі ўраду павысіць пэнсійны ўзрост, пра якія было абвешчана 14 чэрвеня.
Таксама зьнізіліся і рэйтынгі кіраўніка ўраду Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева і партыі «Адзіная Расея». Яны істотна ніжэйшыя, чым рэйтынг Пуціна. Колькасьць тых, хто не давярае Мядзьведзеву, паводле апытаньняў, перавысіла колькасьць тых, хто давярае.
Законапраект, унесены ў Дзярждуму, прадугледжвае паступовае павышэньне пэнсійнага ўзросту да 65 гадоў для мужчын і да 63 для жанчын.
Акрамя таго, урад абвясьціў аб плянах павысіць падатак да дададзеную вартасьць, а ў выніку так званага «падатковага манэўру» у паліўнай сфэры экспэрты асьцерагаюцца росту коштаў на бэнзін.