Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турма, мужчына і жанчына. Прамзона


Папраўчая калёнія №13, Глыбокае. Фота Васіля Сямашкі
Папраўчая калёнія №13, Глыбокае. Фота Васіля Сямашкі

Турэмны бізнэс. ДВП як буйны працадаўца. Аплата ў турэмнай валюце. «Працаваць мяне так і не прымусілі». Аб умовах і нормах. Жаночая праца. Праца на дзяцей. Бізнэс зэкаў. Заробкі зьняволеных у іншых краінах.

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць кніга «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі». У кнізе — дакумэнтальныя споведзі людзей з крымінальным досьведам, удзельнікаў перадачы «Свабода ў турмах», якая выходзіла на Радыё Свабода ў 2011–2017 гг. Аўтарка гэтага цыклю, журналістка Алена Струвэ, атрымала за яго ў 2014 нацыянальную праваабарончую прэмію «Журналіст году».

У чэрвені-ліпені мы публікуем на сайце фрагмэнты кнігі. Замовіць друкаваны асобнік можна тут.​

ПРАМЗОНА

Слова «праца» ў афіцыйнай назьве калёній няма — яны называюцца проста «папраўчымі». Але выпраўляюць там, апроч рэжыму і выхаваўчых лекцый, менавіта працай. Абавязковай.
Мінімальныя стандартныя правілы ААН абыходжаньня са зьняволенымі прадугледжваюць:

  • за сваю працу зьняволеныя павінны атрымліваць справядлівую плату ў рамках пэўнай сыстэмы.
  • у адпаведнасьці з гэтай сыстэмай зьняволеныя павінны мець магчымасьць выдаткоўваць прынамсі частку заробленых імі грошай на набыцьцё дазволеных прадметаў асабістага ўжытку і дасылаць частку сваіх заробкаў сям’і.
  • гэтая сыстэма павінна таксама прадугледжваць, што частка заробленых зьняволеным грошай застаецца на захоўваньні адміністрацыі, якая перадае яму гэтыя зьберажэньні ў момант яго вызваленьня.

Паводле зьвестак ДВП за 2016 год, у крымінальна-выканаўчай сыстэме МУС функцыянуюць чатырнаццаць прадпрыемстваў, тры філіялы і дзесяць пазабюджэтных вытворчых майстэрняў. Гэта розныя віды дрэваапрацоўкі і мэталаапрацоўкі, швейная і абутковая вытворчасьць, якая забясьпечвае, у тым ліку, спэцвопраткай сілавікоў ды спартоўцаў, некаторыя іншыя прадпрыемствы.

Сярэдні заробак асуджанага, які працуе ў папраўчай установе, складае 510 дэнамінаваных рублёў. З улікам усякіх выплатаў, асуджаны на рукі атрымлівае 51 рубель.


Турэмны бізнэс


Галініну мужу Сяргею — 36. За кратамі ўжо 10 гадоў, наперадзе столькі ж. Артыкул вельмі сур’ёзны. Як і пазоў, які суд пастанавіў выплаціць пацярпеламу боку.


Ад Галіны К.

«Каб выплачваць пазоў і адпаведна мець шанец на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне, муж не ўхіляецца ні ад якой працы, наадварот — бярэцца за самую цяжкую, часам траўманебясьпечную, бо такая найбольш высока аплачваецца.

Сама болей з таго, што ўдалося зарабіць за час адседкі — гэта, у пераліку, прыкладна даляраў 100 на месяц. Але такое бывала рэдка. Найчасьцей плацілі даляраў па 5–10. Калі раней на рукі зэку за мінусам усіх вылічэньняў — пражываньне, сьвятло, вада, адзеньне, харчаваньне — трапляла ня меней за 25% ад заробку, то цяпер, згодна з апошняй пастановай Мін’юсту аб спагнаньні да 90%, у месяц атрымлівае нейкія капейкі.

А цяпер палічыце, колькі дзясяткаў гадоў трэба працаваць зьняволенаму за кратамі, каб пагасіць пазоў на тысячы, дзясяткі і нават сотні тысяч рублёў? Правільна, на гэта і ўсяго астатняга жыцьця ў вязьніцы ня хопіць. Дарэчы, высокія даўгі, якія вісяць сёньня на беларускіх зэках, зусім ня рэдкасьць.

