Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп пра Кім Чэн Ына: Вясёлы, разумны, любіць свой народ


Кім Чэн Ын і Дональд Трамп у Сынгапуры 12 чэрвеня
Кім Чэн Ын і Дональд Трамп у Сынгапуры 12 чэрвеня

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп адказаў на пытаньні «Голасу Амэрыкі» пасьля саміту ў Сынгапуры з кіраўніком Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам.

— Што вас зьдзівіла ў Кім Чэн Ыну?

— У яго сапраўды выдатны характар. Ён вясёлы чалавек, ён вельмі разумны, ён выдатны перамоўнік. Ён любіць свой народ — ня тое, каб я быў гэтым зьдзіўлены — але ён любіць свой народ. І я думаю, што мы на пачатку выдатнай ўгоды. Мы правядзем дэнуклеарызацыю Паўночнай Карэі. Яна пачнецца неадкладна, а таксама адбываецца шмат іншых рэчаў, у тым ліку вяртаньне парэшткаў [амэрыканскіх вайскоўцаў з Карэйскай вайны 1950-х].

— Дык вы падымалі пытаньне правоў чалавека, і як ён адрэагаваў?

— Вельмі добра. Мы размаўлялі пра дэнуклеарызацыю 90 працэнтаў часу, але шмат іншых рэчаў, у тым ліку правы чалавека, былі згаданыя, вяртаньне парэшткаў было вялікім фактарам, мы ўставілі гэта ў дакумэнт, мы здолелі ўставіць гэта ў дакумэнт. У гэтым дакумэнце шмат добрых рэчаў, якія значна выходзяць за рамкі таго, чаго хто-небудзь мог чакаць.

— Раскажыце нешта, што адбывалася па-за сцэнай. Ці вы вылучылі яму нейкі ультыматум, ці ён вылучаў вам нейкі ўльтыматум? Як гэта выглядала з усіх бакоў?

— Не, не ультыматум. Мы маем справу адзін з адным тры месяцы праз розных прадстаўнікоў, у тым ліку праз дзяржсакратара Майка Пампэо, які зрабіў сапраўды фантастычную працу. Так што мы маем справу адзін з адным даволі доўгі час, і калі мы сустрэліся сёньня, мы добра паладзілі ад самага пачатку. Для мяне гэта 25-я гадзіна. Я ня спаў 25 гадзін, былі доўгія перамовы, і я імі вельмі ганаруся. Гэта пачынае працэс. Вядома, што ён скончыцца ўгодай».

- Што вымусіла Кіма сесьці за стол перамоваў пасьля столькіх гадоў бразганьня зброяй?

- Мне не здаецца, што было так ужо шмат бразганьня зброяй да таго, як я стаў прэзыдэнтам. Яны прытрымліваліся стратэгіі маўчаньня, не жадалі нічога абмяркоўваць, а так нельга. Вельмі важна, зь якой рыторыкі мы пачалі. Шчыра кажучы, мне самому не падабалася рабіць такія выказваньні, і многім здавалася, што я раблю няправільна. Але без гэтага мы б не апынуліся там, дзе мы цяпер. Мне здаецца, што ён сапраўды хоча прыйсьці да пагадненьня, ён хоча чагосьці дамагчыся.

- Але чаму?

- Таму што ён разумее, што мы не жартуем. Мне здаецца, раней ён па-іншаму гэта ўспрымаў. Раней гэтым займаліся іншыя людзі, і ў іх нічога не атрымлівалася. Але цяпер ён разумее, што мы хочам зь ім дамовіцца, мы павінныя гэта зрабіць і будзем гэта рабіць. І зараз у нас ёсьць – хоць прайшло не так шмат часу, а мы ад пачатку займалі вельмі жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да Паўночнай Карэі, – але сёньня мы падпісалі дакумэнт – значна больш шырокі, чым разьлічвалі многія. Ніхто не верыў у тое, што такое магчыма.

- Як вам здаецца, што ён пра вас падумаў, калі вы рассталіся?

- Я думаю, мы адзін аднаму спадабаліся. Я ведаю, што было ў мінулым, не трэба мне пра гэта нагадваць, ён хлопец суровы. Яму даводзілася быць суровым, і ён быў суровым. Але мы зь ім выдатна зладзілі. Ён разумны, ён любіць свой народ, любіць сваю краіну. Ён хоча шмат усялякіх добрых рэчаў, таму мы і вядзём перамовы.

Кім Чэн Ын і Дональд Трамп пасьля падпісаньня выніковага дакумэнту саміту ў Сынгапуры, 12 чэрвеня 2018
Кім Чэн Ын і Дональд Трамп пасьля падпісаньня выніковага дакумэнту саміту ў Сынгапуры, 12 чэрвеня 2018

- Але ён морыць свой народ голадам. Жорстка абыходзіцца. І пры гэтым любіць?

- Слухайце, ён робіць тое, што рабілі да яго. Я б так на гэта паглядзеў. Але нам трэба арыентавацца на тое, што адбылося сёньня, учора, пару тыдняў таму – вось тады і пачалося самае важнае. Зноў жа, без рыторыкі і без санкцый... санкцыі было вельмі важныя, і яны застануцца да таго часу, пакуль мы не ўбачым, што нешта мяняецца. Мы ўжо і цяпер гэта бачым, але санкцыі застануцца да таго часу, пакуль не пачнецца і не скончыцца ядзернае раззбраеньне.

- Паколькі гэта інтэрвію для «Голасу Амэрыкі», яго змогуць пачуць і грамадзяне Паўночнай Карэі, Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі. Што б вы хацелі сказаць ім наўпрост?

- У вас ёсьць лідэр, які клапоціцца пра вас. Ён хоча ім дабра, і мы выдатна зь ім ладзім. У нашых адносінах добрая хімія – а вы ведаеце, якое значэньне я гэтаму надаю. Гэта вельмі важна. Бывае, што з чалавекам няма хіміі, што б ты ні рабіў. Але ў нас яна адразу ўзьнікла, я ўжо казаў пра гэта. Я думаю, што Паўночную Карэю чакае выдатнае будучыню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG