Намесьніка дырэктара «Гроднаэнэрга» па капітальным будаўніцтве Станіслава Скавародцава абвінавачваюць у атрыманьні буйнога хабару, а таксама ў раскрыцьці сакрэтных дакумэнтаў, датычных БелАЭС. Справу пачаў разглядаць Горадзенскі абласны суд 21 траўня.
Ключавых сьведак у судзе не дапытаюць
Справу разглядае судзьдзя Ігар Собалеў. Па ёй праходзяць 27 сьведак. Двое ключавых сьведак, Юлія Пашкоўская і спадар Рошчын (ягонае імя не называлася цягам усяго судовага паседжаньня), верагодна, ня прыйдуць у суд: першая цяпер у адпачынку па доглядзе за дзіцем, другі — у ЗША, і невядома, калі вернецца.
Пракурор: дапамагаў у тэндэрах і раскрыў дзяржаўную таямніцу
Згодна з абвінавачваньнем, чыноўнік атрымаў хабар ад пастаўшчыка электратэхнічнага абсталяваньня. Карупцыю выявілі праз супрацоўнікаў КДБ. Службовец цягам 2014–2017 гадоў дапамагаў фірме «Белтэхпрамэнэрга» перамагаць у тэндэрах па пастаўцы абсталяваньня. За хабар ён інфармаваў зацікаўленых асобаў пра тое, якое менавіта абсталяваньне патрэбнае, хто яшчэ хоча яго ім прадаць і за якія цэны. Агульная сума хабараў склала каля 14 тысяч рублёў. Таксама ён нібыта перадаў копію службовага дакумэнту асобе, якая ня мела права яго бачыць.
Хто такі Станіслаў Скавародцаў
Абвінавачаны зьявіўся на суд у белай кашулі, акуратных нагавіцах, джэмпэры, акулярах. Адказвае на пытаньні разгорнута, па-рознаму спрабуе даць суду тлумачэньні на падобныя пытаньні, стварае ўражаньне кампэтэнтнага адмыслоўца.
Станіславу Скавародцаву 47 гадоў. Мае сямʼю, паўналетнюю дачку. Скончыў політэхнічны інстытут у Менску і Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце. Пачаў працаваць у «Гроднаэнэрга» ў 2001 годзе ў якасьці начальніка службы электраабсталяваньня. Паступова прасоўваўся па карʼернай лесьвіцы. У 2012 годзе прызначаны намесьнікам дырэктара па капітальным будаўніцтве. На апошняй пасадзе адказваў за ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва і ўпраўленьне па выдачы магутнасьці з АЭС. Меў доступ да сакрэтных матэрыялаў прадпрыемства.
Летась яго затрымалі супрацоўнікі КДБ падчас апэратыўнага экспэрымэнту — падстаўной сустрэчы з Пашкоўскай, на якой тая дала яму чарговы хабар, а ён паказаў ёй той самы сакрэтны дакумэнт. Зь мінулага верасьня да суду яго трымалі пад вартай.
«Я ніколі не патрабаваў грошай»
Спачатку Скавародцаў цалкам прызнаў віну. Але пасьля выявілася, што ён пагаджаецца толькі з тым, што некалькі разоў браў хабар агульнай сумай каля 14 тысяч рублёў і што паказаў сакрэтную паперу.
Чыноўнік распавёў, што датычна гэтай справы камунікаваў зь дзьвюма асобамі: з дырэктаркай фірмы «Белтэхпрамэнэрга» Пашкоўскай і з Рошчыным з расейскай фірмы «ЗЭТО». Пра пасаду Рошчына ён нічога ня ведаў. На сайце фірмы «ЗЭТО» пазначана, што «Белтэхпрамэнэрга» — адзін зь ягоных дылераў.
З Пашкоўскай Скавародцаў пазнаёміўся падчас таргоў у «Белэнэрга», з Рошчыным — на тэматычным сэмінары ў «Белэнэрга». З абаімі завязаліся сяброўскія адносіны.
«Супрацоўніцтва не было, былі проста сяброўскія адносіны. Калі да мяне былі пытаньні, я адказваў», — патлумачыў абвінавачаны.
Рошчын нават запрашаў да сябе Скавародцава працаваць. Па словах падсуднага, у Расеі цэняць беларускіх энэргетыкаў. Скавародцаў пасьпяхова прайшоў гутаркі, але ў апошні момант перадумаў пераяжджаць. Аднак не выключаў, што можа зьмяніць працу пазьней. Каб не разрываць цалкам адносіны з патэнцыйным працадаўцам, Скавародцаў паабяцаў дапамагаць Рошчыну кансультацыямі па працы.
