«Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі» — так называецца новая кніга бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода. Яе склалі выбраныя перадачы праграмы «Свабода ў турмах», якую цягам 2011-2017 гадоў вяла журналістка Алена Струвэ. На старонках кнігі — дакумэнтальныя споведзі людзей з крымінальным досьведам, у якім ёсьць месца гору і радасьці, подласьці і высакародзтву, каханьню і нянавісьці, хваробам і сьмерці, палітычным і побытавым канфліктам, творчасьці і гумару.
Your browser doesn’t support HTML5
Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца 19 чэрвеня ў Менску на сядзібе Партыі БНФ (Чарнышэўскага, 3). Пачатак а 18.00.
Замовіць друкаваны асобнік можна тут.
Сваімі першымі чытацкімі ўражаньнямі пра кнігу са Свабодай дзеліцца юрыст, намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.
Агееў: «У беларускіх умовах кожны можа апынуцца ў закладніках за кратамі»
«У Беларусі шмат хто ведае, што права не катавацца або не карацца жорстка і бесчалавечна зьяўляецца адным з асноўных правоў і свабодаў. Таксама вядома, што ўсе, хто пазбаўлены волі, маюць права на гуманнае абыходжаньне і павагу годнасьці, уласьцівай чалавечай асобе.
Але на практыцы часьцяком сыстэма пакараньня ў Беларусі не выконвае гэтых фундамэнтальных абавязаньняў дзяржавы.
Гэтая кніга пра тое, як людзі, сутыкаючыся з самаўпраўствам у месцах зьняволеньня, жывуць, любяць, маюць зносіны з вонкавым сьветам і захоўваюць чалавечую годнасьць. Яшчэ на старонках кнігі можна сустрэць зусім ня выдуманых пэрсанажаў „у пагонах“, якія ўвасабляюць сучасную беларускую ўладу.
У таталітарных і аўтарытарных дзяржавах тэма ўзаемадачыненьня ўлады і людзей у турмах, калёніях, ізалятарах абвастраецца і робіць бачнай усю сутнасьць прававой сыстэмы. Менавіта там пад асаблівым вуглом праламляюцца і становяцца востра адчувальнымі ўсе адметныя прыкметы рэжыму, які дэманструе сваё сапраўднае стаўленьне да Чалавека, годнасьці яго асобы.
Нам усім трэба трымаць у полі зроку сытуацыю „за калючым дротам“. У беларускіх умовах кожны можа апынуцца ў закладніках за кратамі.
Яшчэ я б рэкамэндаваў прачытаць гэтую кнігу супрацоўнікам пэнітэнцыярнай сыстэмы, каб яны ўбачылі сябе вачыма людзей, якія трапляюць у месцы несвабоды, каб сапраўды дасягалася самая істотная мэта пакараньня для тых, хто за злачынства апынуўся ў турме — іх выпраўленьне і сацыяльнае перавыхаваньне».