Пэнсійны ўзрост жанчын могуць яшчэ раз падвысіць пасьля 2022 году — паводле зьвестак БелаПАН, так заявілі ў Савеце Рэспублікі, дзе абмяркоўвалі дэфіцыт грошай у Фондзе сацыяльнай абароны.
Новы этап падвышэньня пэнсійнага ўзросту можа пачацца сьледам за цяперашнім, кажуць крыніцы агенцтва ў парлямэнцкіх колах. Да якога ўзроўню дэпутаты задумалі падвышаць пэнсійны ўзрост жанчын, невядома, але экспэрты кажуць, што было б мэтазгодна зраўняць «жаночы» і «мужчынскі» пэнсійныя ўзросты.
Дэфіцыт бюджэту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, зь якога выплачваюцца пэнсіі, назіраецца ад 2013 году — група экспэртаў зь міністэрстваў і ведамстваў у Савеце Рэспублікі разважала, што з гэтым рабіць.
Сярод прапановаў былі таксама «кампэнсацыйныя захады» — перанесьці частку выдаткаў на рэспубліканскі бюджэт, напрыклад плаціць зь бюджэту за догляд інвалідаў І групы і людзей пасьля 80 гадоў.
Іншая прапанова — не плаціць за першыя тры дні, праведзеныя на бальнічным, а толькі з чацьвёртага дня часовай непрацаздольнасьці.
Цяпер жанчыны ў Беларусі могуць выходзіць на пэнсію на пяць гадоў раней за мужчынаў. Падвышэньне пэнсійнага ўзросту, якое пачалося ў 2016 годзе, захоўвае такую розьніцу, да 2022 году пэнсійны ўзрост падвысіцца да 58 гадоў для жанчын і 63 для мужчынаў. Празь «дзіркі» ў рэформе шэраг беларусаў трапілі у пэнсійную пастку.