Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд арыштаваў на два месяцы падазраванага ў арганізацыі замаху на Бабчанку. Той кажа, што працаваў на контравыведку


Барыс Герман у судзе
Барыс Герман у судзе

Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева арыштаваў на два месяцы Барыса Германа, падазраванага ў арганізацыі замаху на жыцьцё расейскага журналіста Аркадзя Бабчанкі.

Суд ня ўзяў да ўвагі аргумэнты ягоных адвакатаў, што сьледчыя ў справе парушылі Крымінальны працэсуальны і Крымінальны кодэкс Ўкраіны пры кваліфікацыі злачынства. Барысу Герману інкрымінуецца падрыхтоўка тэрарыстычнага акту, а не наўмыснае ці заказное забойства. Рашэньне суду можа быць абскарджана ў апэляцыйным парадку. Поўнасьцю рашэньне суду будзе абвешчана заўтра. Адвакаты Германа паведамілі журналістам, што будуць падаваць апэляцыю.

На судовым паседжаньні Герман сказаў, што сапраўды кантактаваў з прадстаўніком прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, але рабіў гэта, працуючы на контравыведку Ўкраіны.

«Наша контравыведка ня мае кантакту з СБУ, бо замест таго, каб абараняць дзяржаву, перацягваюць коўдру на сябе. Ніхто не хацеў ніякай сьмерці ніякіх журналістаў, і дзякуй Богу, што гэтая інфарацыя трапіла да нас», — заявіў на судовым паседжаньні Барыс Герман.

Прадстаўнік абвінавачаньня заявіў, што на ўчорашнім допыце Герман адмовіўся даваць паказаньні і нічога не казаў пра супрацоўніцтва з контравыведкай. Абвінаваўцы таксама дадалі, што Дэпартамэнт контравыведкі зьяўляецца структурным падразьдзяленьнем Службы бясьпекі Ўкраіны.

Барыс Герман заявіў, што інфармацыю аб падрыхтоўцы замаху на Аркадзя Бабчанку паведаміў куратару на імя Дзьмітры.

«Я супрацоўнічаю з контравыведкай Украіны ў пытаньнях выяўленьня на тэрыторыі Ўкраіны дзеяньняў Расейскай Фэдэрацыі, накіраваных на зьмену ўладу. Працую ўжо каля паўгода», — сказаў Герман.

Паводле Германа, да яго зьвярнуўся «даўні знаёмы» Вячаслаў Піваварнік, грамадзянін Украіны, які працуе ў «фондзе Пуціна і адказвае за арганізацыю беспарадкаў ва Ўкраіне».

Барыс Герман
Барыс Герман

Барыс Герман пацьвердзіў, што для замаху быў адмыслова абраны колішні ўдзельнік антытэрарыстычнай апэрацыі Аляксей Цымбалюк, вядомы сваёй патрыятычнай пазыцыяй.

«Цымбалюк быў абраны для гэтай місіі контравыведкай, бо ён вядомы па сваёй дзейнасьці ў АТА, і ён ніколі ня будзе забіваць чалавека, асабліва бяззбройнага. Калі ён абіраўся на гэтую ролю, усе цудоўна ведалі, што адразу пабяжыць у СБУ і будзе распавядаць, таму што іх на фронце ўжо гэтаму навучылі. Таму мы дакладна ведалі, што будзе інсцэніроўка, гэта ўсё было вядома. Але для таго, каб узяць інфармацыю з расейскай крыніцы, нам трэба было паказаць імітацыю працы. Пасьля гэтага мы атрымалі сьпіс з 30 чалавек, якіх яны хацелі зьнішчыць ва Ўкраіне, які я тэрмінова перадаў у контарвыведку. Гэта не агучвалася таму, што ёсьць вялікая колькасьць "кратоў"», — сказаў Герман.

Увечары 29 траўня зьявіліся паведамленьні, што ў Аркадзя Бабчанку стралялі на парозе ягонай кватэры ў Кіеве. Пазьней паліцыя заявіла, што Бабчанка памёр у карэце хуткай дапамогі.

30 траўня Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла, што Бабачанка жывы, а замах на забойства быў інсцэніроўкай, каб затрымаць арганізатара. Паводле СБУ, забойства Бабчанкі замовілі расейскія спэцслужбы.

Барыс Герман — выканаўчы дырэктар украінска-нямецкага супольнага прадпрыемства «Шмайсер», недзяржаўнага прадпрыемства па вытворчасьці зброі ва Ўкраіне. «Яно мае даўнія вытворчыя адносіны зь Міністэрствам абароны Ўкраіны, сам Барыс вядомы сваёй валянтэрскай дзейнасьцю для патрэб АТА», — напісаў адвакат Германа Яўген Саладко на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG