Прэм’ер-міністар Армэніі Сэрж Саргсьян адмовіўся весьці «перамовы» аб сваёй адстаўцы, заявіў, што патрабаваньні дэпутата Нікола Пашыньяна абмеркаваць ягоную адстаўку зьяўляюцца «шантажом дзяржавы» і пакінуў перамовы зь лідэрам пратэстаў праз тры хвіліны пасьля іх пачатку, паведамляе «Настоящее время».
Саргсьян пачаў сустрэчу з таго, што падзякаваў Пашыньяна за згоду сустрэцца пасьля «шматлікіх заклікаў да дыялёгу». У адказ Пашыньян заявіў, што адбылося непаразуменьне, і «гаворка ідзе не пра дыялёг, а гаворка ідзе выключна пра вашу адстаўку». Лідэр пратэсту дадаў, што хацеў бы абмеркаваць умовы мірнай перадачы ўлады.
Саргсьян абвінаваціў Пашыньяна ў тым, што той ня хоча весьці дыялёг, а размаўляе на мове шантажу і ультыматумаў.
«Вы не ўсьведамляеце ўзровень адказнасьці, не атрымалі ўроку з падзеяў 1 сакавiка (падзеі пасьля выбараў 2008 году, у выніку якіх у пратэстах загінулі 10 чалавек — РС). Мне застаецца вам яшчэ раз параіць, каб вы вярнуліся ў прававое поле і ў рамкі лягічных дзеяньняў. У адваротным выпадку ўся адказнасьць на вас. Выбірайце», — заявіў Саргсьян.
Саргсьян таксама заклікаў Пашыньяна не гаварыць «ад імя народу», паведамляе армянская служба «Радыё Свабода».
«Фракцыя, якая набрала 7-8%, ня мае права казаць ад імя народа, і я больш не жадаю працягваць з вамі размову. Калі Вы не прызнаеце законнае патрабаваньне дзяржавы, да пабачэньня», - заявіў прэм’ер-міністар пасьля таго, як Пашыньян заявіў, што той не ўяўляе сытуацыю ў краіне і што ў Армэніі ўлада перайшла ў рукі народа.
Пасьля сустрэчы лідэр апазыцыі заклікаў грамадзян з падвоеным размахам працягнуць акцыі пратэсту.
«Вы ўбачылі, што спадар Саргсьян страціў адэкватнасьць і дрэнна валодае сытуацыяй», — заявіў Пашыньян, намякнуўшы на сарваныя перамовы.
У Армэніі ўжо больш за тыдзень працягваюцца акцыі пратэсту. Галоўнай іх мэтай, як заяўляе апазыцыя, зьвяржэньне ўлады Сэржа Саргсьяна і Рэспубліканскай партыі, якая кіруе ў Армэніі на працягу многіх гадоў. Пратэстоўцы абвінавачваюць Саргсьяна ў тым, што ён ня выканаў свайго абяцаньня — не прэтэндаваць на пасаду прэм’ер-міністра пасьля заканчэньня свайго другога пяцігадовага тэрміну на пасадзе прэзыдэнта.
У суботу ў Армэніі былі затрыманыя каля 70 удзельнікаў акцыяў пратэсту.
Сэрж Саргсьян у суботу выступіў са зваротам, у якім заклікаў лідэра пратэстаў дэпутата Нікола Пашыньяна сесьці за стол перамоваў.
Ранейшыя дні пратэстаў адзначыліся блякаваньнем вуліцаў і ўрадавых будынкаў, сутычкамі паліцыі з пратэстоўцамі. У тыя дні былі затрыманыя ня менш за 123 чалавекі, на прынамсі 85 чалавек распачалі адміністрацыйныя справы. 17 красавіка лідэр пратэсту Нікол Пашыньян абвясьціў пра рэвалюцыю і «татальнае непадпарадкаваньне».