Генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка заявіў, што 30 чалавек атрымаюць ахову ў сувязі з тым, што іхныя імёны былі ў сьпісе патэнцыйных ахвяраў расейскіх спэцслужбаў разам з журналістам Аркадзем Бабчанкам, піша УНІАН.
Прозьвішчы людзей са сьпісу, якія атрымаюць ахову, не агучваюцца. Раней украінскія ўлады назвалі імя затрыманага па падазрэньні ў падрыхтоўцы замаху — выканаўчаму дырэктару ўкраінска-нямецкага вытворцы зброі Барысу Герману інкрымінуюць падрыхтоўку тэракту, сам ён кажа, што працаваў на ўкраінскую контравыведку.
Увечары 29 траўня зьявіліся паведамленьні, што ў Аркадзя Бабчанку стралялі на парозе ягонай кватэры ў Кіеве. Пазьней паліцыя заявіла, што Бабчанка памёр у карэце хуткай дапамогі. 30 траўня Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла, што Бабачанка жывы, а замах на забойства быў інсцэніроўкай, каб затрымаць арганізатара. Паводле СБУ, забойства Бабчанкі замовілі расейскія спэцслужбы.
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ўжо даручыў даць ахову сям’і Бабчанкі.