Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы супрацоўнік «Белмытсэрвісу» напісаў праграму для ўзлому базы дадзеных прадпрыемства


Упраўленьне Сьледчага камітэту па Менску расьсьледуе крымінальную справу аб камэрцыйным шпіянажы супраць «Белмытсэрвісу». Службовых асобаў кампаній-канкурэнтаў дзяржаўнага прадпрыемства абвінавачваюць у несанкцыяваным доступе і капіяваньні інфармацыі з базы дадзеных.

Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белмытсэрвіс» уваходзіць у склад Мытнага камітэту. Прадпрыемства ажыцьцяўляе лягістычныя паслугі, сярод іх:

  • экспэдытарскія паслугі;
  • паслугі мытнага прадстаўніка (дэкляраваньне тавараў, інфармаваньне мытных органаў аб перавозцы грузаў);
  • разьмяшчэньне на складах і складзкая апрацоўка;
  • забесьпячэньне аплаты мытных збораў і падаткаў.

Падазраваныя — тры службовыя асобы арганізацый, якія ўваходзяць у групу кампаній «Vim Union», а менавіта:

  • ТАА «МаналітПрамІнвэст»;
  • ТАА «Зьнешэўрасэрвіс»;
  • ТАА «Маналітлягістык».

Двое падазраваных знаходзяцца пад вартай.

Паводле Сьледчага камітэту, былы супрацоўнік «Белмытсэрвісу» ведаў, як працуе база дадзеных прадпрыемства, і стварыў праграмнае забесьпячэньне для яе ўзлому, займаючы пасаду спэцыяліста па бясьпецы ў «Vim Union».

Якая вэрсія ў сьледзтва?

  • Са сьнежня 2015 па студзень 2018 службовыя асобы «Vim Union» мелі несанкцыяваны доступ і капіявалі інфармацыю з базаў дадзеных «Белмытсэрвісу».
  • Такім чынам яны авалодвалі інфармацыяй пра электронныя мытныя дэклярацыі кампаній, якія займаюцца імпартам і экспартам тавараў.
  • Валодаючы камэрцыйнай таямніцай гэтых кампаніяў (аб’ём таваразвароту, рызыкі дамоўных адносінаў), прадстаўнікі «Vim Union» прапаноўвалі прадпрыемстваў больш выгодныя ўмовы супрацы, чым «Белмытсэрвіс».

«Такім чынам правам і інтарэсам РУП „Белмытсэрвіс“ была нанесена істотная шкода», — заявілі ў Сьледчым камітэце.

Дзеяньні абвінавачаных кваліфікуюць паводле артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі:

  • ч. 2 ст. 254 «Камэрцыйны шпіянаж»;
  • ч. 2 ст. 349 «Несанкцыяваны доступ да кампутэрнай інфармацыі»;
  • ст. 352 «Неправамернае авалодваньне кампутэрнай інфармацыяй»;
  • ч. 2 ст. 354 «Распрацоўка, выкарыстаньне і распаўсюд шкодных праграм».

Дадзеныя артыкулы прадугледжваюць максымальнае пакараньне ў выглядзе 5 гадоў абмежаваньня волі і 10 гадоў турмы.

Першы за 9 гадоў прысуд за камэрцыйны шпіянаж быў вынесены летась у сьнежні. 48-гадоваму жыхару Берасьця і 41-гадоваму жыхару Менску прысудзілі 2 гады абмежаваньня волі, 400 базавых велічыняў штрафу (9200 рублёў), а таксама кампэнсацыю «неабгрунтаванага» прыбытку ў 528 рублёў.

Фігуранты справы, паводле суду, далі хабар службовай асобе за зьвесткі пра тэхналёгію вытворчасьці смалы і рэцэптуры фарбы, што выкарыстоўваюцца для дарожнай разьметкі, распрацаваныя і ўжываныя СТАА «СТіМ Брэст». Зьвесткі яны зьбіраліся перадаць замоўцу з Расеі за 1 млн расейскіх рублёў (32 200 беларускіх рублёў на момант публікацыі).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG