Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп і Кім падпісалі выніковы дакумэнт саміту. ПОЎНЫ ТЭКСТ

абноўлена

Дональд Трамп і Кім Чэн Ын пасьля падпісаньня.
Дональд Трамп і Кім Чэн Ын пасьля падпісаньня.

Лідэры ЗША і Паўночнай Карэі Дональд Трамп і Кім Чэн Ын падпісалі дакумэнт па выніках саміту ў Сынгапуры. Трамп заявіў, што саміт быў «агромністым посьпехам», а дэнуклеарызацыя Карэйскага паўвострава будзе адбывацца «вельмі, вельмі хутка».

Агенцтва Ройтэрс апублікавала поўны тэкст дакумэнту:

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і старшыня Камісіі ў дзяржаўных справах Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Кім Чэн Ын правялі першы, гістарычны саміт у Сынгапуры 12 чэрвеня 2018 году.

Прэзыдэнт Трамп і Старшыня Кім Чэн Ын правялі усебаковы, глыбокі і шчыры абмен думкамі па пытаньнях, зьвязаных з усталяваньнем новых адносінаў паміж ЗША і КНДР і доўгатэрміновага ўстойлівага міру на Карэйскай паўвысьпе. Прэзыдэнт Трамп абавязаўся даць гарантыі бясьпекі КНДР, а Старшыня Кім Чэн Ын пацьвердзіў сваю цьвёрдую і непарушную прыхільнасьць да поўнай дэнуклеарызацыі Карэйскай паўвыспы.

Маючы перакананьне, што ўсталяваньне новых адносінаў паміж ЗША і КНДР паспрыяе міру і заможнасьці на Карэйскай паўвысьпе і ў сьвеце, і прызнаючы, што пабудова ўзаемнага даверу можа паспрыяць дэнуклеарызацыі Карэйскай паўвыспы, Прэзыдэнт Трамп і Старшыня Кім Чэн Ын заяўляюць наступнае:

1. Злучаныя Штаты і КНДР абавязваюцца ўсталяваць новыя адносіны паміж ЗША і КНДР у адпаведнасьці з імкненьнем народаў дзьвюх краін да міру і росквіту.

2. Злучаныя Штаты і КНДР аб’яднаюць свае намаганьні па стварэньні трывалага і стабільнага мірнага рэжыму на Карэйскай паўвысьпе.

3. Пацьвярджаючы Панмынчжонскую дэклярацыю ад 27 красавіка 2018 году, КНДР бярэ на сябе абавязаньне працаваць у кірунку поўнай дэнуклеарызацыі Карэйскай паўвыспы.

4. Злучаныя Штаты і КНДР абавязваюцца працаваць, каб выявіць парэшткаў забітых і зьніклых бязь вестак [у вайне 1950-х] і неадкладна перадаваць на радзіму тыя, якія будуць ідэнтыфікаваныя.

Прызнаўшы, што саміт паміж ЗША і КНДР — першы ў гісторыі — быў эпахальнай падзеяй вялікай значнасьці і пераадольваючы дзесяцігодзьдзі напружанасьці і варажнечы паміж дзьвюма краінамі, каб адкрыць новую будучыню, Прэзыдэнт Трампі Старшыня Кім Чэн Ын абавязваюцца ператвараць у жыцьцё палажэньні гэтай супольнай заявы цалкам і без прамядленьня.

Злучаныя Штаты і КНДР абавязваюцца правесьці наступныя перамовы пад кіраўніцтвам Дзяржсакратара ЗША Майка Пампэо і адпаведнага высокага прадстаўніка КНДР па магчымасьці як мага хутчэй, каб ператварыць у жыцьцё вынікі саміту паміж ЗША і КНДР.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і старшыня Камісіі ў дзяржаўных справах Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Кім Чэн Ын абавязаліся супрацоўнічаць для разьвіцьця новых адносінаў паміж ЗША і КНДР і для ўмацаваньня міру, заможнасьці і бясьпекі на Карэйскай паўвысьпе і ў сьвеце.

Перад падпісаньнем Дональд Трамп назваў дакумэнт «усебаковым». Кім Чэн Ын заявіў, што два лідэры правялі гістарычную сустрэчу і «вырашылі разьвітацца зь мінулым. Сьвет пабачыць істотную зьмену».

Трансьляцыя тэлеканалу Сurrenttime.tv.

Адказваючы на пытаньне, ці запросіць ён Кім Чэн Ына ў Белы дом, прэзыдэнт ЗША сказаў: «Адназначна, так».

Саміт пачаўся з таго, што Дональд Трамп і Кім Чэн Ын сустрэліся сам-насам у прысутнасьці двух перакладчыкаў. Гэта зьяўляецца адступленьнем ад традыцыі, паводле якой падчас падобных сустрэч прысутнічае прынамсі адзін найбліжэйшы памочнік прэзыдэнта ЗША.

Лідэры ЗША і Паўночнай Карэі ўпершыню паціснулі адзін аднаму рукі. Яны двойчы зрабілі гэта: на фоне сьцяны са сьцягоў і асобна ў канфэрэнц-пакоі.

Першая сустрэча двух лідэраў доўжылася каля 35 хвілін. Затым падчас працоўнага абеду да іх далучыліся сябры дэлегацый абедзьвюх краін. З амэрыканскага боку — дзяржаўны сакратар Майк Пампэо, кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Джон Келі, дарадца прэзыдэнта ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Джон Болтан і амбасадар ЗША ў Філіпінах Сун Кім.

«Я пачуваюся выдатна. Я адчуваю, што ў нас будзе выдатная гутарка і велізарны посьпех. У нас будуць цудоўныя адносіны, у мяне няма сумневаў»,— заявіў Трамп.

«Было нялёгка трапіць сюды. Мінуўшчына зьвязвала нам рукі, і старыя забабоны былі перашкодамі на нашым шляху наперад, але мы пераадолелі іх і знаходзімся тут сёньня», — сказаў Кім.

Пасля прыкладна паўгадзіннай размовы яны выйшлі на тэрасу гатэлю і памахалі журналістам. Пасьля гэтага пачалася сустрэча ў пашыраным фармаце.

«Спадар Кім, гэта вялікі гонар — сустрэцца з вамі. І я ведаю, мы дасягнем вялікага посьпеху разам і знойдзем рашэньне вялікай праблемы, дылемы, якую да сёньняшняга дня не ўдавалася вырашыць. Працуючы разам, мы зможам яе ўладзіць. Гэта вялікі гонар, дзякуй вялікі», — сказаў Трамп Кім Чэн Ыну.

Менш за месяц ЗША і КНДР дамаўляліся аб гістарычнай сустрэчы лідэраў дзьвюх краін. За гэты час прэзыдэнт Дональд Трамп і паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын абражалі адзін аднаго, рабілі адзін аднаму камплімэнты, адмянялі саміт і зноў яго плянавалі.

На мяжы вайны. Крызіс вакол ракетна-ядзернай праграмы КНДР — перадгісторыя, хроніка, цытаты

Ад лаянкі да абдымкаў. Сынгапурскі саміт Трампа і Кім Чэн Ына

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG