У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць кніга «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі». У кнізе — дакумэнтальныя споведзі людзей з крымінальным досьведам, удзельнікаў перадачы «Свабода ў турмах», якая выходзіла на Радыё Свабода ў 2011–2017 гг. Аўтарка гэтага цыклю, журналістка Алена Струвэ, атрымала за яго ў 2014 нацыянальную праваабарончую прэмію «Журналіст году».
У чэрвені-ліпені мы публікуем на сайце фрагмэнты кнігі. Замовіць друкаваны асобнік можна тут.
ШТРАФНАЯ ЗОНА
Турма бывае нават у турме. Законы, правілы людзі парушаюць ня толькі на волі, праблемы з суседзямі, начальствам узьнікаюць ня толькі дома ці ў офісе.
Свайго роду «турма ў турме» — спэцыяльная ізаляваная камэра для часовага адзіночнага ўтрыманьня асабліва непаслухмяных зьняволеных. Паводле старых традыцый, якія ідуць яшчэ з часоў царскай Расеі, гэтую камэру (яна ёсьць у кожнай турэмнай установе, як у СІЗА, так і ў калёніі) нярэдка называюць «карцэрам». Хоць з часу ўзьнікненьня сталінскіх лягераў зьявіліся і новыя назвы — ШЫЗА (штрафны ізалятар), ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу) і іншыя.
На блатной мове гэткія памяшканьні з зачыненымі дзьвярыма ды кратамі ва ўмовах лягеру завуцца «крытымі» або «крыткай». Нярэдка так кажуць і пра турму. Часам у гэтай сувязі можна пачуць, што чалавека «закрылі».
Тэрміны, колькі ў такіх штрафных месцах можна правесьці за адзін раз, абмежаваныя законам (ШЫЗА — максымум 10 сутак, ПКТ — максымум паўгода, «крытая турма» — максымум тры гады). Пасьля адседкі ў іх вязень вяртаецца ў звычайныя лягерныя ўмовы.
У Беларусі так званыя «крытыя турмы», куды ў якасьці пакараньня судовым рашэньнем звозяць з калёній найбольш непрымірымых да адміністрацыі ЗК, ёсьць у Горадні, Магілёве і Жодзіне. Яны лічацца вельмі суровымі.
Каго саджаюць у ШЫЗА
Ад штрафніка
Былы палітвязень, анархіст Мікола Дзядок быў вызвалены летам 2015-га пасьля пяці гадоў за кратамі: «Валадарка», Жодзіна, папраўчыя ўстановы ў Магілёве, Горках, Шклове, магілёўская турма № 4. Каля паўтара года агулам правёў у камэрах-адзіночках ШЫЗА, ПКТ, магілёўскай турмы.
Каб даць уяўленьне пра сучасны беларускі штрафны ізалятар, Мікола Дзядок робіць кампутарны рысунак такой камэры. Найчасьцей яму даводзілася сядзець у вельмі малых памяшканьнях. Паводле памеру гэта недзе 1,3 × 2 м. Тут і нары, і рукамыйнік, і прыбіральня, прышрубаваныя да падлогі столік ды зэдлікі.
— Ёсьць і большыя камэры паводле памераў. Але ўсе яны падобныя адна да адной. Паўсюль сьпіш на голых дошках, і паўсюль аднолькава холадна. Кожны вязень скажа, што па ШЫЗА можна прайсьці ў сярэднім пяць крокаў з аднаго кута ў другі. І тое калі табурэткі не пасярэдзіне камэры, што робіцца, мабыць, наўмысна.
У штрафных ізалятарах забаронена амаль усё: кніжкі, часопісы, газэты, лісты, папера з асадкай, перадачы, бандэролі, спатканьні, тэлефанаваньні. У душ выводзяць раз на тыдзень, і то на 15 хвілін. Вось так тупа сядзіш увесь дзень, акрамя ночы, бо ляжаць днём таксама нельга — гэта парушэньне правілаў распарадку і пэрспэктыва чарговага пакараньня.
Часам Міколу, паводле яго, шчасьціла, і ён сядзеў у ШЫЗА не адзін. Гэта калі ў калёніі здараўся міні-бунт і ізалятар перапаўняўся — па два-тры чалавекі ў кожнай камэры:
— Вядома, гэта было лепш. Як сказаў Дзюма: калі турма з кімсьці падзеленая, гэта ўжо напалову турма. Калі ты не адзін — гэта ўжо цяплей целу. Да таго ж, калі пасьля працяглага маўчаньня ты зь некім размаўляеш, гэта ўжо лягчэй псыхалягічна.
У параўнаньні з ПКТ і турмой, у ШЫЗА саджаюць на найкарацейшы тэрмін. Пасьля 2010 году, паводле закону, гэта сама больш 10 сутак.
— Але тут такі нюанс — калі ты нібыта нешта парушыў ужо ў ШЫЗА, напрыклад, не зашпіліў той самы гузік, то табе разавае пакараньне 10 сутак могуць падоўжыць яшчэ на дзесяць, а потым яшчэ на столькі і г. д. Кантралёр піша акт, які перадаецца начальніку атраду, і твой тэрмін у ШЫЗА працягваецца.
Я, напрыклад, адседзеў 20 дзён запар, маладафронтавец Яўген Васьковіч — 30. Са мной у адзін час сядзеў хлопец, якому тэрмін падоўжылі да 60 сутак. Таксама я ведаў яшчэ аднаго ЗК, які бяз выхаду з ізалятару адседзеў 180 дзён — паўгода. Выйшаў адтуль з цэлым букетам хваробаў.
Што да мэдычнай дапамогі ў ізалятары... Насуперак прапісаным правілам, калі лекар павінен двойчы на дзень абыходзіць ШЫЗА, на практыцы — дзесьці ён увогуле не абыходзіць, дзесьці робіць абход раз на дзень. Што да якасьці дапамогі, то ў лепшым выпадку дадуць табе нейкі анальгетык, каб больш не дурыў ім галавы. Аднойчы мне было кепска ў сувязі з хранічнай хваробай. Прыйшоў фэльчар, я расказаў яму пра болі, а ён спытаўся: а мне што рабіць?
Здаралася, што вязьні ШЫЗА ўчынялі суіцыд. Ведаю некалькі такіх выпадкаў.
Наколькі часта трапляе ў ШЫЗА сярэднестатыстычны ЗК? Мікола Дзядок дзеліцца такімі назіраньнямі:
— У любой зоне, а гэта каля 1000 вязьняў, прыкладна ад 7 да 20 чалавек належыць да такіх, умоўна кажучы, дысыдэнтаў. Гэта тыя, хто або апантаны так званай блатной рамантыкай, або проста адстойвае свае правы і піша скаргі ў розныя інстанцыі. Людзі непрымірымыя паводле характару, таксама былыя сядзельцы, якія ведаюць, як сябе паводзіць, на што ціснуць, каб дамагчыся нейкіх зьменаў у сытуацыі.
Асабліва гэта тычыцца тых, хто сядзеў 10–15 гадоў таму і памятае сілу розных турэмных пратэстаў. Усе гэтыя людзі і «езьдзяць» у ШЫЗА, гэта яго сталыя кліенты. Яны пад няспынным кантролем. Найчасьцей іх судзяць за кратамі паводле арт. 411, і свой тэрмін яны заканчваюць у «крытай» турме або ў ПКТ — памяшканьні камэрнага тыпу.
Вядома, сярэднестатыстычны вязень можа адседзець за кратамі ўвесь тэрмін — 10, 12, 15 гадоў — і ні разу не пабываць у ШЫЗА.
Гэта нармальныя пакорлівыя беларускія людзі. Яны прызвычаіліся цярпець, моўчкі глытаць зьнявагі. Нічога ніколі не патрабуюць. З чалавека можа атраднік пры ўсім атрадзе зьдзекавацца, пасылаць яго на тры літары, а той будзе маўчаць. Вядома, такія ніколі не трапляюць у ШЫЗА.
Тым больш не кажу пра так званых «казлоў». Гэта найбольш мярзотная катэгорыя асуджаных, але тым ня менш набліжаная да адміністрацыі: вычварэнцы-гвалтаўнікі, жорсткія забойцы зь вельмі сумнеўным мінулым, да якіх за кратамі з боку ЗК могуць быць самыя розныя пытаньні. Гэтыя вырадкі даволі камфортна адседжваюць увесь тэрмін і, зразумела, ніколі не атрымліваюць ніякіх штрафных санкцый.
