Ці маглі б беларускія дыпляматы падтрымаць дзень супраць гамафобіі і трансфобіі, як гэта зрабіла амбасадарка Брытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб? Такое пытаньне Радыё Свабода задало міністру замежных спраў Беларусі Ўладзімеру Макею пасьля адкрыцьця форуму «Менскі дыялёг» 23 траўня.
Адказ Уладзімера Макея можна падсумаваць так: «Трэба асьцярожна і не навязваць».
«Я лічу, што, узаемадзейнічаючы з Эўразьвязам і іншымі дзяржавамі ў сфэры правоў чалавека, мы мусім улічваць спэцыфіку, мэнталітэт той ці іншай дзяржавы і народу. Рухацца і вырашаць пытаньні заўжды трэба вельмі асьцярожна, — сказаў Уладзімер Макей. — Ёсьць шэраг рэчаў, якія абсалютна непрымальныя для нашага мэнталітэту, для нашай краіны. Гэта тычыцца ня толькі Беларусі і шэрагу іншых краінаў. Маё меркаваньне — ня трэба навязваць тыя ці іншыя рэчы, якія ўжо даўно ўстаяліся ў нейкіх краінах».
Ён дадаў, што тэматыка «традыцыйнай краіны, правоў мяншыняў» вельмі важная і «тут ня ўсё так адназначна».
Макей адмовіўся камэнтаваць крытыку Міністэрства ўнутраных спраў на адрас брытанскай амбасады, якая да Міжнароднага дня барацьбы з гамафобіяй 17 траўня вывесіла на сваім будынку вясёлкавы сьцяг. Аднак заявіў, што, выступаючы з той ці іншай заявай, «трэба думаць пра наступствы».
17 траўня, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, амбасада Вялікай Брытаніі ў Менску вывесіла вясёлкавы сьцяг — міжнародны сымбаль ЛГБТ-супольнасьці.
«Мы вывешваем вясёлкавы сьцяг, таму што сёньня адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй. Гэтым мы садзейнічаем прасоўваньню правоў ЛГБТ-супольнасьці і зьвяртаем увагу грамадзкасьці на ЛГБТ-людзей і дыскрымінацыю, зь якой яны сутыкаюцца», — сказала Свабодзе амбасадарка Вялікай Брытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб.
17 траўня вясёлкавы сьцяг у знак салідарнасьці з ЛГБТ-супольнасьцю вывесіла і амбасада ЗША ў Беларусі. Прычым, у адрозьненьне ад брытанцаў, зрабіла гэта ўпершыню.
20 траўня рэакцыю на гэта нечакана выказала Міністэрства ўнутраных спраў, апублікаваўшы на сваім афіцыйным сайце заяву «Мы за сапраўднае». У заяве аднаполыя стасункі і барацьба ЛГБТ-супольнасьці за свае правы былі названыя «падробкай». Свой зварот МУС заканчвае словамі: «Мы за сапраўднае, яны ня пройдуць!».
Міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч патлумачыў рэакцыю МУС тым, што «не рэагаваць на падобнага кшталту падзеі мы ня маем ніякага права», бо «гэта ўнутраная справа, у тым ліку нашага міністэрства».
«Я называю гэта (вывешваньне вясёлкавага сьцяга. — РС) прапагандай таго ладу жыцьця, які нам непрымальны. І гэта асноўны матыў, які падахвоціў нас празь некаторы час даць свой камэнтар адносна гэтага», — сказаў Шуневіч.
Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак у камэнтары Свабодзе расцаніў публікацыю МУС як адназначна гамафобную.
21 траўня на сайце petitions.by пачаўся збор подпісаў «За сапраўдную міліцыю для ўсіх». У пэтыцыі просяць праверыць законнасьць падобных выказваньняў, а таксама прыбраць гэты матэрыял з сайту і ўстрымацца надалей ад камэнтароў падобнага кшталту.
Беларусь апынулася на 42 месцы з 49 краінаў Эўропы па ўзроўні гамафобіі. Гэта вынікае са штогадовай справаздачы міжнароднай арганізацыі ILGA-Europe. Сярод краінаў Эўропы горш, чым у Беларусі, сытуацыя выглядае толькі ў Малдове, Сан-Марына, Расеі, Манака, Турэччыне, Армэніі і Азэрбайджане.
Яшчэ па тэме:
«Мы за сапраўднае, яны ня пройдуць!» МУС Беларусі назвала адносіны геяў падробкай
Амбасада Вялікай Брытаніі ня будзе рэагаваць на «гамафобную заяву» МУС
«Маралізатарства ня функцыя МУС», — старшыня БХК пра «гамафобную заяву» міністэрства
Амбасада ЗША ў Менску ўпершыню вывесіла вясёлкавы сьцяг
«Дзіўна, недарэчна, нават сьмешна» — экспэрты пра шкадаваньне МУС наконт вясёлкавага сьцяга
«Мяне пасадзяць? Заб’юць?» — прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасьці адрэагавалі на заяву МУС. ВІДЭА
Гамафобны маніфэст беларускіх сілавікоў. Блог Валера Карбалевіча