Лягічна выказаць здагадку: дзяржава ўсё ж зацікаўленая, каб пагашэньне пазову не расьцягнулася на 30—80—100 гадоў. На нармальны розум, зэку трэба прапанаваць лепш аплатную працу ці ўвогуле хутчэй вызваліць яго, каб ён ужо на волі пачаў працаваць на пагашэньне пазову, ня кажучы ўжо пра ўтрыманьне сям’і. На справе, аднак, усё інакш. Хоць дзяржава даволі часта рапартуе пра тое, колькі тысяч паступіла за год ад пагашаных пазоваў. Удаецца такое з дапамогай самага сапраўднага рэкету, які існуе ў зонах».

ДВП як буйны працадаўца

Ад супрацоўніцы ДВП

Як патрапляюць на працу ў турмы, калёніі, СІЗА — па гэты бок кратаў? Колькі плацяць супрацоўнікам і колькі зэкам?

Бухгальтарка Антаніна, якая працавала у сыстэме Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, лічыць ДВП адным з буйных працадаўцаў краіны.

Гэтая структура забясьпечвае працоўнымі месцамі ня толькі зьняволеных, але і сыстэму абслугі турмаў, прыкладна ў прапорцыях 5:1. Тых, хто ажыцьцяўляе ахоўныя функцыі, займаецца тылавым, мэдычным, выхаваўчым забесьпячэньнем ды заняты на вытворчасьці, у фінансава-эканамічных аддзелах. Традыцыйна аплата працы працаўнікоў пэнітэнцыярнай сыстэмы вышэйшая, чым у людзей з тымі самымі спэцыяльнасьцямі на волі.

Свайго часу менавіта фінансавы момант стаў галоўнай матывацыяй, чаму Антаніна маладой яшчэ дзяўчынай прыйшла працаваць у калёнію. Гэта было ў сярэдзіне 1980-х.

— Так, праца была добра аплатная. І людзей з вуліцы, вядома, ня бралі. Лічылася, што табе пашанцавала, калі ты трапіў працаваць у калёнію. Мы ўсе былі азнаёмленыя з правіламі працы ў рэжымнай установе, зразумела, давалі падпіску пра невыдаваньне службовых сакрэтаў.

Антаніна ўдакладняе, што трапіла на працу не ў апошнюю чаргу таму, што ў гэтай сыстэме працаваў яе бацька. Сярод вольнанаёмных былі і дзеці, і жонкі, і браты-сёстры, і дзядзькі-цёткі, і пляменьнікі-пляменьніцы.

Па сутнасьці, так было і застаецца паўсюль, цяпер нават яшчэ больш, кажа яна. Многія папраўчыя ўстановы месьцяцца далёка ад вялікіх гарадоў, а працаваць у правінцыі асабліва няма дзе. Таму пэнітэнцыярная сыстэма сёньня — гэта і сем’і, і кляны, і працоўныя дынастыі. Не заўсёды важна, якая ў чалавека спэцыяльнасьць. Галоўнае, што ён у выніку, акрамя ўсяго, будзе мець ільготы ды добрую пэнсію.

Папраўчая калёнія ў Навасадах. Фота Васіля Сямашкі
Папраўчая калёнія ў Навасадах. Фота Васіля Сямашкі

— Што тычыцца зьняволеных, то Крымінальна-выканаўчы кодэкс (ч. 1 арт. 98) прадугледжвае, што пры прыцягненьні асуджаных да працы працоўная дамова (кантракт) зь імі не заключаецца. Заробкі тых, хто знаходзіўся за кратамі, залежалі, па-першае, ад віду дзейнасьці і, па-другое, ад таго, ці вылічваліся зь яго абавязковыя выплаты — напрыклад, алімэнты. Калі вязень меў дачыненьне да буйных заказаў, што паступалі ў калёнію, і шмат працаваў на «промцы», яму налічваліся добрыя грошы. А калі праца была некваліфікаваная, то сума атрымлівалася мізэрнай.

