У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць кніга «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі». У кнізе — дакумэнтальныя споведзі людзей з крымінальным досьведам, удзельнікаў перадачы «Свабода ў турмах», якая выходзіла на Радыё Свабода ў 2011–2017 гг. Аўтарка гэтага цыклю, журналістка Алена Струвэ, атрымала за яго ў 2014 нацыянальную праваабарончую прэмію «Журналіст году».
У чэрвені-ліпені мы публікуем на сайце фрагмэнты кнігі. Замовіць друкаваны асобнік можна тут.
ЖЫЛАЯ ЗОНА
«Каму турма, каму — родная хата», сьцьвярджае арыштанцкі фальклёр. І ў трэцім тысячагодзьдзі гэтая «хата» ўсё яшчэ выглядае так: турэмныя камэры выконваюць функцыі курылкі, кухні-сталоўкі, спальні, пакою для адпачынку і прыбіральні. Як адзначае большасьць вязьняў, у турэмных камэрах, як і ва ўсіх памяшканьнях, дзе шмат людзей і няма вэнтыляцыі, можа стаяць смурод сапрэлых шкарпэтак, ляжалых рэчаў, нясьвежых прадуктаў, хворых страўнікаў ды зубоў, нямытых целаў, тытуню.
Былыя вязьні кажуць, што пасьля вызваленьня яшчэ доўга адчуваюць турэмныя пахі, якія цяжка і павольна выветрываюцца з рэчаў ды ніколі не зьнікаюць з успамінаў. Знаёмы пах, прамільгнуўшы ў паветры, прыводзіць на памяць самыя розныя карцінкі з жыцьця за кратамі.
Турэмныя пахі
Ад вязьня-пажыцьцёвіка
Аляксандар Буд-Гусаім (1958-2017), абвінавачаны ў забойстве, адседзеў на ПЗ (пажыцьцёвым зьняволеньні) больш за 11 гадоў. Быў вызвалены незадоўга да сьмерці. Кароткі час быў адзіным сьведкам таго, як утрымліваюцца ў Беларусі вязьні-пажыцьцёвікі.
— Калі я сядзеў на пажыцьцёвым у Жодзіне, там былі сабакі, якіх канкрэтна прывучылі рэагаваць на наш зэкаўскі смурод. Аўчаркі ніяк не рэагавалі на міліцыянтаў. Толькі на нашы пахі. Пах камэраў на ПЗ — гэта пах прыбіральні. Там сьмярдзела ўвесь час, нягледзячы на выцяжку. Дыхаць і жыць у такім памяшканьні было немагчыма. Але зэкі мусілі адаптавацца да ўсяго.
Узгадваю, як цягам дзесяці першых месяцаў мяне не выводзілі на прагулку, а калі на адзінаццаты вывелі ў дворык, то я, удыхнуўшы паветра, страціў прытомнасьць і ўпаў на зямлю. Апрытомнеў, калі мне паднесьлі нашатыр. Дарэчы, так было і зь іншымі. Той смурод пажыцьцёвага мне мроіцца і дагэтуль. Здавалася б, прайшоў час, нічога ўжо не павінна застацца. Я спаліў усе рэчы, якія былі зьвязаныя зь няволяй... Пастаянна мыюся ў душы, апранаю ўсё абсалютна чыстае. Аднак усё роўна чую той пах.
Паводле Аляксандра, адчуваньне турэмнага смуроду — гэта нешта кшталту нюхальнай галюцынацыі. Узгадваецца, аднак, і ўлюбёны жодзінскі пах. Перадаць яго вельмі цяжка. Гэта пах лістоў з волі. Часам яму здавалася, што так пахне сама воля.
Ад палітвязьня
У мінулым палітвязень, карэспандэнт польскай «Газэты Выборчай» Анджэй Пачобут адседзеў у СІЗА старажытнай горадзенскай турмы ўсяго некалькі месяцаў. Пачобут сядзеў у корпусе, які завецца «амэрыканкай», у маленькай камэры на чатыры чалавекі. Адгарадзіць прыбіральню там было проста немагчыма. Адседка прыпадала на лета, калі ў турме традыцыйна адключаюць ваду.
— Гэты пах своеасаблівы. Цяжка яго акрэсьліць, але ні з чым ня зблытаеш. Калі я выходзіў з турмы, то ўсё трэба было мыць, а сумку паставіць на балькон, дзе яна доўга стаяла, каб выветрыўся турэмны смурод.
