Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я толькі ў моргу перастаў баяцца». Бабчанка пра спэцапэрацыю свайго «забойства». ВІДЭА


Аркадзь Бабчанка падчас інтэрвію заходнім журналістам.
Аркадзь Бабчанка падчас інтэрвію заходнім журналістам.

Расейскі журналіст Аркадзь Бабчанка, пра папярэджаньне замаху на якога кажуць спэцслужбы Ўкраіны, заяўляе, што ня ведаў усіх падрабязнасьцяў спэцыяльнай апэрацыі па выяўленьні арганізатара і выканаўцы ягонага меркаванага забойцы.

«Мы абмяркоўвалі, адпрацоўвалі, думалі, як зрабіць лепш. Але прыйшлі да такога варыянту. Варыянтаў, што гэта будзе раненьне, я не прапаноўваў. Было прапанавана правесьці інсцэніроўку забойства, зь якой я пагадзіўся. Мы (з супрацоўнікамі СБУ — РС) былі заўсёды на сувязі, яны мяне пра ўсё інфармавалі. Я ім паверыў», — сказаў Аркадзь Бабчанка на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве 31 траўня.

«Вядома ж, я баяўся. Я толькі ў моргу перастаў баяцца», — дадаў ён.

На пытаньне, чаму дагэтуль няма ніякіх доказаў аб датычнасьці расейскіх спэцслужбаў да заказу на ягонае зьнішчэньне, журналіст адказаў:

«Я ня ведаю. Пытаньне не да мяне. Гэта пытаньне да СБУ. Ідзе сьледзтва. Магчыма, яны ня хочуць разгалошваць, ня ведаю».

«Калі я пабачыў, як людзі працуюць і колькі чалавек у гэтым задзейнічана, ці можна дапусьціць вэрсію, што ўсё гэта правакацыя СБУ? Можна, вядома ж. Давайце тады паверым у вэрсію, што ў краіне, якая ваюе, апэратыўнікі, супрацоўнікі "Альфы", кіраўнік Службы бясьпекі краіны і прэзыдэнт сядзяць і кажуць — нам няма чаго рабіць, давайце, мы Бабчанку у нос сьвінячай крыві нальем і адвязем яго ў морг. Але на мой погляд, больш лягічнай выглядае вэрсія, што ёсьць так, як яно ёсьць. Я паверыў. Трэба так — добра. Патрэбна кроў — окей, трэба яшчэ нешта — добра».

Ведалі «самыя блізкія родныя»

Паводле журналіста, аб спэцапэрацыі ён паінфармаваў вельмі вузкае кола родных, каб пазьбегнуць нэгатыўных наступстваў, а ягоная жонка прыехала ў Кіеў за дзень да правядзеньня спэцапэрацыі:

«Каму трэба — я сказаў, але гэта былі самыя блізкія родныя. Я 125-ы раз хачу выбачыцца перад усіма за тое, што вам усім давялося праз гэта прайсьці. Дзякую за спачуваньні, але нельга было інакш, нельга было. Нельга было дапусьціць выцеку інфармацыі. Гэта гіганцкая праца. Зь паліцыі інфармацыя ня выйшла, з СБУ — ня выйшла, з бальніцы — ня выйшла».

На пытаньне, ці не пабойваецца ён, што ў выпадку сапраўднага забойства, гэтай інфармацыі ўжо ніхто не паверыць, Бабчанка адказаў:

«Мне абыякава, паверыце вы ці не, бо я ўжо буду памерлым. У мяне не было такой задачы, павераць у гэта ці не. Была задача застацца ў жывых і гарантаваць бясьпеку сваёй сям’і. Гэта першае, аб чым я думаў. Аб стандартах журналістыкі я ў гэты момант думаў у апошнюю чаргу. Прабачце, але я шчыра».

«Чакаць было страшна»

Паводле Бабчанкі, найбольш складаным пад час апэрацыі было чаканьне:

«Гэта як перад боем. Калі ўсё пачынаецца, страх пакідае, і ўсё пачалося. Чакаць было страшна. Страшна было быць мішэньню увесь гэты час, бо незразумела, што цябе чакае, колькі людзей задзейнічана. Усе гэта трэба было склеіць. Быць "жыўцом" — было самае складанае».

Паводле Бабчанкі, у лютым 2017 годзе інфармаваная крыніца паведаміла яму аб тым, што за яго «узяліся моцна»:

«І ўсё ажыцьцяўлялася менавіта так, як сказала гэтая крыніца. Таму я паверыў».

Аркадзь Бабчанка таксама не згадаў падрабязнасьцяў сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

«Я ня спаў амаль суткі. Сустрэліся, размаўлялі. Я ня памятаю».

«Вы можаце ставіцца да Пятра Парашэнкі, як заўгодна. Але калі абраны на справядлівых выбарах прэзыдэнт краіны, якая дала мне прытулак, якая дазволіла мне тут жыць, пасьля гэтай спэцапэрацыі, прапануе сустрэчу — адмаўляцца няветліва. Гэтая краіна дала мне магчымасьць тут жыць, і гэтая краіна правяла спэцапэрацыю па выратаваньні майго жыцьця. Я ўдзячны гэтай краіне».

Расейскі журналіст таксама паведаміў, што атрымаў від на сталае жыхарства ў Кіеве:

«Так, была размова аб дапамозе атрымаць украінскае грамадзянства была, і я не адмаўляўся, скажу шчыра».

Увечары 29 траўня зьявіліся паведамленьні, што ў Аркадзя Бабчанку стралялі на парозе ягонай кватэры ў Кіеве. Пазьней паліцыя заявіла, што Бабчанка памёр у карэце хуткай дапамогі.

30 траўня Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла, што Бабачанка жывы, а замах на забойства быў інсцэніроўкай, каб затрымаць арганізатара. Паводле СБУ, забойства Бабчанкі замовілі расейскія спэцслужбы.

Сьледзтва назвала прозьвішча меркаванага арганізатара замаху на Бабчанку

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG