Кіраўнікі Кітая, Расеі і ЗША занялі першыя тры месцы ў рэйтынгу самых уплывовых людзей гэтага года па вэрсіі часопіса Forbes.
Лідэр КНР Сі Цзіньпін заняў першае месца. Годам раней гэта месца займаў Уладзімер Пуцін. Forbes нагадвае, што прэзыдэнт Расеі знаходзіцца на першых пазыцыях ў рэйтынгу, пачынаючы з 2012 года.
Сі Цзіньпін у сакавіку гэтага года дамогся зьмяненьняў у Канстытуцыі Кітая, дзякуючы чаму пашырыў свой уплыў, паведамляе Forbes.
Дональд Трамп апусьціўся ў рэйтынгу гэтага года з другога месца на трэцяе.
Канцлерка Нямеччыны займае чацьвёрты радок рэйтынгу. Дэ-факта Ангела Мэркель, на думку Forbes, зьяўляецца лідэрам усёй Эўропы. Акрамя Мэркель у сьпіс выданьня ўвайшлі ўсяго чатыры жанчыны.
Замыкае пяцёрку лідэраў кіраўнік і заснавальнік кампаніі Amazon Джэф Безос.