Празь нюхальную памяць прыходзяць успаміны пра турэмны душ. Калі ён ёсьць і ты стаіш пад ім з заплюшчанымі вачыма, то адчуваньне такое, што ты не ў зьняволеньні. Калі цябе выводзяць у душ, а гэта здараецца раз на тыдзень, то там у нейкім растворы ляжаць нажніцы, якімі карыстаецца фактычна ўвесь турэмны корпус. Гэтыя нажніцы — улічваючы, што сярод тых, хто іх ужываў, можа, хворыя на які СНІД ці каросту, — выклікалі ў мяне вельмі гідкае пачуцьцё. Я ніколі да іх не дакранаўся.
На лета гарачую ваду адключаюць. У камэрах робіцца вельмі горача ды вільготна, зэкі грэюць ваду і мыюцца над унітазам. Дзякуй Богу, што апошнім часам у горадзенскую турму пачаў прыходзіць прагрэс. На зьмену звычайнай дзірцы ў падлозе — так званаму «ачку» — пачалі ўсталёўваць звыклыя для ўсіх вольных людзей санітарна-гігіенічныя прыстасаваньні ў выглядзе ўнітазаў.
«Тупое заканадаўства»
Ад экс-турэмніка
Палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў, які больш за 30 гадоў працаваў спачатку ў савецкай, а потым казахстанскай ды беларускай пэнітэнцыярных сыстэмах, у сваіх інтэрвію для «Свабоды ў турмах» адзначаў, што спэцыфічных пахаў у беларускіх вязьніцах магло б ня быць ужо гадоў дваццаць. Алег Алкаеў ня стрымліваецца ў выразах:
— Увесь бытавы нонсэнс ідзе не ад турэмнай адміністрацыі, а ад тупога заканадаўства. Хоць кожны, хто прымае законы, здаецца, разумее, што чалавек зь першага дня турмы павінен спраўляць свае натуральныя патрэбы, што ня кожны можа рабіць гэта на вачах сама меней дзесяці сукамэрнікаў. Гэта катаваньні, якія перарастаюць у небясьпечныя рэчы. Такія, як стасункі паміж зьняволенымі, калі барацьба ідзе за такую, напрыклад, рэч, як туалетная папера. Гэта спараджае зусім іншую асобу, незалежна ад таго, якім гэты чалавек быў на волі. Гэтыя дачыненьні потым у інтарэсах сьледзтва могуць быць павернутыя як заўгодна.
Таксама вельмі балючай тэмай былі матрацы, кажа Алкаеў. Кожны зь іх быў разьлічаны на дзевяць гадоў (цяпер на пяць гадоў. — Аўтар). Сьпісаць яго было нельга раней за тэрмін. «Можаце сабе ўявіць, што ад яго заставалася? Караўка. Ні ваты, нічога там не было. Колькі на ім людзей спала!» — узгадвае былы начальнік СІЗА.
Пазьней, ужо падчас эміграцыі ў Нямеччыне, Алкаеў, знаёмячыся з колішнімі нямецкімі турмамі, якія цяпер сталі музэямі, параўноўваў умовы ўтрыманьня чалавека за кратамі ў абедзьвюх краінах:
— Турма ў цывілізаванай краіне — гэта пазбаўленьне свабоды перамяшчэньня, а не стварэньне нязручнасьці. Тут у Бэрліне я шмат разоў наведваў турму-музэй Штазі. Камэры для нямецкіх злачынцаў былі разьлічаныя на некалькі чалавек. Там быў унітаз і душ. Тое, што пабудавалі Саветы для сваіх зьняволеных, выглядала, як бэтонны склеп, дзе не было нічога акрамя парашы. І гэта на той самай тэрыторыі! Калі я ўбачыў гэта, адчуў нешта знаёмае ды роднае.
Жаночае
Ад Марыі К.
На момант вызваленьня з Гомельскай калёніі № 4 ў канцы 2014 году Марыі К. было трыццаць пяць. У сэкцыі атраду, дзе яна ўтрымлівалася, разам зь ёй жыло яшчэ прыкладна трыццаць жанчын.
— Мыцца дазвалялася раз на тыдзень. Калі хочаш памыцца звыш таго, гэта ўжо парушэньне. Праўда, дадаткова адводзілася пару гадзін на мыцьцё галавы, але там ля пары ўмывальнікаў стаяла сапраўдная бойка. Мыць бялізну можна раз на тыдзень. Каб падмывацца, трэба было зьбіраць бутэлечкі і ісьці ў прыбіральню, дзе не было ніякіх перагародак, нічога. Таму трэба было ўлучыць момант раніцай ці вечарам. Але гэта ж прыбіральня. Усе на цябе гыркаюць, бо сьпяшаюцца.
