10 траўня стала вядома, што старшыні незалежнага Беларускага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Генадзю Фядынічу і бухгальтару прафсаюзу Ігару Комліку выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК), за што пагражае абмежаваньне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасьці.
Што важна ведаць
- Прафсаюзным актывістам выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры».
- Паводле гэткага ж артыкулу (ч. 2 арт. 243 КК) у 2011 г. праваабаронцу Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванай».
- Сьледчыя апыталі ўжо больш за 550 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.
- Фядыніча і Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Фядыніча вызвалілі ў той жа дзень, а Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017.
- Што такое прафсаюз РЭП і чаму яго перасьледуюць.
Генадзь Фядыніч адказаў на пытаньні карэспандэнта Свабоды, якія тычацца гэтай крымінальнай справы.
1. Ці былі вы гатовыя сёньня да таго, што сьледзтва скончыцца і вам усё ж выставяць абвінавачаньне?
«10 месяцаў ужо цягнулася сьледзтва, і мы разумелі, што далей могуць ці прыпыніць справу, ці працягнуць, але ўсё ж не чакалі, што менавіта 8 траўня справу перададуць у пракуратуру. Адзначу, што спачатку абвінавачаньне тычылася мяне, Комліка і іншых асобаў. Але цяпер нам паведамілі, што іншых людзей яны за гэты тэрмін не знайшлі, застаёмся толькі мы. Што яны там на нас напрацавалі — паглядзім. Цягам месяца нас будуць знаёміць са справай, Ігар Комлік з адвакатам знаёміцца ўжо сёньня, я пачну заўтра».
2. Як старшыня прафсаюзу РЭП зьбіраецца даводзіць сваю невінаватасьць?
«А я не павінен нічога нікому даводзіць. Хай яны даводзяць, што мы нібыта не плацілі нейкія падаткі. На мой погляд, калі б былі з нашага боку нейкія парушэньні закону, дык навошта было цягнуць справу 10 месяцаў? Месяц-два — і перадавайце яе ў суд. Але нічога не было. Вось чаму павялічылі сьледчую групу, апыталі больш за 550 чалавек сябраў РЭП па ўсёй краіне, ціснулі на людзей. Але што ў выніку — невядома. Магчыма, спрабавалі атрымаць ад людзей паказаньні, што мы перадавалі наяўныя грошы? Але мне незразумела, як можна распытваць чалавека пра тое, чаго ён не рабіў? Толькі прымусіць яго агаварыць самога сябе.
3. Як Генадзь Фядыніч ацэньвае працу сьледчых, іх кампэтэнтнасьць?
«Цягнулі час, паралізавалі нашу працу, на загад шукалі тое, чаго няма — вось якая мая ацэнка. Глядзіце: у нас забралі на экспэртызу 27 кампутараў, у тым ліку з маёй хаты забралі кампутар сына-айцішніка. Што яны там шукалі — грошы, рахункі — мне невядома. Але ведаю, што гэта ўсё нічога не дало, там нічога не знайшлі, але і кампутары дагэтуль не вярнулі. Чаму? Вы ж паралізуеце працу прафсаюзу.
Пра ўзровень кампэтэнцыі асобная размова. Некаторыя сьледчыя проста ня ведалі, што гэта за такі прафсаюз — РЭП. Увогуле, па-мойму, там у іх зусім няма нікога, хто б разьбіраўся ў спэцыфіцы працы прафсаюзаў. Ставіліся да нас як да бізнэс-структуры, якая зарабляе грошы. Дык пра якую кампэтэнтнасьць можна казаць? Адзін са сьледчых, калі больш-менш разабраўся, прызнаўся, што не разумее, за што нас „гнобяць“. „Вы ж карысныя рэчы робіце“, — казаў».
4. За што перасьледуюць прафсаюз РЭП?
«Паводле справы, яшчэ ў 2011 годзе мы нібыта не заплацілі нейкія падаткі. Дык чаму яны да 2017 году цярпелі? То бок калі б наш прафсаюз РЭП быў бы зусім ня бачны грамадзкасьці, нас бы не чаплялі. А як мы сталі папулярныя ў краіне, як у Міжнароднай арганізацыі прафсаюзаў пра нас загаварылі, дык пачаўся перасьлед.
Мы актыўна змагаліся з дэкрэтам Лукашэнкі пра нібыта дармаедаў, змагаемся з кантрактнай сыстэмай, якая ў нас фактычна ёсьць формай нявольніцтва, шмат тлумачым, як людзям бараніць свае працоўныя правы — вось за гэта і перасьлед. На нашу думку — чыста палітычная справа. Дадам, што гэта яшчэ помста асабіста нам — мне і Ігару Комліку, нас хочуць скампрамэтаваць у вачах шараговых сябраў прафсаюзаў».
5. На якія сродкі жыве РЭП, якія заробкі ў вызваленых сябраў прафсаюзу?
«Жывём толькі са складак, якія адлічаюць людзі з заробкаў, усё паводле статуту. Дарэчы, хто ня плаціць, таго адлічаем. У нашым РЭПе на 1 студзеня гэтага году было 2,5 тысячы сябраў, за першы квартал 2018 году 120 чалавек адлічылі, 123 прынялі. Ідзе нармальны працэс: хтосьці сыходзіць, хтосьці прыходзіць. Вызваленыя сябры, хто ў нас працуе, а гэта зусім невялікі штат — усе працуюць на палову стаўкі, прыблізна зарабляюць па 250–300 рублёў. Карацей, у апараце прафсаюзу заробкі нават меншыя за палову ад сярэдняга заробку па краіне. Не шыкуем.
У краіне чамусьці вельмі цяжка знайсьці працу, калі ты раней працаваў у РЭПе. Але, лічу, прафсаюз без валянтэрства немагчымы, бо гэта ўсё ж арганізацыя актывістаў, аднадумцаў, неабыякавых людзей, гатовых ахвяраваць сваім часам і сіламі дзеля агульнай справы. Вось, прыкладам, нядаўна прынялі ў свае шэрагі перакладчыкаў ангельскай мовы, дык яны вялі тут курсы ангельскай, грошай за гэта ня бралі. Прынцып валянтэрства будзем разьвіваць і далей, у гэтым база для нашага посьпеху».
6. Акрамя зьняволеньня, Фядынічу пагражае канфіскацыя маёмасьці. Якой?
«Што ў мяне ёсьць? Аўтамабіль „Таёта“ 1998 году выпуску, трохпакаёвая кватэра ў Менску, дзе жыву зь сямʼёй, тэлевізар, лядоўня, звычайная мэбля. Лецішча няма. Бачыце, калі дойдзе да канфіскацыі, забяруць багата...»