Антаніна адзначае, што паводле закону на асабісты рахунак асуджанага павінна было залічвацца ня менш за 25% заробку. Аднак на справе выглядала так:

— Зь любой сумы адразу ў даход дзяржавы ішло 50%. Потым з рэшты сумы ў разьведзеных, а такіх была большасьць, вылічаліся алімэнты. Пасьля былі адлічэньні за харчаваньне, адзеньне, камуналку. У выніку большасьці зьняволеных на картку ішоў мізэр. Хапала на танныя цыгарэты ў мясцовай крамцы.

А тыя вязьні, у якіх не было выплатаў на дзяцей, якія рабілі мэблю альбо шмат працавалі ў швейных ці іншых цэхах, вызваляліся зь нейкімі грашыма. Іх «фінансавая падушка» залежала як ад іх саміх, так і ад заказаў вялікіх дзяржаўных прадпрыемстваў. Цяпер, напэўна, ад таго, якая ў калёніі адміністрацыя і як яна можа прыцягнуць да сябе заказчыкаў. Але большасьць, асабліва, калі зьнік СССР, выходзіла ні з чым.

Калёнія ў Навасадах. Фота Васіля Сямашкі
Калёнія ў Навасадах. Фота Васіля Сямашкі

Людзі за кратамі сядзелі і працягваюць сядзець «на мінусах» і, адпаведна, зь мінусамі выходзяць. Наколькі я ведаю цяперашнюю сытуацыю, дзяржава гэта потым сьпісвае. У любым выпадку, свае даўгі вязьні не кампэнсуюць.

Паводле савецкай традыцыі, «працоўная» сфэра беларускай сыстэмы выкананьня пакараньняў застаецца па-за грамадзкім кантролем. Нарматывы аплаты працы вязьняў і нормы прадукцыйнасьці ўсталёўваюцца кіраўніцтвам калёній і нідзе не публікуюцца. Сёе-тое пра гэта можна пачуць хіба што ад былых асуджаных.

— Вядома, да бухгальтарак з інфармацыяй пра розныя «левыя» справы адміністрацыі ніхто не прыходзіў. Але ж, думаю, гэтыя справы былі. Калі я працавала, то ў беларускіх калёніях здараліся бунты. І падставай для іх, як да нас даходзіла, былі карупцыя, адкаты, паборы. Усё гэта ніколі не фіксуецца ў ведамасьцях.

Вытворчасьць вёдраў у ПК-14. Фота Васіля Сямашкі
Вытворчасьць вёдраў у ПК-14. Фота Васіля Сямашкі

Аплата ў турэмнай валюце


Ад Сяргея П.

Сяргей, 35-гадовы вясковец з Магілёўшчыны, атрымаў за дробнае хуліганства васямнаццаць месяцаў. Сядзеў у Магілёўскай калёніі № 15, працаваў на КСП — кантрольна-сьледавой паласе. Яна знаходзіцца вакол калёніі, там, дзе забароненая зона («запретка»), сыстэма загародак ды платоў, каравульныя вышкі. КСП прызначаная для фіксаваньня сьлядоў уцекачоў.

— Мы працавалі з раніцы і да вечара. Кавалак паласы трэба было ўскапаць на штык рыдлёўкі. А гэта гліна, рыдлёўку немагчыма было ўторкнуць. Потым трэба было забаранаваць граблямі. Цяжкая праца. Пяць мэтраў праходзіш, і ногі ня ходзяць. Але мусіш рабіць.

Паводле Сяргея, свае месячныя заробкі ён і іншыя хлопцы атрымлівалі ў выглядзе так званай мясцовай валюты — «муткі» (цэляфанавая абгортка ад цыгарэтнага пачка. — Аўтар) гарбаты і 9–11 цыгарэт. Ні ў якіх ведамасьцях гэтая праца ня значылася.

— Турэмную валюту ў свой «крымінальны», як яны казалі банк, рэжымнікі бралі ў зэкаў. У тых, хто атрымліваў пасылку ці перадачу. Чалавек мусіў быў «адшпіліць», хоць гэта магло быць у яго апошнім. Калі не, то сам бачыў, як пасьля адбою адводзілі зэка на рэжымку, калі нікога не было, ды білі па нырках. Бывала, у іх там усе сталы ўгіналіся ад цыгарэт і гарбаты. Гэтым і плацілі заробак на промцы.

