«Дакладна як з Бабчанкам». Беларускія праваахоўнікі таксама ня раз імітавалі забойства

Фота ©Shutterstock

Служба бясьпекі Ўкраіны заявіла, што імітацыя забойства журналіста Аркадзя Бабчанкі была патрэбная дзеля таго, каб прадухіліць сапраўдны замах і выкрыць замоўцаў іншых падобных злачынстваў ва Ўкраіне. Між тым шэраг міжнародных арганізацый, у тым ліку АБСЭ, «Рэпартэры бязь межаў», паставілі пад сумнеў маральны бок спэцапэрацыі ўкраінскіх праваахоўнікаў. А ці праводзілі падобныя апэрацыі праваахоўнікі Беларусі?

Падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў: «Была замова на зьбіцьцё, а зымітавалі нават забойства»

Мікалай Казлоў

Паводле былога супрацоўніка крымінальнай міліцыі, падпалкоўніка ў адстаўцы Мікалая Казлова, імітацыя нападу на ахвяру замовы як спосаб даказаць віну замоўцы даўно ўжываецца праваахоўнікамі ўсяго сьвету, і Беларусь таксама не выключэньне. «Гэта найлепшы спосаб выйсьці на замоўцу, на арганізатара».

Мікалай Казлоў расказаў пра выпадак, які здарыўся падчас ягонай службы.

«Нават ведаю чалавека, адносна якога праводзіліся такія мерапрыемствы, як імітацыя. Было гэта ў Менску, недзе на пачатку 2000-х гадоў. На яго замовіў жорсткае зьбіцьцё іншы чалавек, які лічыў яго сваім ворагам. Гэтым займаўся КДБ, яны зрабілі імітацыю. Прычым мала што ахвяру нібыта зьбілі, дык ён яшчэ нібыта і памёр. Калі выканаўца пра гэта распавёў, замоўца зь ім разьлічыўся, і тады яго арыштавалі. Здаецца, ён атрымаў гадоў 10, а выканаўца быў пад кантролем і застаўся на волі. Дакладна як з Аркадзем Бабчанкам. Такім чынам — нічога новага. Гэта цалкам законная апэрацыя», — кажа Мікалай Казлоў.

Паводле Мікалая Казлова, беларускае заканадаўства дазваляе прыёмы імітацыі злачынства, але патрабуе ад спэцслужбаў мець на іх дазвол з пракуратуры.

Зыходзячы з інфармацыі, якая на сёньня ёсьць пра замах на Аркадзя Бабчанку, Мікалай Казлоў мяркуе, што замова на журналіста сапраўды была.

«Варта ўлічыць яшчэ і тое, што пакуль СБУ ня можа выкласьці публіцы ўсе свае доказы. Мяркую, у сьледзтва яшчэ ёсьць козыры, і на судзе яны зьявяцца».

Алег Воўчак: «Было, замоўцу затрымалі раней, але ён ад усяго адмовіўся, і справа рассыпалася»

Алег Воўчак

Былы сьледчы Менскай гарадзкой пракуратуры, цяпер кіраўнік «Прававой дапамогі насельніцтву» Алег Воўчак пацьвердзіў, што імітаваньне злачынства, у тым ліку забойства, практыкуецца і ў Беларусі.

«Гэта найбольш эфэктыўна, калі гаворка пра збор доказаў. Памятаю, чым заканчвалася, калі такую справу не давялі да канца. Была замова, але пасьпяшаліся, замоўцу арыштавалі, а ён адмовіўся, меркаваны выканаўца таксама зьмяніў паказаньні, і справа рассыпалася. Імітацыя ўжываецца і адносна іншых відаў злачыннай дзейнасьці, прыкладам, хабарніцтва», — кажа Алег Воўчак.

Былы сьледчы адзначыў, што Аркадзь Бабчанка добраахвотна ўдзельнічаў у спэцапэрацыі.

«Справа атрымала асаблівы рэзананс з той прычыны, што Бабчанка журналіст. Але такое можа здарыцца і зь любым іншым грамадзянінам. Любога трэба абараняць», — кажа праваабаронца.

Сяргей Аніська: «Эпізод з сэрыялу пра опэра Шылава заснаваны на рэальнай спэцапэрацыі»

Былы контравыведнік Сяргей Аніська гэтак пракамэнтаваў спэцапэрацыю па імітацыі сьмерці былога расейскага журналіста Аркадзя Бабчанкі.

«Гэта нармальна праведзеная клясычная апэрацыя спэцслужбаў. Асноўная мэта была — вылічыць увесь ланцужок. Кілера, замоўцу і хто стаіць за замоўцам. Гэтай мэты дасягнулі. Што да маральнага аспэкту, дык апошняе слова было за журналістам. Ён мог адмовіцца. Але, напэўна, доказы, якія яму паказалі, яго пераканалі, што трэба давесьці справу да канца гэтак», — сказаў Сяргей Аніська.

Былы супрацоўнік беларускай контравыведкі Сяргей Аніська згадаў, што памятае падобны выпадак у гісторыі беларускага КДБ, але адмовіўся паведаміць дэталі, спаслаўшыся на сакрэтнасьць.

«Не хачу падстаўляць нашу беларускую спэцслужбу. Скажу, што амаль такі самы выпадак быў у Санкт-Пецярбургу. Там замовілі дэпутата Заканадаўчага сходу гораду, яго нібыта застрэлілі, фарбай запэцкалі, гэтак жа сфатаграфавалі, каб выцягнуць у Піцер замоўцу. Бо ў замоўцы не было асабістага кантакту з кілерам, а грошы за забойства ён зьбіраўся пералічыць праз афшор. Яго пераканалі, што патрэбныя наяўныя грошы, што пакажуць фатаздымак. Гэтак яго ўдалося выцягнуць і затрымаць. Гэта я ведаю дакладна. Потым гэтую спэцапэрацыю паклалі ў сюжэт для сэрыялу пра злачынны Пецярбург, дзе опэр Шылаў», — кажа Сяргей Аніська.

Таму, што затрыманы ў Кіеве меркаваны арганізатар забойства Барыс Герман, паводле ягоных паказаньняў, супрацоўнічаў з украінскай контравыведкай, Сяргей Аніська веры не дае.

«Гэта малаверагодна. Расцэньваю такую заяву як спробу ўцячы ад адказнасьці. Такія апэрацыі звычайна ўзгадняюцца паміж спэцслужбамі. Нельга выключаць, што ён калісьці супрацоўнічаў, потым яго маглі выключыць з агентурнага апарату, а цяпер ён трапіў у такі абарот, разумее, што яму пагражае вялікі тэрмін, вось і кажа на спэцслужбы. Мяркую, украінцы разьбяруцца».

Не давярае першым паказаньням Барыса Германа адносна свайго супрацоўніцтва з украінскай контравыведкай і Мікалай Казлоў.

«Падсьледны не нясе адказнасьці за дачу ілжывых паказаньняў, гэта ягонае права — даваць якія заўгодна тлумачэньні. Сьледзтва мусіць у гэтым разабрацца, і, спадзяюся, там хопіць для гэтага здольнасьцяў».

«Я толькі ў моргу перастаў баяцца». Бабчанка пра спэцапэрацыю свайго «забойства». ВІДЭА