Аляксандар Лукашэнка 3 траўня прызначыў Аляксандра Назаранку выканаўцам абавязкаў начальніка Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету.
Папярэдняга кіраўніка «лясной» Дзяржінспэкцыі Сяргея Новікава і ягонага намесьніка Аляксандра Дуньковіча Лукашэнка 2 траўня зьняў з пасады «за непрыняцьце захадаў для прадухіленьня правапарушэньняў і фактаў карупцыі ў падведамных арганізацыях».
Дзяржінспэкцыя адмовілася камэнтаваць выдаленыя фота «ляснога» міністра з паляўнічымі трафэямі
Старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Валеры Вакульчык расказаў на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» пра маштабы карупцыі, выяўленай у ведамстве, начальнікам якога быў Сяргей Новік.
«На сёньня пачалі тры крымінальныя справы, па якіх праходзяць 14 службовых асобаў Інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету і 22 браканьеры, — казаў Вакульчык. — Зразумела, што гэтыя лічбы не канчатковыя, яны, хутчэй за ўсё, будуць зьмяняцца цягам сьледзтва. Будуць дадзеныя прававыя ацэнкі і ўсім астатнім фігурантам, зробленыя жорсткія захады для навядзеньня парадку ў гэтай сфэры».
Паводле Вакульчыка, шэраг затрыманых ужо прызналі сваю віну, у тым ліку некаторыя прызнавалі, што «развозілі па адрасах здабытыя браканьерскім шляхам аб’екты жывёльнага і расьліннага сьвету».
Лукашэнка абураўся Дзяржаўнай інспэкцыяй
У сваім пасланьні народу і парлямэнту 24 красавіка Лукашэнка згадаў Дзяржаўную інспэкцыю аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пры прэзыдэнце.
Лукашэнка распавёў пра выпадак, калі «загружаюць фуру гэтай рыбай, ужо, напэўна, напалову здохлай, і вязуць у Менск і па адрасах развозяць».
«Але калі ўжо хочаце рыбы паесьці, ну скажыце. У вас, у міністраў, прамая сувязь са мной, патэлефануйце мне, і я знайду вам, як рыбу прывезьці. Не няслаўцеся. Пры тым мы ж не забараняем ні рыбалку, ні паляваньне. Ідзіце палюйце па законе, па правілах, рыбачце», — сказаў Лукашэнка.
Лукашэнка 15 лютага звольніў міністра лясной гаспадаркі Міхаіла Амельяновіча, а таксама міністра спорту, за правал у барацьбе з карупцыяй. Новаму «лясному» міністру Віталю Дрожжу, прызначанаму 5 красавіка, ён загадваў «навесьці парадак у лесе, каб за хабар лесьнікі і лясьнічыя не сплаўлялі лес», які затым нібыта «за цэнты трапляе на Захад», а таксама аднаўляць высечаныя лясы. На момант публікацыі Дрожжа адзначыўся на новай пасадзе хіба неадназначнай гісторыяй з выдаленьнем фота сваіх паляўнічых трафэяў — пра захады ж дзеля барацьбы з карупцыяй не паведамлялася.