Аднойчы мне трэба было пераносіць пліты. Там пліта важыла кіляграмаў трыста. Моцна надарваў сьпіну, кажу, што не магу гэта рабіць. А рэжымнік: «Хутчэй працуй, а інакш зараз аб..сцу табе нагу, і паедзеш у гарэм». Гэта значыць, што атрымаеш статус «пеўня». І робіш, бо нічога не дакажаш.

Магілёў, дзьве вязьніцы: зьлева ізалятар, справа турма № 4
Магілёў, дзьве вязьніцы: зьлева ізалятар, справа турма № 4


«Працаваць мяне так і не прымусілі»


Ад «отказника» Алега Міхея

Мянчук Алег Міхей адседзеў за кратамі Бабруйскай калёніі шэсьць гадоў. Да турмы быў бізнэсоўцам. Меў 13 кіёскаў па здачы шклатары.
Кажа, што ў зоне сабатаваў працу як мог. Заробак 20 даляраў там ужо лічыўся добрым. А за тую працу, на якую зьбіраліся накіраваць яго, плацілі па даляры за два месяцы. Гэта была так званая «гума», калі з бракаваных шын трэба выдзіраць корд, каб потым тую гуму пусьціць у перапрацоўку. ​

— У мяне тады была трэцяя група інваліднасьці, я ўтрымліваўся ў інвалідным атрадзе, аднак, тым ня менш, мяне прымушалі працаваць. Але я пастаянна пісаў майстру папярэджаньні аб маім здароўі, не расьпісваўся за тэхніку бясьпекі.

Быць «отказником» у тых умовах было цяжка. Паводле Алега, яшчэ дзесяць гадоў таму бізнэсу калёніі вельмі спрыяла перанаселенасьць зон. Яшчэ ў 2007-м там сядзелі чатыры тысячы ЗК, а потым іх колькасьць скарацілася да дзьвюх. А працоўных месцаў засталося як і раней.

— Змагацца зь імі было цяжка, але працаваць я так і ня пачаў. Больш за тое, ужо на волі вярнуў сабе частку пэнсіі за пяць гадоў. Паколькі адміністрацыя ў парушэньне закону ўтрымлівала зь мяне, непрацуючага інваліда, грошы за харчаваньне. Дарэчы, за тую суму, хоць гэта і была маленькая пэнсія, я потым набыў сабе ноўтбук. А ў Бабруйскай калёніі ў гэтай сувязі тады выгналі на працу ўсіх інвалідаў трэцяй групы.


Ад «отказника» Міколы Аўтуховіча


«Отказником» быў і колішні палітвязень — вэтэран аўганскай кампаніі, прадпрымальнік і грамадзкі актывіст Мікола Аўтуховіч, які ў 2010–2011 гадах сядзеў у Івацэвіцкай калёніі. Мікола Аўтуховіч быў асуджаны двойчы: у 2006-м за прадпрымальніцтва безь ліцэнзіі і ўхіленьне ад падаткаў, а ў 2010-м — за захаваньне агнястрэльнай зброі, хаця Міжнародная амністыя прызнала яго вязьнем сумленьня. Выйшаў на волю ў 2014-м.

Міклай Аўтуховіч на сустрэчы камітэту па палітвязьнях з прадстаўнікамі АБСЭ
Міклай Аўтуховіч на сустрэчы камітэту па палітвязьнях з прадстаўнікамі АБСЭ

Працаваць за кратамі адмаўляўся прынцыпова — не хацеў аддаваць грошы ўладзе, якая зьнішчыла ягоны бізнэс. Хоць прапановы з боку адміністрацыі і былі, нават на нейкія «кіраўнічыя» зэкаўскія пасады, кшталту падлікоўца. Але начальства хутка зразумела ягоную пазыцыю і адчапілася.

Тым ня менш Аўтуховіча, які не працаваў, зьмясьцілі на «працоўным» баку лягеру (зона ўмоўна дзялілася на дзьве часткі — працоўную і непрацоўную).

Паводле Аўтуховіча, у Івацэвіцкай калёніі на час ягонай адседкі працоўных атрадаў была прыкладна палова. Але гэта не азначала, што ў такіх атрадах усе працавалі:

— Працэнтаў трыццаць мелі сталую працу. Зранку сыходзілі, увечары прыходзілі. А ў некаторых была праца такая: сёньня ёсьць што рабіць, заўтра няма, ня пойдзем. Два дні ня ходзяць, тыдзень могуць не хадзіць. Выпадковая праца.