Ніякіх пракладак не выдавалі. Многія з тых, хто ня меў падтрымкі з дому, вымушаныя былі цягнуць са швейнай фабрыкі той самы вацін. Можаце сабе ўявіць, што там падкладалася.
Сярод нас было таксама нямала жанчын, якія не прызвычаіліся за сабой сачыць яшчэ на волі. Калі вялікая цесната, то можна ўявіць сабе, чым даводзілася дыхаць штодня. І гэта пры тым, што за кратамі сярод жанчын патрабаваньне да фізычнай чысьціні стаіць куды больш жорстка, чым на волі, і да так званых «чушак» ставяцца з пагардай, ня любяць ды пазьбягаюць.
Палкоўнік міліцыі Алкаеў узгадвае, як, заходзячы штодня ў перапоўненыя жаночыя камэры, ён бачыў, як многія жанчыны, саромеючыся, спрабавалі схаваць свае замытыя анучкі. Яму было ніякавата ад таго, што ў свае крытычныя дні, якія ў няволі могуць цягнуцца задоўга, жанчыны ніяк не абароненыя фізіялягічна. Сродкі жаночай гігіены не выдаваліся. Толькі вядро гарачай вады на дзень.
Замест туалетнай паперы ў кожную камэру, як жаночую, так і мужчынскую, вязьням уручалі для карыстаньня адну газэту на ўсіх. Усяго нейкіх гадоў дзесяць таму, гэтыя неабходныя кожнаму гігіенічныя сродкі, не былі прапісаныя ў законе.
Тым часам Алёна Красоўская (пасьля ліквідацыі «Плятформы» яна стварыла новую структуру для абароны правоў вязьняў — «Рэгіён119») прытрымліваецца іншага меркаваньня. Паводле яе, прынамсі ў гомельскай «чацьвёрцы» менавіта пасьля 2013 году адбыліся прыкметныя зрухі ў лепшы бок. Справаздача «Рэгіёну» ў 2016 годзе была выкарыстаная ў дакладзе тагачаснага міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Марыяны Шчоткінай на 65-й сэсіі Камітэту ў справе ліквідацыі жаночай дыскрымінацыі ў Жэневе.
У 2016 годзе ў інтэрвію «Свабодзе ў турмах» Алёна Красоўская расказвала:
— Цяпер усе жанчыны цалкам забясьпечаныя гігіенічнымі сродкамі. У калёніі пабудаваныя новыя сучасныя карпусы з душавымі кабінамі, і пры жаданьні жанчыны могуць прымаць душ хоць кожны дзень — іншая справа, што мыцца любяць далёка ня ўсе, і некаторым зьняволеным трэба няспынна нагадваць, каб усё ж выконвалі элемэнтарныя правілы жаночай гігіены казармаў.
Што да другой жаночай калёніі —для паўторна асуджаных у Рэчыцы, то паводле Алёны Красоўскай, там (2016–2017 гг.) умовы застаюцца ранейшыя — такія самыя казарменныя, як і ў мужчын, усё яшчэ стаяць старыя будынкі, у атрадах захоўваецца расьсяленьне па 60–90 жанчын у адным памяшканьні, і праблемы з гігіенай стаяць нашмат вастрэй.
Пабудаваная на пачатку нулявых Рэчыцкая папраўчая ўстанова, першапачаткова была разьлічаная на мужчын. Як лічаць турэмныя псыхолягі, шматгадовая адсутнасьць асабістай прасторы і вымушаная «публічнасьць», ад якой нікуды не падзецца, раніць жанчын нашмат мацней, чым мужчын. Нярэдка гэта выклікае псыхічныя расстройствы.
10 гігіенічных пракладак і 25 мэтраў паперы
Усе, што ад прадметаў гігіены да турэмнага адзеньня выдаюць вязьням турэмныя ўстановы, вызначаецца армейскім тэрмінам «вещевое довольствие» (рэчавае забесьпячэньне) і рэглямэнтуецца Крымінальна-выканаўчым кодэксам.
- Згодна з пастановай Савету міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28.04.2010, норма забесьпячэньня мужчын баваўнянымі трусамі складае — на кожнага сядзельца СІЗА — адну штуку на год, а на кожнага асуджанага калёніі, адпаведна, дзьве штукі. Норма баваўняных шкарпэтак — адпаведна, адна пара (для СІЗА) і дзьве пары (для калёніі).
- Для жанчын, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА — адны трусы і адзін станік на год. Для тых, хто сядзіць у калёніях — адпаведна па дзьве штукі кожнага вырабу.
- Гігіенічных пракладак 120 штук на год — 10 на месяц. Туалетнай паперы (як для мужчын, так і для жанчын) па 25 мэтраў — недзе палова рулёну для аднаго чалавека на месяц.
Для параўнаньня: у краінах ЭЗ, а таксама Паўночнай Амэрыкі забесьпячэньне насельнікаў турмаў, інтэрнатаў, шпіталёў пралічваецца з улікам спажываньня туалетнай паперы сярэднестатыстычным жыхаром. У залежнасьці ад краіны — ад трох і болей рулёнаў на месяц.
Ад Вячаслава Г.
Асуджаны Вячаслаў Г. расказвае, што за дзесяць гадоў турмы толькі аднойчы, у 2005-м, яшчэ ў менскай калёніі на Кальварыйскай, атрымаў належныя яму прадметы асабістай гігіены: адну зубную пасту і адну зубную шчотку. Трусы зь нетрывалай тканіны, якая рвецца адразу пасьля першага мыцьця, выдавалі двойчы за ўсю адседку. Столькі ж разоў і майкі, якія ў народзе завуць «алькагалічкамі»:
— Паводле закону асуджаны павінен атрымаць тры пары шкарпэтак, каб мог іх мяняць. Але ў калёніі табе кажуць: адну пару атрымаеш, а другую — праз чатыры месяцы. Тое самае з гарнітурам «хэбэ». Іх належыць два на два гады. А калі ў асуджанага толькі год — значыць, атрымаеш толькі адзін. Дык у што яму пераапранацца?
Добра, што з дому мне ўвесь час ішоў «грэў» (дапамога). Але нават купіць гэта было немагчыма. Ня памятаю, каб у турэмным шапіку прадаваліся шкарпэткі або трусы. Да таго ж большасьць тых, хто сядзіць, не атрымліваюць дапамогі з волі. Самотных людзей за кратамі робіцца ўсё больш. Няцяжка ўявіць сабе, да якога стану можа дайсьці зьняволены чалавек, калі ігнаруюцца яго самыя простыя патрэбы.
Калі няма «грэву»
Як быць, калі цябе арыштавалі, дапусьцім, на вуліцы і кінулі ў камэру «ў тым, у чым быў»? Гэта значыць, уся вопратка (разам са сподняй бялізнай) толькі ў адным экзэмпляры. Так здарылася зь віцебскім навукоўцам, палітвязьнем Міхаілам Жамчужным.
Жамчужны не належыць да дзёрзкіх злачынцаў. Першы раз быў асуджаны на пяць гадоў паводле эканамічнага артыкулу, за заняткі навукова-практычнай дзейнасьцю. Другі — атрымаў прысуд на шэсьць з паловай гадоў за збор інфармацыі, якая складае службовую таямніцу.
На нейкую дапамогу звонку Міхаіл разьлічваць ня мог. Самы блізкі яго чалавек — маці (яна памерла падчас адседкі сына) — тады была ў шпіталі ў цяжкім стане. Пяць гадоў за кратамі пры поўнай адсутнасьці падтрымкі з волі.
Гады праз два пасьля вызваленьня гісторыя з арыштам паўтарылася. Ізноў жа, затрымалі на вуліцы ў Віцебску, але ўжо летам, сьпякотным жніўнем 2014-га, калі людзі хадзілі ў сандалях, майках ды шортах. Пра тое, што ён апынуўся за кратамі, некалькі месяцаў ніхто ня ведаў.
Доўгі час тагачасныя супрацоўнікі «Плятформы» Алёна Красоўская ды Мікіта Ліхавід вазілі ў Віцебск рэчавыя ды харчовыя перадачы, вырашалі некаторыя іншыя ягоныя пытаньні, напрыклад, наконт аплаты камунальных рахункаў, вяртаньня пазыкаў. А на чыю падтрымку можа разьлічваць у гэткіх выпадках бяздомнік або звычайны чалавек, які зь нейкіх прычын страціў родных ды сяброў?
Вязень-пажыцьцёвік Аляксей (імя зьменена) з родных на волі мае адну старэнькую маці. Яшчэ адзін блізкі для яго чалавек — колішняя школьная настаўніца, зь якой ён лістуецца. Зь яе дазволу цытуем наступныя радкі зь ліста вязьня-пажыцьцёвіка.
Ад Аляксея А.
«Разумею, што мая просьба можа падацца недарэчнай, але маё матэрыяльнае становішча бядотнае. Да непрыстойнасьці. Настаў такі момант, што не магу не пісаць. Відаць, сытуацыя ў краіне вельмі цяжкая, бо мама мая, як я бачу, ужо ня можа мне дапамагаць. Працы на пажыцьцёвым у Жодзіне няма. Можа вы ведаеце адрасы нейкіх арганізацый, якія б маглі даслаць за краты такія рэчы, як трусы, шкарпэткі? Буду вам вельмі ўдзячны за гэта. Яшчэ раз даруйце за такую недарэчнасьць».
Турэмны дрэс-код
Двойчы на год, 15 красавіка і 15 кастрычніка беларускія папраўчыя ўстановы пераходзяць адпаведна на летнюю і зімовую форму адзеньня.
Летам асуджаным, згодна з зацьверджанымі Саўмінам правіламі, выдаецца роба (чорныя баваўняныя штаны ды кіцель, на мове ЗК — «кліфт»), зімой у дадатак да робы — кальсоны, шапка-вушанка са штучнага футра. Летнія кірзавыя чаравікі мяняюць на вышэйшыя зімовыя з тонкай пракладкай, накшталт байкавай. Таксама зэкам выдаюць фуфайкі (за кратамі іх называюць «цялагамі» ад слова «целагрэйка»).
Гэтыя адзежыны, здадзеныя ў абавязковым парадку ў красавіку, — як распавядаюць вязьні, вяртаюцца назад са складоў пакрытыя цьвільлю, бо захоўваюцца ў памяшканьнях зь вялікай вільгацьцю.
Згодна з афіцыйнай разнарадкай, рэчавае забесьпячэньне або поўны камплект зонаўскага адзеньня (чаравікі, роба, целагрэйка, шапка, сподняя бялізна, шкарпэткі) апошнім часам каштавала каля 200–250 беларускіх рублёў. Гэтую суму зэк мусіў сплаціць назад установе.
Як лічаць многія асуджаныя, каштаваць такіх грошай беларуская турэмная вопратка ніяк ня можа. Яна проста няякасная. Да таго ж, зь пералічанай турэмнай амуніцыі вязень атрымлівае далёка ня ўсё, што яму павінны выдаваць.
Галоўная праблема — абутак
Самай вялікай праблемай як сярод жанчын, так і сярод мужчын на зоне лічыцца абутак.
Асуджаная Гомельскай калёніі Даша ўзгадвала, што нават у самыя моцныя халады жанчына мусіць насіць спадніцу, бо цяплейшыя штаны забароненыя. Абутак, калі няма каму з дому выслаць боты, — гэта «чувякі», такія чаравiкі, якія прамярзаюць, рвуцца. Жанчыны днямі могуць хадзіць з мокрымі халоднымі нагамі, бо сушыць абутак у памяшканьні нельга.
Гэты абутак — суцэльнае пакараньне для людзей з хворымі нагамі, скардзіцца былы зьняволены Вячаслаў.
Ад Вячаслава Г.
«Турэмныя чаравікі абсалютна не разьлічаныя на тых, хто мае плоскаступнёвасьць, грыбок або падагру. У кірзе нага зусім ня дыхае. Раней турэмныя лекары раілі сваякам такіх вязьняў набываць чорныя белвэстаўскія чаравікі, якія больш-менш адпавядаюць прынятаму ўзору, і перадаваць іх у калёніі. Цяпер рэкамэндацыі адносна таго, што насіць, замест лекараў даюць турэмныя начальнікі».
Ад Алега Р.
«Хадзіць у тым абутку, які нам выдавалі, вельмі нязручна. Розныя „актывісты“ маглі атрымаць з волі нармальны чорны абутак і выдаваць за турэмны. Хто не „актывіст“ — мог атрымаць зручныя чаравікі толькі праз санчастку ў выпадку, калі тая пацьвердзіць, што ты маеш пэўныя хваробы і табе патрэбны артапэдычны абутак. Але калі ты на дрэнным рахунку ў начальства, то санчастка ня дасьць такой рэкамэндацыі нават самаму хвораму чалавеку».