«У тэндэрах не дапамагаў»
Падсудны адмаўляўся, што спрыяў ім дзеля перамогі на закупах. Да таго ж ён падкрэсьліў, што «Белтэхпрамэнэрга» перамагаў далёка не заўсёды, хоць з афіцыйных дадзеных складаецца менавіта такое ўражаньне — «каб стварыць прэцэдэнт, каб паказаць мяне ў горшым выглядзе».
Адзінае — Скавародцаў раіў зьмяншаць цану, бо гэта выгадна самому «Гроднаэнэрга», і пры патрэбе ўдакладняў пэўныя тэхнічныя характарыстыкі абсталяваньня. Ён зьдзіўляўся, як іншыя кампаніі рыхтавалі заяўкі на таргі, не зьвяртаючыся да яго па гэтыя ўдакладненьні.
«Я ніколі не патрабаваў грошай. Гэта заўсёды была іх ініцыятыва. Памер вызначалі яны самі. Апошнім разам я нават сам зьменшыў суму. Мне прапаноўвалі нашмат больш», — сказаў Станіслаў Скавародцаў.
— Ці абмяркоўвалася грашовае ўзнагароджаньне за вашыя паслугі? — удакладніла пракурор.
— Не.
— За што вы атрымлівалі грошы?
— За тэхнічныя кансультацыі.
Першую тысячу даляраў ён знайшоў у стосе дакумэнтаў, якія яму перадала Пашкоўская. Яна хацела зь ім пракансультавацца па тэхнічных характарыстыках пэўнага абсталяваньня. Пасьля капэрты з грашыма перадаваліся падобным жа чынам. Аднойчы — экспрэс-дастаўкай на імя калегі.
На пытаньне, ці сустракаўся ён асабіста з Пашкоўскай, падсудны даваў розныя адказы.
З паказаньняў Скавародцава відаць, што Рошчын таксама перадаваў яму грошы.
«Першы раз калі сустракаўся з Рошчыным, дамоўленасьці не было. Яны казалі: „Ёсьць мазгі. Мы разумеем, што ім трэба аддзячыць“. Я казаў, што ня трэба нічога, я і так дапамагу».
Суд больш за гадзіну спрабаваў зразумець, якое дачыненьне Скавародцаў меў да таргоў. Аднак падсудны адмаўляўся ад удзелу ў гэтым працэсе. Ён тлумачыў, што ўсе неабходныя дадзеныя для заявак на ўдзел у таргах знаходзіліся ў адкрытым доступе. Да таго ж ён ня мог паўплываць на выбар пераможцы.
Паседжаньне перавялі ў закрыты рэжым празь дзяржаўную таямніцу
Другое абвінавачваньне Станіславу Скавародцаву прадʼяўлена паводле часткі 1 артыкулу 375 КК Беларусі «Раскрыцьцё службовай таямніцы». Яно датычыць дакумэнта па працах на электрычнай падстанцыі «ПС „Астравец — Усходняя“» (уваходзіць у сыстэму БелАЭС), якія выконвала «Гроднаэнэрга», хоць асноўныя працы там вядуць кітайцы.
Скавародцаў патлумачыў, што зрабіў копію важнага дакумэнта з грыфам «сакрэтна», каб яму было прасьцей зь ім працаваць. Ён не плянаваў паказваць гэтую паперу Пашкоўскай на апошняй сустрэчы.
«Як я аддаў ёй дакумэнт, я не магу патлумачыць... Я ёй пачаў расказваць аб праблемах на працы, сваёй стомленасьці, напружанасьці. Стаў казаць, што ня трэба ёй больш са мной камунікаваць, званіць. Чаму я паказаў дакумэнты, не магу патлумачыць. У мяне быў такі псыхафізычны стан. А яна зірнула бегла, нават не чытала. Сказала, што са мной небясьпечна, калі я валодаю такой інфармацыяй», — апавёў Скавародцаў.
Напрыканцы ён разгублена пачаў казаць пра любоў да сваёй працы:
«Я аддаваўся працы, я любіў працу. Шмат часу праводзіў у камандзіроўках, па тры на тыдзень. Уставаў а пятай раніцы, а палове на пятую», — эмацыйна казаў чыноўнік.
Калі суд перайшоў да глыбейшага разбору па другім абвінавачаньні, паседжаньні перавялі ў закрыты рэжым, бо мелася разглядацца дзяржаўная таямніца. Наступныя паседжаньні маюць быць зноў адкрытыя.
Арыштавалі калекцыю дарагіх манэтаў і банкаўскія рахункі
За хабар у буйным памеры чыноўніку пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі, за выдаваньне службовай таямніцы — тры гады пазбаўленьня волі.
Сьледчыя наклалі арышт на маёмасьць Скавародцава: нерухомасьць, банкаўскія грашовыя сродкі ў суме амаль 31 тысячы даляраў і больш за 5 тысяч рублёў, калекцыю дарагіх манэтаў і іншыя матэрыяльныя каштоўнасьці.