«Мусім супрацьстаяць расейскай дэзынфармацыі». Навошта дэпутаты брытанскага парлямэнту прыехалі ў Беларусь

Джон Ўітынгдэйл

Брытанскі ўрад ня мог бы ня выказаць ніякай рэакцыі на вывешваньне вясёлкавых сьцягоў у Дзень супраць гамафобіі, бо на ўсіх міністэрствах у гэты дзень вывешваюць такія ж сьцягі, сказаў Джон Ўітынгдэйл — адзін з шасьці чальцоў брытанскага парлямэнту, якія з 28 траўня па 1 чэрвеня наведвалі Беларусь. Гэта першы візыт такога кшталту ў гісторыі. Як ён стаў магчымым і наконт чаго прыехалі дамаўляцца брытанскія парлямэнтары, Ўітынгдэйл распавёў у эксклюзіўным інтэрвію Свабодзе.

«Мы хацелі б вучыцца ў беларускіх дэпутатаў»

— У верасьні 2017 году брытанскі дзяржаўны міністар у справах Эўропы і Амэрыкі Алан Данкан упершыню наведаў Беларусь. Гэтай вясной міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей наведаў Лёндан упершыню за 25 год. Цяпер мы маем найбольш прадстаўнічы візыт брытанскіх сябраў парлямэнту ў Беларусь. З чым гэта ўсё зьвязана?

— Я думаю, гэта наступная стадыя нашых стасункаў, якія ўстойліва паляпшаюцца. Амбасадар Беларусі ў Лёндане Сяргей Алейнік заахвочваў мяне стварыць групу (па сувязях зь Беларусьсю. — РС) у брытанскім парлямэнце. І мы хочам узмацніць нашы стасункі на розных узроўнях: паміж урадамі, міністэрствамі, ня толькі паміж Данканам і Макеем, але і іншымі міністрамі. Асабліва што тычыцца магчымасьцяў для гандлю, напрыклад. Але таксама мы хацелі б узмацніць індывідуальныя стасункі паміж прадстаўнікамі парлямэнтаў, каб вучыцца адзін у аднаго.

Я думаю, пасьля нашага візыту да нас прыедзе беларуская дэлегацыя. Магчыма, налета.

Беларускі парлямэнт моцна адрозьніваецца ад брытанскага. Мы ўвесь час у руху, у нас мультыпартыйная дэмакратыя. Менавіта таму ў нашай дэлегацыі тры прадстаўнікі ад кіроўнай партыі і яшчэ тры — ад галоўнай апазыцыйнай. У Беларусі няма такой палітычнай актыўнасьці сярод партыяў.

— Доўгі час заходнія ўрады не прызнавалі парлямэнцкія выбары ў Беларусі, бо аніводныя зь іх не былі ацэненыя як дэмакратычныя і празрыстыя. Але вы сустракаецеся зь сябрамі беларускага парлямэнту і падкрэсьліваеце «посьпех і важнасьць узмацненьня парлямэнцкіх сувязяў зь Беларусьсю». Чаму?

— Мы абавязкова сустракаемся з прадстаўнікамі апазыцыйных партыяў, з дэпутатамі апазыцыі, якія трапілі ў парлямэнт, актывістамі недзяржаўных грамадзкіх арганізацыяў. Мы выслухоўваем абодва бакі.

І мы даносім ясныя мэсыджы, што мы чакаем будучых рэформаў, што мы спадзяёмся пабачыць дэмакратычныя перамены як на нацыянальным, так і мясцовым узроўнях.

І таксама мы спадзяёмся на мараторый на сьмяротнае пакараньне. Нас гэта непакоіць. Вядома, як незалежная краіна Беларусь сама вызначае ўнутраную палітыку. Але мы занепакоеныя, бо як эўрапейская краіна мы прытрымліваемся агульнапрынятых правоў чалавека, якія выключаюць сьмяротнае пакараньне. І мы спадзяёмся, што Беларусь таксама яго забароніць.

Стасункі паміж Вялікай Брытаніяй і Расеяй вельмі дрэнныя. Беларусь пакуль ня зможа дапамагчы

— Падчас спрэчак паміж Лёнданам і Масквой вакол «справы Скрыпалёў» беларускія ўлады прапанавалі Менск у якасьці пляцоўкі для перамоваў па гэтай і падобных справах у Эўропе. Ці сапраўды Беларусь, галоўны палітычны і вайсковы хаўрусьнік Расеі, магла б выканаць такую ролю?

— Стасункі паміж Вялікай Брытаніяй і Расеяй вельмі дрэнныя. З нашага пункту гледжаньня гэта абсалютна непрымальна, што расейскі ўрад робіць спробу забойства на брытанскай зямлі. І гэта не адзіны факт падобнага характару. Праз інфармацыйную вайну, кібэратакі, умяшаньне ў выбары Расея праводзіць агрэсіўную палітыку ў дачыненьні да Брытаніі.

Юлія Скрыпаль

У сваю чаргу, Беларусь ня раз адыгрывала важную ролю, калі намагалася пасадзіць бакі канфліктаў за стол перамоваў. Зразумела, гаворка найперш ідзе пра Менскі працэс паміж Украінай і Расеяй. Раней Беларусь адыграла пазытыўную ролю ў спрэчцы паміж Армэніяй і Азэрбайджанам вакол Нагорнага Карабаху.

Але я ня думаю, што на гэтым этапе канфлікту паміж Брытаніяй і Расеяй нешта кшталту Менскай канфэрэнцыі дапаможа. Разам з нашымі эўрапейскімі хаўрусьнікамі і ЗША мы паслалі вельмі моцны мэсыдж Расеі. На дадзены момант мы чакаем адказу.

Сам брытанскі ўрад вывешвае вясёлкавы сьцяг ЛГБТ-супольнасьці

— Што вы думаеце наконт рэакцыі беларускага МУС на вывешваньне вясёлкавага сьцяга ў Дзень супраць гамафобіі?

— Мы, відавочна, расчараваныя. Падчас нашага візыту мы мелі магчымасьць сустрэцца з прадстаўнікамі некалькіх арганізацый, якія бароняць правы ЛГБТ-супольнасьці. І гэта вельмі важна для аднаго з прадстаўнікоў нашай дэлегацыі, які зьяўляецца геем і сябрам парлямэнту. У яго, натуральна, асаблівы інтарэс да гэтай тэмы.

Вясёлкавы сьцяг над амбасадай Вялікай Брытаніі ў Менску, 17 траўня

— А як рэагуюць на падобныя рэчы ў Вялікай Брытаніі?

— Я быў сябрам брытанскага ўраду, фактычна міністрам, і мы самі вывешвалі вясёлкавы сьцяг на сваім будынку, гэтаксама як і ўсе міністэрствы Брытаніі. Ужо доўгі час брытанскі ўрад прызнае Дзень супраць гамафобіі і сам заахвочвае іншых адзначаць гэты дзень.

Немагчыма і ўявіць, каб брытанскі ўрад рэагаваў гэткім чынам, бо мы самі вывешваем такі сьцяг.

Мы ставім пад вялікі сумнеў аб’ектыўнасьць «Спутніка» і Russia Today

— Беларусь жыве ў расейскай інфармацыйнай прасторы і вельмі ўразьлівая да расейскай прапаганды. Што робяць заходнія ўрады, каб супрацьстаяць фэйкам, якія спараджае Крэмль?

— Я думаю, мы мусім рабіць больш. Бо мы бачым вялікія інвэстыцыі Расеі ў мэдыйныя кампаніі. І ня толькі ў краінах вакол Расеі, але таксама і ў Брытаніі. Мы бачылі, як падтрымліваецца «Спутник» і Russia Today. І мы ставім пад вялікі сумнеў аб’ектыўнасьць гэтых мэдыяў.

Калі я быў ва ўрадзе, то адказваў за ВВС і павялічыў іхняе фінансаваньне. Я вельмі цешуся, што мой урад узмацняе сусьветную службу, некалькі месяцаў таму была запушчана ўкраінская служба.

Вельмі важна, што ВВС — незалежная і аб’ектыўная мэдыя-кампанія. Яна не перадае паведамленьняў, зацьверджаных брытанскім урадам. Гэта цалкам незалежная арганізацыя.

Пры гэтым я веру ў тое, што людзі павінны мець выбар, які канал ім слухаць: Радыё Свабода, ВВС ці сапраўды Russia Today. Я ўпэўнены, што найлепшая процівага дэзынфармацыі — гэта аб’ектыўнае вяшчаньне, якому давяраюць людзі. І гэта тое, чым займаецца ВВС.