У другой палове калёніі, дзе ўтрымлівалася пераважна так званая «братва», асуджаныя, паводле Міколы Аўтуховіча, адкрыта выказвалі нежаданьне працаваць на дзяржаву, бо бачылі ў гэтым прыніжэньне сваёй годнасьці. Такая адмова трактуецца заканадаўствам як злоснае парушэньне і караецца.

— Прафэсійным крымінальнікам, так званым «блатным», ім паводле статусу нельга працаваць. Блатны, які пайшоў працаваць — ужо не блатны. Цяпер такіх за кратамі засталося вельмі мала. Іх, як правіла, у зону не падымаюць. Яны падарожнічаюць па маршруце: ШЫЗА — ПКТ — суд паводле арт. 411 — турма. Бо адмова ад працы — грубае парушэньне рэжыму.

Мур Івацэвіцкай калёніі
Мур Івацэвіцкай калёніі


Аб умовах і нормах


Ад «ударніка працы» Генадзя Р.

Асуджаны на чатыры гады за нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў магілёвец Генадзь адседзеў у Бабруйску палову тэрміну. Выйшаў паводле амністыі. Пры разглядзе пытаньня камісія ўлічыла і ягоную «ўдарную» працу. Генадзь кажа, што спачатку працаваў у майстэрні калёніі, дзе некалькі асуджаных займаліся мастацкімі вырабамі. Прабыў Генадзь там нядоўга — некалькі дзён:

— Там была разьба па дрэве, нехта карціны маляваў. Майстэрня была малая. Чалавек дзесяць — пятнаццаць, выбраных з усёй зоны. Потым мяне, нічога ня кажучы, перакінулі паддоны зьбіваць. Далі малаток. Умоваў для працы там не было ніякіх. Стаялі дзьве піларамы 1818 году (сьмяецца). Гэта быў не варштат, а жах. Пяць чалавек было на бярвёнах. Яны скочвалі, падавалі. Трое чалавек абслугоўвалі той стары варштат.

Укладаньняў ніякіх, а аддачы ад нашай працы — па тры-чатыры фуры ад’яжджалі, нагружаныя нашымі паддонамі. Заробак асуджанага за месяц (на старыя грошы) — 20 тысяч рублёў, паўблёка цыгарэт. Для таго, каб зарабіць на тыя самыя цыгарэты, людзі падпрацоўвалі. Выконвалі працу за кагосьці яшчэ. Замест пятнаццаці паддонаў рабілі трыццаць. Гэта дазвалялася. Як яшчэ можна было зарабіць? Пайшоў нехта на спатканьне, а яго чакае іншы ЗК, каб торбу трыццаць кіляграмаў дапамагчы паднесьці. Вось і падзаробак. Пакуль нехта на спатканьні, я за яго паддоны зьбіў ці скрыні — таксама зарабіў.

Генадзь зазначае, што пасьля цяжкой фізычнай працы дужа хацелася есьці, але кармілі ў зоне кепска. Цяжэй за ўсё ў калёніі было тым, хто ня меў падтрымкі з волі. Ім даводзілася працаваць удвая болей.

Зьняволеныя нарыхтоўваюць дровы ў бабруйскай турме
Зьняволеныя нарыхтоўваюць дровы ў бабруйскай турме

Жаночая праца


У жаночых зонах нават самыя няздатныя хоцькі-няхоцькі стануць рукадзельніцамі, бо асноўная вытворчасьць тут — швачная.
Сядзеліцы шыюць форму для міліцыянтаў, вайскоўцаў, а таксама спартоўцаў практычна круглыя суткі. Здараецца выконваць і заказы прыватных асобаў. Большасьць, нягледзячы на цяжкую працу, стараюцца. Бо ад гэтага залежыць характарыстыка, стаўленьне адміністрацыі, магчымасьць скараціць тэрмін пакараньня.

Паводле псыхоляга Сяргея Енікалопава, праца на зоне абумоўленая эканомікай:

— І зоны, і тыя, хто там сядзіць, наўпрост зьвязаныя з праблемай выжываньня. Каб вязьні самі на сябе зараблялі, самі сябе кармілі і яшчэ выплачвалі тое, што абавязаныя выплачваць ахвярам.

Сяргей Енікалопаў
Сяргей Енікалопаў


Праца на дзяцей

Ад швачак Галіны і Жаны

27-гадовая асуджаная Галіна А. з Гомельшчыны, якая мае дома малую дачку, працуе швачкай. Кажа, што робіць усё, што ёй скажуць:

— Вельмі ўедлівы і цяжкі пыл. Акрамя таго, усё дужа нэрвова. Штосьці кшталту канвэеру, адна адну падганяюць, крычаць. Але ўсё раблю. Каб не было парушэньняў. Імкнуся хутчэй адпрацаваць. Трымае толькі ўменьне цярпець ды сіла волі. Заўсёды думаю пра дом. Дзеля будучыні нашай сям’і, дзеля дачкі стараесься.

Асуджанай Жане Д. з Магілёва за 30. Спэцыяльнасьць швачкі атрымала яшчэ ў вольным жыцьці. Паўсюль, дзе працавала, яе кваліфікацыя ацэньвалася вельмі высока. У тым ліку і на апошнім месцы працы — на швачнай вытворчасьці ў Гомельскай жаночай калёніі № 4. За краты жанчына трапіла за п’янае хуліганства. Дагэтуль за сыстэматычнае п’янства яе асуджвалі адміністрацыйна з накіраваньнем у жаночы лячэбна-працоўны прафілякторый у Старасельлі. Там таксама працавала швачкай і, як сьведчыла тая адміністрацыя, таксама вельмі добра.

У Жаны двое дзяцей, якім яна мусіць плаціць алімэнты. З гэтай прычыны жанчына працавала на зоне шмат. У калёніі, кажа яна, можна зарабіць добра, часам да 700 рублёў у месяц. Чаго ніяк ня скажаш пра ЛТП, дзе зь яе заробкаў таксама адлічалі запазычанасьць.

— У Гомлі відаць, дзе начальства. Ёсьць да каго зьвярнуцца. Ведаеш свае правы, абавязкі, законы. У ЛТП — такое ўражаньне, што набралі людзей, бо няма каму працаваць. Калі ты брыгадзірка, то налічваеш сваёй брыгадзе заробак. Ніхто нічога ня ведае, каму што налічваюць. Ва ўсіх алімэнты, запазычанасьці растуць, а брыгадзірка можа налічыць сяброўцы адно, а таму, каго ня любіць, іншае. Хоць здохні з гэтымі даўгамі. Асабліва калі аклад не дасягае нават і паловы таго, што трэба плаціць.

Размову з Жанай магілёўскі журналіст Алесь Асіпцоў запісаў неўзабаве пасьля яе вызваленьня. Хутка жанчына зноў запіла. Пра тое, што яна, кваліфікаваная швачка, маці дваіх дзяцей, зможа вярнуцца да нармальнага жыцьця, сёньня ня вераць ні дзеці, мацярынскіх правоў на якіх яна пазбаўленая, ні іх бабуля, яе маці, ні, як выглядае, і сама Жана.

Жанчыны-асуджаныя праходзяць строем у сталовую ў жылой зоне Гомельскай жаночай калоніі
Жанчыны-асуджаныя праходзяць строем у сталовую ў жылой зоне Гомельскай жаночай калоніі

Бізнэс зэкаў


Ад Сяргея П.

На зонах у пашане ўмельцы. Адным зьняволеным патрэбная вопратка, другім — нарды, шахматы, іншым — юрыдычная падтрымка ў напісаньні апэляцыйных і касацыйных скаргаў. За ўсе гэтыя паслугі зьняволеныя гатовыя плаціць адны адным. Фіксаваныя кошты не прынята ўсталёўваць, і кожны дзякуе па-свойму, расказвае былы зьняволены Сяргей:

— Але ж калі ты добры ўмелец, то мусіш працаваць толькі на адміністрацыю, інакш будуць праблемы. Быў у нас такі Валера, які рабіў розныя сувэніры з дрэва. Шахматы выразаў, нарды. Шахматныя фігуры былі такія: зэк — пешка, афіцэр — ладзьдзя. Яшчэ выразаў розныя статуэткі з дрэва.