Ад Валера Леванеўскага
«Калі ёсьць каму даслаць „унутраную валюту“ — можна ў турме, на зоне набыць што заўгодна. Новыя чаравікі — калі ласка! Усё мае сваю цану. Пара чаравікаў, чыста ўмоўна — пяць пачкаў цыгарэт зь фільтрам. Фуфайка новая — дзесяць пачкаў ці дваццаць. Я не курыў, мне цыгарэты дасылалі».
Кліфт ад турэмных куцюр’е
Валер Леванеўскі, былы палітвязень з Горадні, адбыў за кратамі два гады за «публічную абразу прэзыдэнта». Ён дагэтуль захоўвае на памяць фігурку сябе самога ў турэмным дрэс-кодзе, якую яму зрабілі ў калёніі перад вызваленьнем з афарбаванага чорнага хлеба.
Леванеўскі застаўся вельмі задаволеным тым турэмным адзеньнем, што зрабілі яму па індывідуальных мерках краўцы з калёніі незадоўга да вызваленьня, якое там завуць як у войску, «дэмбэль». Потым вопратка доўга служыла яму і на волі.
— У мяне былі памеры крыху большыя за стандартныя. Маё дэмбэльскае адзеньне не зусім адпавядала статуту. Там быў замок, а павінны быць гузікі. Пашылі ад душы, зносу не было. Выкарыстоўваў вопратку гады два-тры як рабочую. Спачатку турэмны кіцель вельмі прыдаўся дома, бо прысуд быў з канфіскацыяй, калі выйшаў, то быў «гол як сакол».
Асуджаныя, асабліва калі маюць падтрымку звонку, навучыліся неяк выкручвацца ў самых розных сытуацыях. Сярод сядзельцаў ёсьць здольныя шаўцы ды краўцы. На прамзоне, кажуць зьняволеныя, тую самую робу на зіму вам клясна пашыюць зь перададзенай з волі плашчоўкі, а вопратку на лета — з фарбаванай прасьціны. Найчасьцей зэкі замаўляюць трусы-сямейнікі. Каштуюць яны нядорага, шыюцца зь фіранак і выглядаюць экстравагантна: у рамонках, хмарках, сонейках, вясёлках.
Але трэба быць абачлівым, асьцярожным. За парушэньне формы адзеньня ў калёніі караюць значна горш, чым у войску. Тым самым ШЫЗА.
Нават незашпілены гузік ужо лічыцца парушэньнем. Таксама парушэньне формы адзеньня — калі на табе нешта цывільнае, напрыклад, нацельныя рэчы. Яшчэ — калі летам ты бяз кіцеля ці зусім да пояса разьдзеты.
— Што да самога забесьпячэньня — то многія зэкі ходзяць у старым, завэдзганым. Зімовая форма прадугледжвае шапку і ватнік. Вось якраз яны, як правіла, дастаюцца няновыя, «бэушныя». Здаецца, што не адзін зэк у гэтай шапцы і гэтым ватніку памёр, такі існуе жарт.
Самае галоўнае, мяркуе былы палітвязень, што ніхто не правярае, ці цалкам паводле нормы атрымліваюць зьняволеныя адзеньне, і паскардзіцца няма каму. Калі б гэта неяк кантралявала грамадзкасьць, або як мае быць гэта рабіла б тая самая пракуратура, то праблема магла б быць не такой вострай, кажа былы палітвязень. Але «сыстэма кантралюе сама сябе»:
— Паводле бюджэту ўсё добра праходзіць, сродкаў хапае. Значыць, напрошваецца выснова, што ўсё гэта раскрадаецца ўнутры калёніі. Мне цяжка сказаць, якія там мэханізмы. Але факт, што асабліва на «перасылках», што тычыцца «першаходаў», у СІЗА, там вашывасьць — нармальная зьява. Вопратка правашывела, антысанітарыя. Адзеньне фактычна ня мыецца, не выдаюцца прыналежнасьці — каб яго памыць. Адсутнасьць мыла, гарачай вады.
Так, у калёніі існуе карантын, там якраз адзеньне праходзіць парылку, санапрацоўку. Але ношанае ёсьць ношанае, выдача новага адзеньня — хутчэй выключэньне, а ня правіла, зазначае Валер Леванеўскі.
Папярэднія публікацыі
Турма, мужчына і жанчына. Дзіцячая зона
Турма, мужчына і жанчына. Жаночая зона
Турма, мужчына і жанчына. Мужчынская зона
Турма, мужчына і жанчына. Тэрыторыя зэкаў