Разнарадка на штрафнікоў
Ад турэмніка
Служачы на Валадарцы, а таксама ў калёніі строгага рэжыму, палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў як начальнік меў паўнамоцтвы караць найбольш непакорных ЗК. У СІЗА — карцэрам, у папраўчай установе — штрафным ізалятарам ды памяшканьнем камэрнага тыпу. Паводле Алкаева, ён вельмі неахвотна ішоў на такія мэтады перавыхаваньня.
— Я калі ў СІЗА на «Валадарцы» ў Менску працаваў, то самае вялікае пакараньне, якое даваў — пяць сутак карцэру. Паводле закону дзесяць можна было, нікому дзесяць не даваў. Двое сутак, трое. Спачатку супрацоўнікі нават абураліся: а чаму так мала? Я кажу: ды яму і сутак досыць на вядры пасядзець. (Туалета не было, на жаль.) І ў мяне карцэры былі пустыя, я нікога не караў.
Калёнія — гэта іншая справа. Гэта ня камэрная сыстэма, там больш свабоды. Там асуджаныя могуць і ў валейбол гуляць, і ў футбол. Зразумела, розныя парушэньні здараюцца.
Калі я працаваў начальнікам калёніі ў Навасадах, мне нават разнарадка прыходзіла: вам для асабліва злосных парушальнікаў даецца пятнаццаць месцаў у турму горадзенскую. Чамусьці зэкі ды журналісты з праваабаронцамі называюць такія турмы «крытымі» — можна падумаць, ёсьць адкрытыя вязьніцы.
У кожнай з трох беларускіх турмаў свой кантынгент. У Магілёве — упершыню асуджаныя, у Горадні — тыя, у каго дзьве суджанасьці і больш, «прафэсіяналы», у Жодзіне — пажыцьцёвікі.
Я ніводнага чалавека не адправіў туды. Я праціўнік турмы. Патлумачу, чаму. Ёсьць у калёніі памяшканьне камэрнага тыпу, ПКТ называецца, і там умовы ўтрыманьня як у турме. Накіроўвае туды штрафнікоў начальнік калёніі. І там яны да шасьці месяцаў утрымліваюцца.
І вось мне прадпісваецца: на тры гады турмы трэба адправіць пятнаццаць зэкаў. Я кажу: мне ня трэба гэта, я дам чалавеку шэсьць месяцаў ПКТ, хай сядзіць у мяне, я буду перавыхоўваць. У чым розьніца? Калі асуджаны ў турму ад’яжджае, гэта працуе на ягоны аўтарытэт: ён у турме пасядзеў, у «крытцы», як яны кажуць. А калі ён пасядзіць шэсьць месяцаў у мяне, яго ідыётам будуць лічыць, дурнем. Але такіх я ня бачыў. Я мала каго саджаў, бо ўвогуле быў праціўнікам такога пакараньня.
Ізалятары ў замежжы
Ад «зэка-міжнародніка»
Менскі журналіст Васіль Сямашка, якому ў канцы 1990 — пачатку 2000-х давялося сядзець у турэмных установах Беларусі ды Нямеччыны (у Беларусі — за бойку, у Нямеччыне — за парушэньне межаў), сам у штрафных ізалятарах ня быў. Але тыя, хто туды трапляў, пры сабе гэты досьвед не трымалі. Ад іх ён і ведае, што такое ШЫЗА.
— Паўсюль гэткія ізалятары дзейнічаюць у мэтах пакараньня. Толькі ў адных краінах гэта мае задачу прынесьці вязьню цялесныя пакуты, а ў іншых — псыхалягічныя.
Ён удакладняе: у Беларусі вязень часам сам мог пажадаць трапіць у ізалятар. У якіх выпадках? Калі камэра перапоўненая. Бывала, напрыклад, што ў сьледчым ізалятары ў Менску па два-тры чалавекі на месца, а на двары гарачае лета, у камэры душна. Таму ў карцэры, дзе заўсёды холадна, сядзець нашмат больш прыемна.
— Але, канечне, рэдка здараецца, каб нехта сам захацеў у штрафное памяшканьне. Бо штрафныя ізалятары ў Беларусі існуюць для таго, каб прычыняць вязьню фізычныя пакуты. У ШЫЗА вязьня зьмяшчаюць у турэмнай робе — няважна, зіма ці лета. Ацяпленьне слабое, нары ўдзень прышпільваюць да сьцяны, паляжаць немагчыма. Можна толькі прысесьці на маленькую табурэтку, яе называюць «пянёк». Але можна і пасядзець на падлозе.
Часьцей за ўсё ў штрафным ізалятары кормяць ежай бяз тлушчаў. Пасьля двух тыдняў чалавек вяртаўся адтуль у атрад даволі схуднелы. Асабліва трэба сказаць пра ўстанову УЖ 15/1, турму на Кальварыйскай у Менску. Яе ўжо зруйнавалі, аднак доўгі час яна лічылася адной з самых суворых у Беларусі. Штрафны ізалятар уяўляў зь сябе аднапавярховы барак у выглядзе літары «п». У вуглавых камэрах узімку было вельмі холадна, тэмпэратура трымалася каля нуля. Як расказвалі, хто там пабываў, чалавек практычна ня спаў. Трэба было ўвесь час рабіць фізычныя практыкаваньні, каб не замерзнуць.
Адрозна ад беларускіх ізалятараў, нямецкія выклікаюць у вязьня не фізычныя, а псыхалягічныя пакуты. Але сама мэта аднолькавая — пакараць. Можа быць і яшчэ адна мэта — каб вязень не зрабіў з сабой чаго небясьпечнага, — мяркуе Васіль Сямашка:
— У Нямеччыне штрафны ізалятар — гэта часьцей за ўсё звычайная камэра, толькі вокны пафарбаваныя белай фарбай. Для тых, хто схільны да самагубства, на падлозе надзіманы матрац, а сьцены могуць быць абабітыя мяккай тканінай. І часам зьняволеных туды зьмяшчаюць без адзеньня. Даюць толькі трусы і пампэрсы для дарослых. Што цяжэй — фізычныя мукі ці псыхалягічныя — сказаць складана. Хоць, вядома, пасьля беларускіх турмаў турма ў Нямеччыне выглядае як санаторый дзіцячы.
Васіль Сямашка апісвае розьніцу ня толькі ва ўмовах ўтрыманьня ў штрафным ізалятары, але і ў падставах, паводле якіх там можна апынуцца.
— У Беларусі ў ШЫЗА можна трапіць за што заўгодна. Да прыкладу, мне расказвалі: у Жодзіне ўлюбёным заняткам адміністрацыі было чапляцца, што дрэнна нашараваны кранік, які меў уласьцівасьць адразу цямнець. А ў Нямеччыне падстава для ізаляцыі — канфлікты. Найчасьцей, гэта канфлікты са зьняволенымі, радзей — з супрацоўнікам турмы.
У нямецкай турме шмат іншаземцаў, прадстаўнікоў самых розных нацыянальнасьцяў. Як мне самому даводзілася назіраць, правакуюць канфлікты часьцей за ўсё так званыя «рускія немцы», перасяленцы з былых краін СССР. І шмат у чым гэта адбываецца праз дурную блатную рамантыку.
Начытаўшыся розных расейскіх кніжак кшталту «Записки бешеного» (я сам уразіўся, калі ўбачыў у нямецкай турэмнай бібліятэцы ў Нюрнбэргу цэлую гару гэтай макулятуры), вязьні з былога СССР пачынаюць гуляць у «Архіпэляг ГУЛАГ» у «курортнай» нямецкай турме. Правакаваць зьняволеных, паміж сабой учыняць бойкі. Часам могуць нахаміць наглядчыкам. Тыя спакойна выконваюць свае абавязкі, ветлівыя і карэктныя. Але ж «нашаму» чалавеку прыемна паслаць ахову на тры літары, лічачы, што немцы не разумеюць. І трапляюць у ізалятар.
Папярэднія публікацыі
Турма, мужчына і жанчына. Прамзона
Турма, мужчына і жанчына. Жылая зона
Турма, мужчына і жанчына. Дзіцячая зона
Турма, мужчына і жанчына. Жаночая зона
Турма, мужчына і жанчына. Мужчынская зона
Турма, мужчына і жанчына. Тэрыторыя зэкаў