Якаўлеўскі: «Так збудаваны сьвет, што лёс народаў залежыць ад дзьвюх пэрсонаў»

Раман Якаўлеўскі

На думку менскага палітоляга Рамана Якаўлеўскага, той факт, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп сам-насам раней сустрэўся з паўночнакарэйскім лідэрам, чым з расейскім, а сустрэча Трампа і Пуціна дагэтуль усё яшчэ рыхтуецца, гаворыць сам за сябе.

Што варта ведаць пра саміт лідэраў ЗША і КНДР

«Перамовы Трампа і Кім Чэн Ына сьведчаць пра тое, што з Трампам можна дамаўляцца, хоць і няпроста. Але пра тое-сёе дамовіліся.

З другога боку, цяпер так збудаваны сьвет, што лёс усіх народаў можа залежаць ад дзьвюх пэрсонаў. Бо гэтыя два чалавекі ачольваюць дзяржавы зь ядзернай зброяй. Сказаць, што гэта добра, не выпадае. Хацелася б большай прадказальнасьці», — кажа Раман Якаўлеўскі.

Што да Беларусі, палітоляг заўважае, што па часе дзьве важныя міжнародныя навіны амаль супалі — сустрэча Трампа з Кім Чэн Ынам і працяг санкцый з боку ЗША ў дачыненьні дзясятка беларускіх высокапастаўленых чыноўнікаў.

«Вось так супала. Хоць ва ўсясьветнай палітыцы выпадковасьцяў амаль не бывае. Калі пасьля сустрэчы Трампа з Кім Чэн Ынам прыхільнікі міру ва ўсім сьвеце могуць уздыхнуць з палёгкай, то тут ад Беларусі мала што залежыць, а клішэ кшталту „Беларусь — донар рэгіянальнай бясьпекі“ — гэта толькі чыстая прапаганда. Але санкцыі ў дачыненьні Беларусі засталіся, што сьведчыць пра тое, што трансфармацыі недастаткова адбываюцца, калі адбываюцца наагул», — адзначае Раман Якаўлеўскі.

Класкоўскі пра саміт Трампа і Кіма: «Ня трэба эўфарыі»