Ярашук заўважыў праявы «добрай волі беларускіх уладаў»

Лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук

Беларускія ўлады зрабілі крокі насустрач патрабаваньням міжнародных арганізацый прафсаюзаў — пачалі дыялёг.

Кіраўнік дыпляматычнай місіі Беларусі ў Швайцарыі Павал Мацукевіч прыняў прадстаўнікоў Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў і міжнароднага аб’яднаньня прафсаюзаў прамысловых рабочых сьвету IndustriALL.

Пра гэта лідэру Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандру Ярашуку паведамілі ў штаб-кватэры Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў, якая месьціцца ў Жэнэве.

Цягам двух апошніх гадоў беларускія дыпляматы ніяк не рэагавалі на прапановы міжнародных прафсаюзных арганізацый абмяняцца думкамі аб сытуацыі ў Беларусі. Гэта заявіў журналістам на мінулым тыдні падчас знаходжаньня ў Менску намесьнік генэральнага сакратара міжнароднага аб’яднаньня прафсаюзаў прамысловых рабочых сьвету IndustriALL Кемаль Эзкан.

Кемаль Эзкан

Цяпер, паводле прафсаюзных лідэраў, спадар Мацукевіч іх уважліва выслухаў і паабяцаў рэгулярна супрацоўнічаць.

Адначасова прыйшло паведамленьне, што амбасадар Беларусі ў Бэльгіі Аляксандар Міхневіч сустрэўся з прадстаўнікамі Міжнароднай канфэдэрацыі працы, якая разьмяшчаецца ў Брусэлі.

Аляксандар Ярашук назваў гэтыя дзьве сустрэчы «добрай воляй з боку беларускіх уладаў». Аднак разам з тым ён падкрэсьліў, што незалежныя прафсаюзы Беларусі не перабольшваюць значэньня размоваў у Жэнэве і Брусэлі. «Гэта толькі пачатак», — лічыць спадар Ярашук.

Супольная міжнародная прафсаюзная місія, якая наведала Менск на мінулым тыдні, прыйшла да высновы, што «Становішча працоўных у Беларусі не паляпшаецца. Больш за тое, зь вясны 2017 году яно ўскладнілася».

Міжнародныя прафсаюзы далі беларускаму ўраду час да чэрвеня 2018 году. Менавіта ў гэты час у Жэнэве пройдзе сэсія Міжнароднай арганізацыі працы, дзе мяркуюць разгледзець беларускае пытаньне.