Рабіў нажамі, рознымі іншымі інструмэнтамі. Яму гэта начальства дазваляла. Ключ яму далі ад пакоя, і яго ніхто не чапаў. Ён рабіў гэта для іх. Цікава, куды толькі гэтыя вырабы дзяваюцца? Валера над аднымі шахматамі цэлы месяц сядзеў — ручная праца. І да такой ступені было прыгожа!

Але аднойчы яму патрэбныя былі цыгарэты, і ён аднаму зэку зрабіў просьценькія нарды сярэдняй паршывасьці. І былі ў яго праблемы. «Чаму ты камусьці робіш бяз нашага дазволу? — абураўся намесьнік начальніка калёніі. — Вось мне яшчэ не дарабіў». І Валеру хуценька перавялі ў іншы атрад. Ведаю, былі там нейкія наступствы.

Што да іншых магчымых крыніцаў зэкаўскіх даходаў, то, былы палітвязень Ігар Аліневіч расказваў «Свабодзе ў турмах», што на зоне распаўсюджаны і падпольны бізнэс: продаж тэлефонаў, наркотыкаў і г.д. Дзеля таго, каб мець на зоне „дах“ для такога бізнэсу, часта зэкі ідуць на супрацоўніцтва з адміністрацыяй — робяцца інфарматарамі.

Асобны артыкул турэмнага даходу ЗК, вядомы са старых часоў — гэта гульні на грошы. Найчасьцей гуляюць у карты, хоць гэта забаронена, а таксама ў косьці і нарды. Выйгрыш можа быць вельмі вялікі.



Заробкі зьняволеных у іншых краінах

Усё пазнаецца ў параўнаньні. У вязьніцах ЗША працуюць прыкладна 17% турэмных зьняволеных. Удзел у вытворчасьці тут добраахвотны, а за працу плацяць ад 23 цэнтаў на гадзіну да 1 даляра 25 цэнтаў. У фэдэральных турмах плата налічаецца вышэйшая, яна дазваляе зьняволеным нават адпраўляць дадому па 200–300 даляраў на месяц. У асноўным арыштанты вырабляюць прадметы абмундзіраваньня для войска, у тым ліку форменныя рамяні, партупэі, кашулі, штаны, палаткі, заплечнікі, фляжкі.

У турмах Швэцыі ды іншых краін паўночнай Эўропы, паводле тамтэйшых законаў, павінна быць забясьпечаная стоадсоткавая занятасьць зьняволеных. Калі ня праца, то вучоба, у тым ліку і ў ВНУ (дыстанцыйна), або ўдзел у праграме, з дапамогай якой можна пазбавіцца ад наркатычнай ці алькагольнай залежнасьці.

У цэнтральнай Эўропе, у прыватнасьці ў Нямеччыне, асуджаныя, згодна з заканадаўствам, таксама мусяць працаваць. Па-нямецку дакладна падлічана, што іх працоўны час, за мінусам надгляду да і пасьля працы, складае 444 хвіліны, або 37 гадзін на тыдзень. Турэмныя майстэрні разьмешчаныя непасрэдна за кратамі. Сярэдні месячны заробак дасягае звычайна 150–200 эўра. На заробленыя грошы вязьні могуць набываць усё неабходнае ў турэмнай краме.

Асуджаны нічога ня плаціць за ежу, вопратку, утрыманьне ў асобнай камэры зь неабходнымі выгодамі — прыбіральняй, душам, а таксама мэбляй — сталом, крэслам, шафай. Пры жаданьні за дадатковую плату можна паставіць у камэры тэлевізар ці радыё.

У так званых «маладых» краінах ЭЗ зьняволеныя таксама абавязаныя працаваць. Аднак рэальна працай забясьпечаныя толькі крыху болей за палову асуджаных. Так, у Чэхіі, напрыклад, у 2014 годзе працоўная занятасьць вязьняў у сярэднім дасягала 61%. У 2015-м гэтая лічба зьнізілася і складала толькі 55% ад 18 тысячаў зьняволеных.


Папярэднія публікацыі

Турма, мужчына і жанчына. Жылая зона

Турма, мужчына і жанчына. Дзіцячая зона

Турма, мужчына і жанчына. Жаночая зона

Турма, мужчына і жанчына. Мужчынская зона

Турма, мужчына і жанчына. Тэрыторыя зэкаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG