Лукашэнка сустрэнецца ў Кітаі з прэзыдэнтам Манголіі

Сьцяг Манголіі, фота ©Shutterstock

Сустрэча кіраўніка Беларусі і Халтмаагійна Батулгі заплянаваная на 8 чэрвеня. І адбудзецца яна на нэўтральнай пляцоўцы — у кітайскім горадзе Ціндао падчас саміту ШАС. Такое паведамленьне зрабіў сёньня міністар замежных спраў Манголіі Дамдзін Цогтбаатар, які знаходзіцца зь візытам у Беларусі.

Дамдзіна Цогтбаатара прымаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка. І гэта не была, як можна было спачатку меркаваць, сустрэча прадстаўнікоў дзьвюх галін улады: заканадаўчай беларускай і выканаўчай мангольскай. Міністар Цогтбаатар адначасова і дэпутат парлямэнту сваёй краіны. Больш за тое, як сёньня высьветлілася, менавіта ён ініцыяваў стварэньне мангола-беларускай групы сяброўства і дагэтуль ачольвае яе.

Цогтбаатар: мы, качэўнікі, адаптуемся хутка

На ўступнае пытаньне Андрэйчанкі, як дэлегацыя прыстасавалася да беларускай сьпякоты, Цогтбаатар адказаў яму таксама на расейскай мове амаль без акцэнту: «Мы, качэўнікі да ўсяго адаптуемся хутка».

І далей размова праходзіла безь перакладчыка. Калі бакі пачалі абмяркоўваць. як хутчэй павялічыць таваразварот, спадар Цогтбаатар паказаў, што ён ведае і некаторыя нюансы расейскай мовы.

«Экспэрты зараз усё лічаць, кожная лічба мае значэньне. Але трэба, каб яны хутчэй рухаліся, жвавей („шустрей“) працавалі».

І сапраўды, мінулагодні таваразварот толькі крыху большы за 17 мільёнаў даляраў. А між тым, па тэмпах росту мангольская эканоміка сёлета ідзе на другім месцы ва ўсёй Азіі. А гэта адкрывае добрыя пэрспэктывы.

Андрэйчанка просіць манголаў падтрымаць беларускую рэзалюцыю ў Бэрліне

Летняя сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ сёлета пройдзе ў Бэрліне. Беларусь рыхтуе на яе рэзалюцыю аб лічбавай эканоміцы. Але згодна са статутам ПА АБСЭ, для таго каб падобныя дакумэнты ўключаліся ў парадак дня ўсёй сэсіі, патрэбна станоўчае рашэньне Сталага камітэту Парлямэнцкай асамблеі.

«Нам ужо абяцалі падтрымку дэпутаты з Швайцарыі, Канады, Вугоршчыны, Расеі, усяго 14 краін. Спадзяёмся, што і Манголія нас падтрымае: і ў камітэце, і на сэсіі» — сказаў Уладзімер Андрэйчанка.

Сёньня кіраўнік Палаты прадстаўнікоў запрасіў мангольскіх калегаў на парлямэнцкую міжнародную сустрэчу групы падтрымкі «Шаўковага шляху». Яна пройдзе ў першай палове 2019 году ў Менску.

* * *

Апошні раз міністар замежных спраў Манголіі наведваў Беларусь 17 гадоў таму.

Засталося ўсяго 300 чалавек. Як маленькі народ памежжа перадае нашчадкам сваю культуру. ВІДЭА