Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзіўна, недарэчна, нават сьмешна» — экспэрты пра шкадаваньне МУС наконт вясёлкавага сьцяга


Вясёлкавы сьцяг над амбасадай Вялікай Брытаніі ў Менску
Вясёлкавы сьцяг над амбасадай Вялікай Брытаніі ў Менску

Ці мае права Міністэрства ўнутраных спраў даваць ацэнку дзеяньням замежных амбасадаў, якія працуюць у краіне? Ці вядомыя такія прэцэдэнты ў сьвеце? Заяву МУС «Мы за сапраўднае» камэнтуюць палітоляг і выкладчык факультэту міжнародных адносін БДУ.

17 траўня, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, над амбасадай Вялікай Брытаніі ў Менску вывесілі вясёлкавы сьцяг — міжнародны сымбаль ЛГБТ-супольнасьці. 20 траўня рэакцыю на гэта нечакана выказала Міністэрства ўнутраных спраў, апублікаваўшы на сваім афіцыйным сайце заяву «Мы за сапраўднае». У заяве аднаполыя стасункі і барацьба ЛГБТ-супольнасьці за свае правы былі названыя «падробкай».

Старшы выкладчык катэдры дыпляматычнай і консульскай службы факультэту міжнародных адносін Белдзяржунівэрсытэту, былы дыплямат Міхаіл Бацян назваў зварот «Мы за сапраўднае» недарэчнасьцю з боку беларускага Міністэрства ўнутраных спраў.

«Якое дачыненьне мае МУС да замежнага дыпляматычнага прадстаўніцтва? Ва ўсім сьвеце прынята, што амбасады знаходзяцца ў кантакце зь Міністэрствам замежных спраў краіны, дзе гэтая амбасада акрэдытаваная. Вось калі б Міністэрства ўнутраных спраў выйшла на Міністэрства замежных спраў са сваімі меркаваньнямі, а МЗС неяк адрэагавала, гэта б магло мець месца. А так, паўтаруся, гэта вялікая недарэчнасьць. Сьмех дый годзе».

Палітоляг Андрэй Фёдараў сказаў Свабодзе, што камэнтар, які зьявіўся на сайце, можна расцэньваць як прыватную думку Міністэрства ўнутраных спраў.

«Натуральна, гэта ня справа МУС — даваць ацэнкі такім дзеяньням амбасады. Калі б хто з замежных дыпляматаў, да прыкладу, парушыў правілы дарожнага руху альбо зьдзейсьніў іншае правапарушэньне, міліцыя б магла ня толькі даць ацэнку, а нават і пэўныя захады ўжыць.

Але ж міліцыя не сарвала сьцяг над амбасадай, не прымусіла брытанцаў яго зьняць, а проста выказала свой пункт гледжаньня на падзею. Выглядае гэта дзіўна, недарэчна, нават сьмешна.

Я такіх прэцэдэнтаў ня ведаю. Мне здаецца, МУС падало сябе ня ў вельмі прывабным сьвятле. Але, я мяркую, дэмаршу з боку брытанскага ўраду ня будзе наконт гэтага», — кажа палітоляг Андрэй Фёдараў.

Яшчэ па тэме:

«Мы за сапраўднае, яны ня пройдуць!» МУС Беларусі назвала адносіны геяў падробкай

Амбасада Вялікай Брытаніі ня будзе рэагаваць на «гамафобную заяву» МУС

«Маралізатарства ня функцыя МУС», — старшыня БХК пра «гамафобную заяву» міністэрства

Амбасада ЗША ў Менску ўпершыню вывесіла вясёлкавы сьцяг

Гамафобны маніфэст беларускіх сілавікоў. Блог Валера Карбалевіча

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG